Многодетный отец Сергей Плиговка — надежная опора для своей дружной семьи!

Общество

“Татачка”, – бег насустрач малодшы Сяргейка і імгненна аказаўся ў абдымках не паспеўшага распрануцца бацькі. Засумаваў, даўно не бачыліся – з раніцы. І не падумайце, што іранізую. Для ўсіх членаў дружнай сям’і Сяргея Аляксандравіча і Валянціны Анатольеўны Плігавак расстанне на дзень – выпрабаванне. Ды што там дзень. Старэйшы Мацвей запэўніў, што сумуе па бацьку праз гадзіну. Пачуўшы гэта, пераканалася, што лепшай сям’і для артыкула да тыдня бацькоўскай любові не адшукаць. А яе галава, дырэктар ААТ “Агра-Селішча”, хоць не мае і трыццаці год, ужо шматдзетны тата. Прычым, тата-аўтарытэт і тата-сябра адначасова. Менавіта для такіх мужчын, якія любяць дзяцей і не менш за маці займаюцца іх выхаваннем, і было заснавана новае свята – Дзень бацькі, якое сёлета адзначаецца ўпершыню.

Выбралі гэту сям’ю невыпадкова. Бачым іх заўсёды разам: на спартландыях, спаборніцтвах па дзюдо ці футболе, дзе выступаюць Мацвей і Ягор, на любых раённых святах. Сыны ж дапоўнілі спіс сумесных мерапрыемстваў: гуляюць у скверы гарпасёлка, на выхадныя ездзяць у Лепельскі раён да бабулі, дзе ў вялікім садзе ставяць імправізаваныя вароты з цацак і ўчатырох (з маці) ганяюць мяч ці выбіраюцца з начоўкай на РЫБАЛКУ. Пра апошняе, самае любімае агульнае захапленне, хлопцы расказваюць наперабой. Нават Сяргей, якому два з паловай года, паказвае, як ён закідвае вуду. Так, таксама рыбачыць, а каб не расчараваўся, браты пад вадой арганізоўваюць яму “паклёўку” – тузаюць лёску. “Было шэсць вуд, чатыры фідары – частку зламалі, заблытаўшы ў кустах”, – дадае Ягор. Ну а фартовы рыбак Мацвей прыгадвае, што за дзень злавіў 27 карпаў, самы важкі яго здабытак – лешч у 2,5 кіло, і як дапамагаў бацьку выцягваць у чатыры разы цяжэйшага сома. Чысціць рыбу таксама не адмаўляюцца. Ну а мараць як мага хутчэй апрануць татаву амуніцыю для падводнага палявання.

Нягледзячы на невялікі ўзрост – старэйшаму дзесяць, сярэдняму – 8, хлопцы многае ўмеюць. Прычым, робяць без напамінаў. Вось і папіўшы чай, па чарзе памылі за сабой кубачкі… “Так заўсёды, – пацвердзіла маці. – І бульбу пачысцяць, а які сюрпрыз бабулі прыгатавалі два гады таму. Яна прылегла адпачыць апоўдні, а яны тым часам вычысцілі хлеў у каровы, хоць перакідваць гной было высока, і паклалі чысты подсціл”.

Валянціна Плігаўка з малодшым сынам.

“Дзеці пераймаюць уклад сваіх бацькоў. Гэта асноўнае правіла выхавання. Бачаць, што мы не сядзім, склаўшы рукі, дапамагаем маёй маці, калі прыязджаем. У кватэры ж дастаткова было прывучыць да парадку і абавязкаў Мацвея, а Ягор ужо глядзеў на брата, Сяргей у іх вучыцца. Здараецца, што караем, але яны ведаюць, што заслужылі, – расказвае пра сакрэты выхавання цудоўных сыноў Сяргей Аляксандравіч. – Я ім заўсёды падкрэсліваю, што яны братаны, павінны падтрымліваць адзін аднаго, дапамагаць”. І ўсе трое, хоць і розныя па характарах – вельмі-вельмі дружныя. Нават Сяргейка, нягледзячы на розніцу ва ўзросце, не раздражняе старэйшых. Ягорка і Мацвей ахвотна гуляюць з ім, выводзяць у двор на пляцоўку, вучаць складаць ў словы літары. Дарэчы, на халадзільніку на магнітах красавалася слова “Валя”, а на падаконніку – чарговая архідэя – свежы падарунак да Дня маці. Гаспадыня пацвярджае, што ўсе яе мужчыны – памочнікі, хоць і не скрывае, што, канечне, марылі пра дзяўчынку. Ва Ушачы яны пераехалі з радзімы Сяргея ў 2013 годзе, калі Валянціне выдзелілі сацыяльнае жыллё. Сёлета ж справілі наваселле ўжо ва ўласнай трохпакаёвай кватэры: шматдзетнай сям’і яна каштавала чацвёртую частку ад цаны. На першы ўзнос пайшоў сямейны капітал, а на застаўшуюся суму ўзялі льготны, пад 1 працэнт, крэдыт на 40 гадоў. Не ўсё яшчэ дароблена, прымалі без аддзелкі, аднак з новай мэбляй ва ўсіх пакоях, тут светла і ўтульна. Яшчэ і ад цеплыні, якая пануе ў сям’і паміж блізкімі. Трэба дапамагчы з матэматыкай – гэта да таты, з мовамі – да мамы. Увечары разам глядзяць фільм, пра жанр можна было і не пытацца, канечне, баявік. Гонкі хлопцы ўстройваюць і на бабуліным падворку, дзе іх чакае змайстраваная татам машына “Багі”. З веданнем справы прыгадалі старэйшыя і практычна ўсе віды тэхнікі ў “Агра-Селішчы”, паколькі каталіся на ёй, і не толькі з дзядзькам Дзімам. У таты ў гаспадарцы яны частыя госці як улетку, так і ў любы іншы дзень. Калі затрымліваецца, Валянціна Анатольеўна збірае вячэру і разам з дзецьмі едуць карміць бацьку. Месцы рыбалак з начоўкай таксама выбіраюць блізка да Селішча, паколькі тата ўсё роўна ўцячэ на работу. І нават малы Сярожа добра ведае, хто стаіць у хлявах гаспадаркі, вельмі любіць малых цялят, а расказваючы пра іх, пацірае свае пальчыкі – спужаўся, калі бычок пачаў смактаць іх. Вельмі складана пры такой пасадзе заставацца добрым бацькам. Нярэдкія дні, калі рана выязджае і позна вяртаецца. Аднак імкнецца штодня распытаць пра планы сыноў, пацікавіцца поспехамі. Бацькава занятасць – таксама прыклад. Іх дзень запоўнены не менш. “Верш трэба вывучыць, англійскую мову зрабіць, на трэніроўку збегаць, а паслязаўтра – на спаборніцтвы”, – расказваў бацьку Мацвей. Ён смела можа працаваць калі не яго намеснікам, то сакратаром, паколькі памятае і ведае пра бацьку ўсё. Нагадаў, што той займаўся армрэстлінгам, цяжкой атлетыкай і нават выдаў адзін сакрэт. Ёсць дзень, калі тата можа не зазірнуць у дзённік – у пятніцу, бо вяртаецца вельмі стомлены.

І калі Сяргей Аляксандравіч не прыгадаў нічога адметнага з сумесных заняткаў са сваімі бацькамі – увесь час былі заняты работай, то ў яго сыноў на гэтае пытанне загараюцца вочы: “Будзе што расказаць. Столькі класных успамінаў”, – з дарослай разважлівасцю гаворыць Ягор.

Выдатна, каб так магло сказаць кожнае дзіця.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *