В музее народной славы имени В.Е.Лобанка для молодых медиков Ушаччины организовали торжественное посвящение в профессию

Общество

Дружны калектыў Ушацкай цэнтральнай райбальніцы штогод прымае ў сваю сям’ю новыя кадры. За апошнія два да работы ў нашым раёне прыступілі трынаццаць выпускнікоў медустаноў. Для іх у музеі народнай славы імя У.Е.Лабанка днямі было наладжана ўрачыстае пасвячэнне ў прафесію.

М.Харэвіч, У.Плыткевіч, А.Міранкова з маладымі спецыялістамі.

Выходзіць на сцэнічную пляцоўку, трапляць у аб’ектыў фотакамеры галоўным віноўнікам дзейства крыху няёмка. “Нічога “гераічнага” не робім, – нібы апраўдваючыся, кажуць дзяўчаты. – Дапамагаць людзям – наш прафесійны абавязак”.

Сярод маладых спецыялістаў – два ўрачы агульнай практыкі: Крысціна Белагрыўцава і Алена Галаўнёва, а таксама ўрач-інтэрн па гэтай жа спецыяльнасці Яніна Булаева. Ужо ўвайшла ў працоўны рытм педыятр Валерыя Севярын, асвойваецца на новым месцы рэнтгенолаг Ксенія Самусёнак. З асаблівым клопатам да здароўя пацыентаў ставяцца і прадстаўніцы сярэдняга медперсаналу, а гэта фельчар выязной брыгады хуткай меддапамогі Анастасія Кладніцкая, медыцынскія сёстры Ілона Буйневіч, Юлія Мамонава, Дзіяна Паршонак, Алена Амосава, Вікторыя Калітуха, Крысціна Токарава і Лізавета Лёля.

Віталі маладое папаўненне старшыня раённага Савета дэпутатаў Наталля Мікалаеўна Марковіч і старшыня Віцебскага абласнога камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў аховы здароўя Уладзімір Цімафеевіч Плыткевіч. Яны падкрэслілі, што прафесія медработніка заўсёды была і застаецца адной з самых гуманных і высакародных, а яе прэстыж – надзвычай высокім.

“Нашы белыя халаты – гэта высокая ступень адказнасці, – звярнулася да калег галоўны ўрач райбальніцы Анжаліка Анатольеўна Міранкова. – Жадаю, каб яны не ціснулі вам на плечы, а каб скрозь іх выраслі крылы за спіной”.

Рэалізаваць жа смелыя планы, а ў выпадку неабходнасці – абараніць інтарэсы дапаможа прафсаюз. Пра гэта, уручаючы медыкам кветкі і сувеніры, казалі старшыні раённага аб’яднання і пярвічкі ЦРБ Марыя Аляксееўна Шаўчэнка і Марына Генадзьеўна Харэвіч. Годнага старту, які дазволіць памножыць здабыткі ўшацкай медыцыны, пажадала старшыня ветэранскай арганізацыі райбальніцы Людміла Міхайлаўна Шарыпенка.

Напрыканцы свята, якое ўпрыгожылі вакальныя нумары ад культработнікаў Ушаччыны і сястры-гаспадыні паліклінікі Людмілы Генадзьеўны Якубёнак, экскурсіі па музеі і мемарыяльным комплексе “Прарыў”, слова ў адказ узялі маладыя кадры. Яны падзякавалі ўсім за падораны настрой, знаёмства з краем, у якім пачалася іх працоўная біяграфія.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *