Слёт юных спасателей-пожарных

Cлужба-101

Па традыцыі ў раёне кожны год праходзіць злёт юных выратавальнікаў. Сёлета ўдзел у конкурсе прыняло толькі чатыры каманды – Ушацкай, Плінскай, Вялікадолецкай, Глыбачанскай школ, – аднак іх падрыхтаванасць была на высокім узроўні. Усе яны не навічкі злёту, растуць з кожным годам і ў прамым сэнсе змагаюцца за перамогу. У гэтым годзе як і раней спаборнічалі ў конкурсе агітбрыгад, знатакоў, страявой падрыхтоўцы, што прайшла на стадыёне, і спецыялізаванай эстафеце, якая праводзілася на базе пажарнай аварыйна-выратавальнай часці №1 г.п.Ушачы. 
Самым цікавым і відовішчным быў, бадай, конкурс агітбрыгад. Кожнае з чатырох выступленняў было па-свойму арыгінальным і запамінальным, але было падпарадкавана адной тэме – агітацыі за пажарную бяспеку і выкарыстанне агню толькі ў патрэбных мэтах. Вучні Глыбачанскай школы, напрыклад, паказалі інсцэніроўку з імправізаванымі выратавальнікам і агнём і нават тушэннем пажару, а выступленне Плінскай школы было шматпланавым – яны звярнулі ўвагу на небяспечную працу выратавальнікаў, ушанавалі памяць загінуўшых падчас тэракта ў мінскім метро і “запалілі алімпійскі агонь”.
У кожным конкурсе выявіліся мацнейшыя, а вось у агульным камандным заліку месцы размеркаваліся наступным чынам: перамогу заваявалі юныя выратавальнікі Вялікадолецкай школы, другое месца ў Глыбачанскай школы, трэцяе – у Плінскай, чацвёртае – ва Ушацкай. Пераможцы атрымалі дыпломы і падарункі.
Падчас злёту былі названы і пераможцы традыцыйнага раённага конкурсу “Выратавальнікі вачыма дзяцей”, што праводзіўся адразу па некалькіх намінацыях. Начальнік аддзела райвыканкама па справах моладзі Н.І.Гардзіёнак і інспектар дзяржпажнагляда А.І.Полазаў уручылі пераможцам памятныя падарункі.
Хочацца адзначыць і святочную атмасферу мерапрыемства, якая падтрымалася ў тым ліку і канцэртным нумарам, падрыхтаваным гурткоўцамі цэнтра пазашкольнай работы, дзе і праходзілі асноўныя этапы злёту.
В.ПОЛАЗАВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *