В выставочном зале музея народной славы работает выставка белорусского художника Александра Салтавца

Культура

Выставачная зала музея народнай славы бачыла ўжо шмат розных экспазіцый. Тая ж, што працуе зараз, незвычайная – па сваіх сюжэтах, фарбах, задуме. Яна нават і называецца – “Там, дзе жыве чараўніцтва”. Аўтар работ – беларускі мастак-жывапісец Аляксандр Салтавец. У пятніцу ён асабіста прыехаў на адкрыццё выставы.

Мастак жыве на Міншчыне і выкладае ўрокі малявання ў школе. За яго работамі ў Слуцкі раён прыязджаюць знатакі мастацтва нават з-за мяжы. Канада, Францыя, Германія, Іспанія, Украіна, Расія – краіны, дзе ў прыватных калекцыях ёсць яго карціны.

– Шчыра прызнацца, на Віцебшчыне я ўпершыню. За тое, што мне давялося пабываць у вашым прыгожым краі, вялікую ўдзячнасць хочацца выказаць грамадскаму аб’яднанню культуры і мастацтва “Вечеря” і музею народнай славы, якія ініцыіравалі выставу і дапамаглі паказаць яе ўшачанам, – расказаў мастак.

За сваю мастацка-педагагічную дзейнасць мастак атрымліваў Падзяку міністра культуры Рэспублікі Беларусь, а 10 гадоў таму быў удастоены спецыяльнай прэміі “Чалавек года Міншчыны”.

Героі сюжэтаў – людзі, характары якіх сустракаем у рэальным жыцці. У кожнай работы – свой маленькі свет. Творца расказаў, што не піша з натуры, таму ўсё, што кладзецца на палатно, – з душы. Часцей за ўсё працуе над карцінамі ноччу, нярэдка сустракае світанак. “Прагулка ў аблоках”, “Чайны гном”, “Шэпт сэрцаў”, “Начная госця” – назвы многіх карцін падказваюць пра незвычайны сюжэт. Удзельнікі выставы ў некаторых палотнах нават разглядзелі падабенства з героямі знакамітага Марка Шагала.

– Яго карціны сапраўды чароўныя і быццам вяртаюць у дзяцінства: яркія фарбы, казачныя клоуны. Не здзіўлена, што яны так спадабаліся вучням Ушацкай школы, якія паспелі ў дзень адкрыцця пабываць на выставе. З агеньчыкам у вачах яны разглядалі работы, а колькі пытанняў задалі мастаку! (на здымку) Адразу было бачна, як Аляксандр любіць і ўмее працаваць з дзецьмі, – адзначыла супрацоўнік музея С.К.Турло.

Атмасферу выставы не перадаць газетнымі радкамі, лепш самім пабачыць. Працаваць у музеі яна будзе на працягу трох тыдняў.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *