Около полусотни дипломов. Каким выдался год для Ушачского центра детей и молодёжи?

Культура Общество

Канец года – час падводзіць вынікі. Якім выдаўся ­2021-ы? Якія поспехі прынёс? Адказы на гэтыя пытанні на снежаньскім педагагічным савеце шукаў калектыў Ушацкага раённага цэнтра дзяцей і моладзі. Дарэчы, падстаў для аптымізму было нямала. Пра іх мы папрасілі расказаць дырэктара ўстановы Людмілу Васільеўну ДАВЫДАВУ:

Ансамбль “Танок”.

– У бягучым годзе педагогамі і навучэнцамі цэнтра заваявана каля паўсотні дыпломаў, прычым, 6 з іх – рэспубліканскага ўзроўню, 2 – міжнароднага. Вялікія надзеі ўскладалі на нашы вакальна-танцавальныя калектывы, таму іх перамогі асабліва парадавалі. Так, ансамбль народнай песні “Танок” пад кіраўніцтвам Таццяны Лапёнак на абласным этапе VI рэспубліканскага агляду-конкурсу “Добры дзень, свет!” заваяваў дыплом 3 ступені. Узнагародай вышэйшай “пробы” ад галоўнага ўпраўлення па адукацыі Віцебскага аблвыканкама і Віцебскай абласной арганізацыі РГА “Белая Русь” адзначаны сумесны праект “Танка” і “Капрызу” (кіраўнік – Вольга Пугачова), прадстаўлены на абласны конкурс дзіцячай творчасці “Карагод зямлі беларускай”. Дарэчы, на ім дыпломы атрымлівалі выключна “Узорныя” калектывы – ушацкія ж, якія такога звання пакуль не маюць, выглядалі не менш дастойна!

Не раз на абласным, а сёлета і на заключным этапе рэспубліканскага конкурсу “Архнавацыя” ў якасці пераможцы гучала імя нашага педагога дадатковай адукацыі Уладзіміра Жыткова. Таксама ў Мінску заўважана майстэрства Любові Прашкевіч і яе юных мастакоў, дызайнераў – у спаборніцтвах “Паштоўка.by” яны атрымалі сертыфікат Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі. На міжнародны ўзровень са сваімі юнымі выхаванцамі выйшла Ганна Бабянок – сёлета ў скарбонцы адразу два дыпломы 1 ступні на конкурсе “Радзіма ў нас адна”. Поспехам усяго калектыву лічым абсалютную перамогу ў рэспубліканскіх спаборніцтвах на лепшы відэаролік “Падарожнічай разам з намі” (дыплом рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства).

Танцавальны калектыў “Капрыз”.

Актыўна ўдзельнічаюць у творчых конкурсах па лініі нашага цэнтра і настаўнікі школ раёна. Не раз станавіліся пераможцамі ці рыхтавалі іх з ліку навучэнцаў Ніна Спірыдовіч, Алена Герцык, Таццяна Ліленка, Дзмітрый Паршонак, Уладзімір Хамёнак. А напярэдані Новага года хацелася б падзяліцца радаснай навіной, якая прыйшла да нас днямі: на абласным этапе конкурсу “Тэхнаёлка” работа настаўніка тэхнічнай працы Ушацкай школы Віталя Дзямідава і яго вучняў адзначана дыпломам 2 ступені.

У чым сакрэт поспеху нашых навучэнцаў, педагогаў? Канечне, у творчым запале, уменні бачыць прыгожае ў звычайным, жаданні падзяліцца з падрастаючым пакаленнем сваім майстэрствам, у шчырай падтрымцы адзін аднаго. Усё гэта возьмем з сабой у 2022-і – і Ушаччына, спадзяюся, яшчэ не раз прагучыць на самым высокім узроўні.

Падрыхтавала Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *