Народный артист Беларуси Игорь Оловников дал концерт в Ушачах

Культура

Нават у глыбінцы адбываюцца значныя культурныя падзеі. А менавіта да такіх варта аднесці прыезд у наш гарпасёлак аднаго з лепшых піяністаў краіны, народнага артыста Беларусі, лаўрэата дзяржаўнай прэміі Ігара Уладзіміравіча Алоўнікава. Маэстра падарыў нашым землякам цудоўны канцэрт, складзены з твораў да кінастужак і тэатральных спектакляў. Ушацкія гледачы стоячы апладзіравалі віртуозу і выклікалі яго “на біс”. А некаторыя прызнаваліся, што трапілі на канцэрт класічнай музыкі ўпершыню, але дзейства іх настолькі захапіла, што цяпер абавязкова будуць сачыць за афішамі падобных выступленняў.

Урок, які запомніцца

Не менш важным пунктам праграмы прабывання Ігара Уладзіміравіча ва Ушачах стаў майстар-клас для навучэнцаў і выкладчыкаў дзіцячай школы мастацтваў. Юныя піяністы, канечне, хваляваліся: не кожны дзень даводзіцца іграць перад прафесарам Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. Аднак высокі госць адразу надаў сустрэчы вельмі цёплую і добразычлівую атмасферу, цярпліва і мякка тлумачыў кожнаму, як лепш сыграць той ці іншы эпізод, паказваў тэхнічныя прыёмы. Безумоўна, запомніць гэты ўрок пачынаючая піяністка Аня Сляцкая, улічуць парады маэстра пры падрыхтоўцы да конкурсаў і экзаменаў Насця Пятроўская, Сафія Карповіч, Паліна Салаўёва. Карысныя для сябе нюансы ўзялі на заметку і ўшацкія выкладчыкі.

Калі арганізатары з хваляваннем запыталіся, ці хопіць яму часу на падрыхтоўку да выступлення, музыкант усміхнуўся: “Ён мне ўвогуле не патрэбны!”. І сапраўды, у яго арсенале канцэрты ў розных краінах свету, перамогі ў самых прэстыжных конкурсах, сотні таленавітых вучняў, якія працягваюць славу айчыннай фартэпіяннай школы. Разам з тым, як падкрэслівае Ігар Уладзіміравіч, прафесіянал павінен цалкам выкладвацца падчас кожнага выступлення – і няма розніцы, ладзіцца яно ў Вялікай зале Маскоўскай кансерваторыі або ў раённай школе мастацтваў.

І.Алоўнікаў з Г.Сляцкай.

Нягледзячы на ўсе рэгаліі Ігар Алоўнікаў застаецца сціплым і прыемным у зносінах чалавекам, расказвае пра ўсё шчыра і з мяккім гумарам. Так, калі размова зайшла пра наяўнасць у нашай школе новых інструментаў, ён пажартаваў, што адзін выдатны раяль дакладна бачыў перад уваходам у будынак… маючы на ўвазе адпаведную архітэктурную форму.

Аўтар трох гімнаў

Ну а нашу невялікую гутарку мы пачалі з сур’ёзнай тэмы: у Год гістарычнай памяці не маглі не прыгадаць бацьку музыканта – знакамітага беларускага кампазітара Уладзіміра Алоўнікава, чалавека, які прайшоў усю вайну, аўтара музыкі да знакамітай “Лясной песні”, радкі з якой “Ой, бярозы ды сосны, партызанскія сёстры…” ведае кожны беларус.

– Мой тата нарадзіўся ў Бабруйску, скончыў музычную школу і тэхнікум, паступіў у Беларускую дзяржаўную кансерваторыю, а апошні экзамен здаваў якраз 22 чэрвеня 41-га года. Адмовіўся ад броні, якую атрымаў як перспектыўны музыкант, і дабравольцам адправіўся на фронт. Абараняў Маскву, прайшоў, як кажуць, паў-Еўропы, а Перамогу сустрэў у Аўстрыі. Пра вайну, як і многія ветэраны, расказваць не любіў, але заўсёды вельмі шанаваў франтавое братэрства, ездзіў на сустрэчы аднапалчан, і неяк раз на адным з абеліскаў у Венгрыі ўбачыў прозвішча свайго лепшага сябра, з якім развітаўся незадоўга да канца вайны і быў упэўнены, што той застаўся жывы. На магіле стаяла дата апошняга ваеннага дня…, – расказвае Ігар Уладзіміравіч.

Прыгадаў ён і такі цікавы факт пра “Лясную песню”. На адной з ветэранскіх сустрэч былы партызан падзякаваў Уладзіміру Алоўнікаву за цудоўны твор і сцвярджаў, што народныя мcціўцы пелі яго перад сваімі паходамі. Бацьку, канечне, было прыемна, і зусім неабавязкова ўдакладняць, што напісаў ён яе разам з паэтам Адамам Русаком толькі ў 1947-м годзе.

Але не толькі гэтым творам запомніўся беларусам Уладзімір Алоўнікаў. Іншы раз яго называюць аўтарам трох гімнаў, маючы на ўвазе таксама савецкі хіт “Радзіма мая дарагая”, які ў 90-я ледзь не стаў галоўнай песняй беларускай дзяржавы: для гэтага трэба было змяніць тэкст, на што аўтары не далі згоды. Трэцім жа “гімнам” была “Песня пра Даватара”. Твор стаў дэбютным у рэпертуары знакамітага Ансамбля імя Аляксандрава, яго прыкмеціла і ўпадабала казацтва.

Канцэрт Ігара Алоўнікава ва Ушачах адбыўся ў рамках міжнароднага праекта майстроў інструментальнай музыкі “Lira-Fest”, створанага ў 2006 годзе лаўрэатам міжнародных конкурсаў, магістрам мастацтваў Трафімам Аляксандравічам Анціпавым, які зараз з’яўляецца выкладчыкам нашай ДШМ. Ідэя была ў тым, каб запрашаць сусветна вядомых музыкантаў з канцэртамі ў розныя гарады краіны. Такім чынам сваім майстэрствам дзяліліся выканаўцы на баяне, акардэоне, гуслях, цымбалах, іншых інструментах з Расіі і Беларусі, Украіны і Малдовы, Вялікабрытаніі і Польшчы. Пазней было вырашана ладзіць у рамках праекта не толькі выступленні, а і творчыя сустрэчы ў музычных навучальных установах, праводзіць дабрачынныя майстар-класы.

Нас выбірае музыка

Вядома ж, хлопчыку з сям’і музыкантаў (мама Ігара займалася вакалам) было проста наканавана выбраць творчы шлях. І ён паступіў у музычную школу пры Мінскай кансерваторыі, пасля чаго скончыў Маскоўскую імя П.І.Чайкоўскага па класе фартэпіяна і аргана.

– Не магу сказаць, што вучоба мне надта падабалася. Першы час нават выдумваў розныя хітрыкі, каб менш музіцыраваць. Напрыклад, пераводзіў дома гадзіннік крыху наперад, скарачаючы час заняткаў. Або механічна наігрываў гамы, паралельна цішком чытаючы кніжку Конан Дойля, – адкрыў у нашай размове свае падлеткавыя сакрэты Ігар Уладзіміравіч.

А мы, карыстаючыся выпадкам, папрасілі ў маэстра слушнай парады ад імя цяперашніх бацькоў, якія вымушаны “падштурхоўваць” дзяцей да заняткаў музыкай. Якія стымулы могуць у гэтым дапамагчы?

– Па-першае, ніхто не адмяняў “адміністрацыйны рэсурс” – прызначце час, які ў раскладзе дня павінен належаць заняткам, і кантралюйце дзяцей (у мяне, напрыклад, ролю “наглядчыка” выконвала бабуля). Не бачу нічога прыкрага і ў тым, каб за стараннасць заахвочваць кішэннымі грошамі. Але самы лепшы стымул – удзел у конкурсах. Ведаю гэта па ўласным прыкладзе, бо па-сапраўднаму захапіўся фартэпіяна толькі класе ў 10-м, калі мы з педагогам Ірынай Цвятаевай пачалі развучваць рапсодыю Ліста №12 да прэстыжнага міжнароднага конкурсу.

А ўвогуле маэстра лічыць, што не мы выбіраем музыку, а яна знаходзіць нас. Рана ці позна юны выканаўца адчуе прыцягненне творчасці. І толькі калі яно сапраўды моцнае і ўсеабдымнае – варта несці на гэты алтар сваё жыццё.

Ігар Алоўнікаў пра зроблены выбар не пашкадаваў і дасягнуў у сваёй справе неверагодных вышынь. І недарэмна Прэзідэнт нашай краіны ў персанальным віншаванні да 65-годдзя музыканта назваў яго дзейнасць “культурным набыткам Беларусі”.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *