Символ 2023 года — черный водяной кролик

Общество

На пачатак года ў падсобнай гаспадарцы ўшачан было 690 трусоў. Насамрэч жа намнога болей, паколькі і дэкаратыўныя іх супляменнікі набылі вялікую папулярнасць, хоць і не падлягаюць уліку.

Што Ваня гуляў з Лоры, бацькі часцей за ўсё пазнаюць па драпінах на руках. “Хоць ты ёй манікюр рабі, дык зноў жа не ўседзіць, – кажуць Ірына і Сяргей Мошкіны, паглядаючы на любіміцу сына. – Капцюры пастрыгаем, аднак гэта не надта дапамагае. Дзярэцца ж яна не спецыяльна, проста гуляе, ды і імкнецца скочыць з рук”.

Пакуль размаўлялі пра звычкі трускі, яна спакойна паядала ў клетцы апетытнае зялёнае сена. Старэйшая дачка купляла яго, калі трымала звярка ў Мінску, у прыватным жа доме ва Ушачах ёсць дзе накасіць траву, якую шасцікласнік Іван сушыць без прымусу. “У рацыёне труса каля 80 працэнтаў займае сена, – з веданнем справы расказвае хлопчык. – Таксама яна любіць камбікорм, зярняты, моркву, а зусім нядаўна прыкмецілі, што і кукурузныя палачкі, праўда, салодкага ёй многа нельга”.

Ваню не цярпелася ўзяць на рукі прыгожага чорненькага звярка. Хоць у доме ёсць каты, а таксама экзатычная яшчарка, Лоры застаецца любіміцай. І зразумела чаму. У яе такое прыгожае велюравае футра, што нават яркія мяккія цацкі блякнуць побач. Кароткая, бліскучая поўсць адрозніваецца ад той, што маюць звычайныя трусы. Ды і памер паўтарагадовай Лоры таксама меншы.

“Ёй гадоў 20 па чалавечым узросце, – тлумачыць падкаваны хлопчык. – Хатняя, пераважна ў клетцы сядзіць, хаця інстынкты засталіся: калі бяру ў ложак, любіць майстраваць норку з бялізны і падушак, у клетцы ўсё перавярнуць і па газоне паскакаць – мы часта выпускаем яе, аднак не ўцякае. Гэта ж так здорава, у нашым доме талісман надыходзячага года!”. З-за гэтага супадзення ён не стаў любіць звярка больш – няма куды. Сваю Лору, Ларэту ён проста абажае, вось і ласкавых мянушак у трускі шмат. А на пытанне: “Што б загадаў, каб спраўдзілася”, імгненна адказаў: “Каб Лоры не хварэла”. Убачыўшы ж здзіўлены бацькаў погляд, дадаў: “Каб ніхто не хварэў”. Ну а ў дарослых членаў сям’і Мошкіных больш глабальныя мары – аб міры ва ўсім свеце. Няхай жа чорны трус паспрыяе спаўненню ўсіх нашых жаданняў – вялікіх і маленькіх.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *