В Ушачах прошло торжественное мероприятие, посвященное Дню Государственного Флага, Государственного Герба и Государственного Гимна Республики Беларусь.

Общество

Ёсць у апошнім вясеннім месяцы свята, у палітры якога пераважаюць чырвона-зялёныя колеры. Менавіта ў гэтыя фарбы апранулася цэнтральная плошча Ушач падчас урачыстасці з нагоды Дня Дзяржаўнага сцяга, Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь.

“Наш народ стагоддзямі ішоў да незалежнасці, абараняючы сябе і родную зямлю ад заняволення. І гэты шлях адлюстраваны ў галоўных сімвалах Рэспублікі Беларусь, якія ўвабралі ў сябе нашы самыя важныя каштоўнасці і ідэалы. Патрыятызм кожнага чалавека непарыўна звязаны з беражлівымі адносінамі да дзяржаўных сімвалаў сваёй краіны”, – падкрэсліў на ўрачыстасці старшыня райвыканкама Сяргей Сяргеевіч Садоўскі.

Каманда БРСМ: І.Чумакоў, П.Аўдочанка, М.Харак.

Гукі гімна суправаджаюць усе значныя грамадскія падзеі, але ў гэты дзень яны ліліся над плошчай з асаблівай узнёсласцю. Словы ж пра тое, што беларусы ­– мірныя людзі, у цяперашні час надзвычай актуальныя. І хочацца, каб змагаліся ўсе толькі на спартыўных пляцоўках. Так, як рабілі гэта ў час святочнай лёгкаатлетычнай эстафеты каманды ўшацкіх працоўных калектываў. “Юность города берёт” – пелася ў адным з савецкіх шлягераў. А тройка старшакласнікаў з БРСМ даказала, што бярэ юнацтва і спартыўныя вяршыні: на двух першых этапах яны ішлі ў лідарах, і толькі на апошнім саступілі першынство аб’яднанай камандзе аддзялення па ахове аб’ектаў і райкама БРСМ, у складзе якой беглі Юлія Белавусава, Вячаслаў Сакалоў і Віталь Жогаль. Паколькі школьнікі выступалі па-за агульным залікам, “срэбра” дасталася камандзе настаўнікаў Ушацкай СШ, якая фінішавала наступнай. Усяго на секунду адстала ад яе лясгасаўскае трыа і прымерыла “бронзу”. Ніводнай буйной спартыўнай падзеі не прамінаюць дружныя каманды камунгаса, райбальніцы, філіяла аблспажыўтаварыства, аддзела па адукацыі, Ільюшынскай школы, цэнтра па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый. “Звычайна на спартыўных арэнах дзяржаўныя сцягі ўзнімаюцца ў гонар пераможцаў, і ў гэты момант нават у мужных загартаваных атлетаў на вачах блішчаць слёзы. Канечне, нашы старты аматарскія, але нешта падобнае адчуваем сёння і мы”, – выказала агульныя ўражанні Юлія Белавусава.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *