Возраст от 8 до 70 лет. Организации и жители района проверили свою физическую форму на «Ушачской лыжне-2023»

Cпорт

“Глядзіце, зусім яшчэ крошка, а як упэўнена бегае каньковым стылем!” “Дык яна ж далецкая, там дзеці на лыжы становяцца раней, чым пачынаюць хадзіць!” – па-добраму жартавалі ўдзельнікі спартыўнага свята “Ушацкая лыжня-2023”, назіраючы за размінкай маленькай Насці Сініцы. А побач цёпла віталіся прадстаўнікі самай узроставай мужчынскай групы “каму за 60” Мікалай Фядосенка, Аляксандр Пасканенкаў і Леанід Севярын – былы кіраўнік спартыўнай сферы раёна прыехаў ва Ушачы пагасціць і не ўпусціў магчымасці праверыць сваю фізічную форму. І ўсё гэта якраз адлюстроўвала галоўную сутнасць спартыўнага свята, дзе на лыжню адначасова могуць выйсці малышы і ветэраны, мастытыя гоншчыкі і дэбютанты, прадстаўнікі каманднага і індывідуальнага залікаў.

На старце Ю.Дунік з каманды “Лясных азёр”.

У апошнім выступалі дзеці і падлеткі – вучні з Ушацкай, Арэхаўскай, Глыбачанскай і, канечне, Вялікадолецкай школ. Апошнія традыцыйна сабралі амаль усе ўзнагароды – адзін толькі Ваня Хвошч з Арэхаўна змог умяшацца ў гэтую гегемонію і здабыць “бронзу” ў забегу 10-13-гадовых хлопчыкаў. З “золатам” паехалі дамоў вялікадальчане Ліля Рэут, Маргарыта Стрыжонак, Дзіма Пугач, Яна, Мацвей і Раман Лабэцкія, са “срэбрам” – Насця Сініца, Ксюша Бука, Жэня Сямяхіна, Кірыл Пугач, Антон Рэут і Ілья Падворны, з “бронзай” – Даша Рэут, Аня Клачок, Аліна Папова, Мікіта Бугаёў і Мікіта Белякоў.

Старт забега дзяўчат 20-29 год.

Што датычыцца каманднага заліку, то ў суботу памерыцца сіламі на трасе вырашылі восем зборных арганізацый раёна. Для ўдзелу трэба было выставіць па два мужчыны і дзве жанчыны. Тыя ж, хто разлічваў на прызавыя месцы, уключалі ў каманду не толькі самых хуткіх лыжнікаў, а і ўлічвалі стратэгічныя моманты кшталту таго, што ў больш узроставых катэгорыях з-за меншай колькасці канкурэнтаў прасцей здабыць прызы. Менавіта на гэта зрабіла стаўку зборная РАНС і ТЦСАН, даверыўшы адну з жаночых вакансій Святлане Папко, якая заявілася ў групу 50+. “У сацыяльнай службе працую зусім нядаўна, таму, канечне, адмовіцца не магла: трэба ж заваёўваць аўтарытэт!” – жартавала яна перад стартам. Зрэшты, такую ж “хітрасць” задумалі Ушацкая школа і УП ЖКГ, выставіўшы ва ўзроставую групу вопытных лыжніц Людмілу Бабаедаву і Вольгу Жданаву. У выніку менавіта каманда настаўнікаў паклала ў сваю скарбонку “золата”, выратавальнікі і сацработнікі разжыліся “срэбрам”, камунгасаўцы – “бронзай”. Згуляла “ўзроставая карта” школы і ў мужчынскай гонцы: педагог Уладзімір Качко не так даўно перасягнуў парог намінацыі 60+ і змог апярэдзіць усіх канкурэнтаў, “срэбра” атрымаў А.Пасканенкаў, “бронзе” радаваўся Л.Севярын. “Лыжы ўваходзяць у тройку маіх любімых відаў, саступаючы толькі валейболу, які па-за канкурэнцыяй, і футболу”, – прызнаўся нам пасля фінішу пераможца. У мужчын 50-59 год “золата” і “бронзу” здабылі камунгасаўцы Павел Пашкоў і Уладзімір Аўдошка, другім стаў Уладзімір Сільванёнак з “Лясных азёр”.

На лыжні – самыя маленькія.

У забегах лыжніц 40-49-гадовага ўзросту не было роўных яшчэ адной прадстаўніцы Ушацкай школы Маргарыце Далжонак. На п’едэстал тут таксама ўзняліся Марыя Валенцік з каманды санаторыя і лыжніца з ЦРБ Марыя Аўласенка. На жаль, дружная зборная райбальніцы не здолела выставіць поўную каманду, але тры яе ўдзельнікі выступалі ў асабістым заліку. У мужчын гэтага ўзросту не аказалася роўных выратавальніку Алегу Крыскевічу, другое месца ў Віталя Клімашэўскага з райвыканкама.

Фаварытам гонкі ў жанчын 30-39 год лічылася неаднаразовая пераможца “Ушацкай лыжні” Ірына Шчукіна, якая і пацвердзіла статус, парадаваўшы калег са зборнай райвыканкама. Дастойную канкурэнцыю ёй склалі прадстаўніца сацслужбы Ілона Рудзёнак і Кацярына Глебка з УП ЖКГ – “срэбра” і “бронза” адпаведна. Першае “золата” для лясгаса здабыў у гэтай групе Дзяніс Шастакоў, на другім і трэцім месцы – Віктар Праннік з каманды УП ЖКГ і глыбачанец Арцём Церашкавец, які выступаў за зборную аддзела па адукацыі.

М.Фядосенка, А.Пасканенкаў.
Л.Севярын.

Самыя працяглыя дыстанцыі чакалі ў гэты дзень маладых лыжнікаў: у дзяўчат 20-29 год першынствавала работнік Цэнтра па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый Насця Шунто. “Дык я ж таксама далецкая! – з усмешкай патлумачыла яна “вытокі” свайго поспеху. – На “Снежнага снайпера”, праўда, не ездзіла, але ўрокі фізкультуры не прапускала!” Другім месцам адзначылася педагог Глыбачанскай школы Вікторыя Евянкова з каманды аддзела па адукацыі. Хоць і выкладае дзяўчына ў малодшых класах, аднак, мяркуючы па спартыўных кандыцыях, лёгка магла б стаць і настаўнікам фізкультуры. Другую “бронзу” запар за лыжную гонку паклала ў сваю скарбонку медсястра ЦРБ Юлія Мамонава – тыдзень таму разам з Рыгорам Жаваранкам яны сталі трэцімі ў эстафеце на Дні снегу. Дарэчы, і яе напарнік на “Ушацкай лыжні” не застаўся без узнагароды – саступіў толькі прызнанаму лыжніку Міхаілу Ярмошу з РАНС. “Бронза” – у Андрэя Жаваранка з Ушацкай школы.

Аж да моманту ўзнагароджання трымалася інтрыга, хто ж стаў лепшым у камандным першынстве. Вырвалі перамогу ўшацкія настаўнікі, усяго на адзін бал апярэдзіўшы зборную сацработнікаў і выратавальнікаў. У сваю чаргу, райвыканкамаўцы на той жа бал пераўзышлі каманду ЖКГ у барацьбе за “бронзу”. Пяцёрку лепшых замкнула чацвёрка лясгаса.

Каманда пераможцаў.

Хоць і не здолелі дацягнуцца да каманднага п’едэстала, аднак былі цалкам задаволены тым, што правялі суботні дзень на лыжні, работнікі “Лясных азёр”. “Спачатку вагаўся, хацеў саступіць месца ў камандзе маладым. Але такі зарад бадзёрасці атрымаў!” – прызнаўся нам інструктар па фізічнай культуры У.Сільванёнак. Упершыню ўдзельнічалі ў спаборніцтвах маркетолаг Юлія Дунік і масажыст Яўген Кароль і таксама не хавалі ўзнёслых эмоцый: “У наступны раз прыедзем больш падрыхтаванымі і дадзім бой фаварытам!”.

Раённая арганізацыя Беларускага прафсаюза работнікаў дзяржаўных і іншых устаноў зацвердзіла спецыяльны прыз за волю да перамогі, уладальнікам якога стаў Павел Пашкоў.

Дарэчы, надвор’е ў суботу было не надта спрыяльным, але пранізлівы вецер і мокры снег не астудзілі спартыўнага пылу ўшачан, а сяброўская атмасфера, якая панавала ў стане лыжнікаў і балельшчыкаў, увогуле зрабіла цёплым гэты зімовы дзень.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



1 комментарий по теме “Возраст от 8 до 70 лет. Организации и жители района проверили свою физическую форму на «Ушачской лыжне-2023»

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *