В ФОК «Юность-Ушачи» прошел четвертьфинал чемпионата Беларуси среди гандбольных команд «Витебчанка» и «Городничанка»

Cпорт

Захапляльнае спартыўнае відовішча падарылі ў сераду ўшацкім гледачам гандбалісткі “Віцябчанкі” і “Гараднічанкі”, якія правялі на пляцоўцы “Юнацтва-Ушачы” матч чэмпіянату краіны. Будынку ў Лужасна, дзе віцебскі клуб звычайна прымае сапернікаў, спатрэбіўся рамонт, таму плячо камандзе зноў падставіў ушацкі комплекс.

Ушацкія балельшчыкі з зоркай беларускага гандбола А.Грахоўскай.

“Віцябчанка” ў сёлетнім чэмпіянаце краіны выглядае сціпла: у 24 гульнях першага этапа здабыла толькі 4 перамогі і 1 нічыю, таму ў паядынку фаварытам лічылася “Гараднічанка”. Шансы на дастойны вынік у нашых зямлячак сталі яшчэ меншымі, калі на першых хвілінах адна з ключавых гандбалістак атрымала траўму. Аднак гарачая падтрымка ўшацкіх трыбун літаральна акрыліла прыдзвінскіх дзяўчат, і яны правялі адну з лепшых гульняў сезона.

Барацьба была вельмі ўпартай: за тры хвіліны да заканчэння на табло гарэлі роўныя лічбы, але ў канцоўцы госці вырвалі перамогу з лікам 30:28. Зрэшты, пасля фінальнага свістка настрой у віцябчанак быў прыўзняты: яны ахвотна фатаграфаваліся з юнымі балельшчыкамі, раздавалі аўтографы.

“Шчыра прызнацца, для дзяўчат падобная атмасфера зусім нязвыклая: на віцебскія матчы ходзіць няшмат людзей, а тут яны трапілі пад такую ўвагу! Вялікі дзякуй усім, хто быў на трыбунах, адміністрацыі, якая знайшла магчымасць нас размясціць, стварыць належныя ўмовы”, – зазначыў галоўны трэнер каманды Аляксандр Сыцько. “Вось бы правесці ва Ушачах і астатнія гульні, а яшчэ хацелі б, каб нам тут арганізавалі зборы!” – дзяліліся з намі ігракі Віка Герасімчык, Саша Лазарэвіч і Насця Грахоўская. Апошняя, дарэчы, пацвердзіла свой статус лепшага бамбардзіра чэмпіянату, забіўшы ў матчы 9 галоў. Ну а меркаванні ўшацкіх балельшчыкаў выказаў Уладзімір Ільіч Мамаеў: “Выдатна правёў час! Чакаем наступных матчаў!”

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *