На площадке зоны отдыха на озере Вечелье прошли соревнования по пляжному волейболу среди детей и подростков, посвящённые Дню народного единства

Cпорт

Маючае адбыцца ў верасні самае маладое свята нашай краіны ўжо сфарміравала свае традыцыі, у ліку якіх – прымяркоўваць да яго розныя масавыя мерапрыемствы. Агульнавядома, што спорт згуртоўвае людзей, і менавіта Дню народнага адзінства быў прысвечаны афіцыйны дэбют на Ушаччыне новага віду, які, між іншым, уваходзіць у алімпійскую праграму.

На пляцоўцы зоны адпачынку ля возера Вечалле прайшоў турнір сярод дзяцей і падлеткаў па пляжным валейболе. У спаборніцтвах, арганізаваных раённым фізкультурна-спартыўным клубам, бралі ўдзел дваровыя каманды райцэнтра. Трэба сказаць, што гэты від з-за сваёй відовішчнасці і даступнасці надзвычай папулярны ў свеце – ім займаецца каля мільярда чалавек! Сабраць каманду “пляжнікаў” вельмі проста, бо складаецца яна ўсяго з двух ігракоў. “Вядома ж, перспектывы віду ў нашым клімаце досыць абмежаваныя, аднак ён мае ўсе падставы прапісацца ў раённым календары. А яшчэ хочацца адзначыць, што такім чынам любімы ўшачанамі пляж пашырыў свае функцыі ў якасці спартыўнага аб’екта”, – падзяліўся меркаваннямі дырэктар РФСК і галоўны суддзя спаборніцтваў Андрэй Жыткоў.

Што датычыцца вынікаў турніру, то перамогу ў ім атрымаў дуэт Паўла Аўдочанка і Уладзіслава Тарашкевіча, дыплом і кубак за другое месца дастаўся камандзе ў складзе Аляксея Хадана і Паліны Жалейка, “бронза” – у Паўла Федарэнкі і Івана Чумакова. Такім чынам, турнір стаў выдатным спартыўным акордам у завяршэнні сёлетняга пляжнага
сезону.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *