В Ушачах почтили память воинов-интернационалистов

Общество

Адно з самых шчымлівых мерапрыемстваў у календары раённых падзей – Дзень памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў. Падчас узгадвання фактаў пра вайну, якая доўжылася 10 гадоў, у многіх прысутных у сераду на мітынгу каля памятнага знака сціскалася сэрца і наварочваліся слёзы. А ўшачане, якія выпадкова праходзілі міма ў гэтую хвіліну, спыняліся, адклаўшы свае справы.

Нічога не плануюць кожны год на 15 лютага ўшацкія афганцы. Сёлета яны зноў сабраліся ўнушальнай камандай. Ніколі не прапускаюць мерапрыемства Васіль Полазаў, Міхаіл Данілёнак, Аляксандр Аўдошка, Алег Рагавешка, Аляксандр Пугач і многія іншыя. Летась з-за перанесенай аперацыі браў перапынак Анатоль Рудкоўскі, а сёлета, хоць і цяжкавата перамяшчацца, усё роўна быў у страі. Слова ад імя афганскай суполкі трымаў яе лідар Уладзімір Андрыковіч. Ужо другі год ён дастойна спраўляецца з даручанымі абавязкамі. Са словамі павагі за выкананы інтэрнацыянальны абавязак да воінаў-афганцаў звярнулася старшыня раённага Савета дэпутатаў Наталля Мікалаеўна Марковіч. Яна прыгадала, што гэта вайна была адной з самых доўгіх і пакутлівых, у далёкай краіне ваявала больш ста ўшачан, трое з іх не вярнуліся дамоў. “Крыніца нашых каштоўнасцяў – гістарычная памяць”, – зазначыла старшыня райсавета і падкрэсліла, што мы павінны захаваць яе для нашчадкаў, не даць моладзі трапіць пад уплыў тых, хто скажае гісторыю.

Пасля таго як да памятнага знака ляглі вянкі і чырвоныя гваздзікі, мерапрыемства прадоўжылася ў музеі народнай славы. “Баліць у душы Афганістан” – такой была тэма ўрока памяці. А папярэднічала яму выстава ў фае ўстановы, якая выклікала непадробны інтарэс у прысутных. “Вось гэта мы ля БТРа, калі адкрываўся памятны знак, а гэта – мінулагодняе фота”, – разглядалі здымкі воіны-афганцы і жыва абмяркоўвалі, дзе і калі яны былі зроблены.

З цікавасцю слухалі аповед навуковага супрацоўніка музея С.К.Турло вучні Ушацкай школы, углядаліся ў баявыя ўзнагароды, лісты, якія афганцы ў час службы пісалі родным.

“Вайна забрала тысячы салдат, пакалечыла людзей, лёсы, душы. Шчасце, што зараз над намі мірнае неба, няхай тое, што мы перажылі, не паўторыцца. Не будзьце жорсткімі і рабіце больш добрых спраў”, – падкрэсліў, выступаючы на ўроку, Васіль Бяльковіч. Яго думкі прадоўжыў і Анатоль Рудкоўскі.

Захоўваюць звесткі пра вайну і афганскія песні: адну з іх, прысвечаную дэсантнікам, шчымліва выканаў культработнік Аляксандр Грыневіч.

Як і кожны год, воіны-афганцы размеркавалі паміж сабой жалобныя маршруты, пракладзеныя па месцах пахавання сваіх сяброў. Наведалі магілы загінуўшых падчас баявых дзеянняў Міхаіла Хрыпача, Аляксандра Клачка і Мікалая Ключонка, усклалі кветкі да помнікаў хлопцам, што пайшлі з жыцця пасля вяртання на
радзіму.

“Былі ў нас і станоўчыя моманты, якімі запомніўся Афганістан. Гэта сапраўднае і моцнае сяброўства, у сучасным грамадстве яно сустракаецца радзей. Маёй сям’і было няпроста: спачатку на службу пайшоў я, а пасля маці адпраўляла яшчэ і брата, – на шляху да могілак таварышаў прыгадваў У.Андрыковіч, а паклаўшы кветкі да кожнай з пліт, старанна выводзіў у блакноце запісы. – Хачу сабраць больш інфармацыі пра тых, каго ўжо з намі няма, і падрыхтаваць спецыяльнае выданне пра ўшацкіх інтэрнацыяналістаў”. Кожны год у Мажуйках заязджаюць афганцы не толькі на магілу таварыша, а і да яго маці Ганны Тарасаўны. І хоць за гадзіну да гэтага яе з падарункамі ўжо паспелі наведаць прадстаўнікі ўлады і грамадскіх арганізацый, не маглі праехаць міма, тым больш што жанчына нядаўна адзначыла 85-гадовы юбілей. “Яна ж нас чакае… Мы яе не толькі 15 лютага праведваем. Збяромся утрох, учатырох і хоць на колькі зазірнём, а для яе гэта вялікая радасць. Як сыноў сустракае, такіх смачных агуркоў як у Тарасаўны нідзе не спрабавалі!” – прызналіся мужчыны.

Традыцыі аб’язджаць 15 лютага могілкі памерлых сяброў ужо больш 15 гадоў. Прыпынкаў на гэтым жалобным маршруце год ад году ўсё больш. Час няўмольны, але недапушчальна, каб сышлі ў нябыт імёны і подзвігі герояў той вайны.

34 гады прайшло з часу, як апошні воін-інтэрнацыяналіст вярнуўся з чужой непрыветлівай краіны, але і дагэтуль баліць у іх душы Афганістан. Нашы хлопцы трапілі туды не па сваёй волі, але ваявалі бясстрашна і мужна, паказалі сапраўдны прыклад вернасці ваеннай прысязе. Хочацца, каб у наступных пакаленняў беларускіх вайскоўцаў такіх выпрабаванняў не было.

Вольга КАМАРКОВА.

Па асобным маршруце накіраваліся ў гэты дзень прадстаўніцы раённых арганізацый Беларускага саюза жанчын і РГА “Белая Русь” А.А.Міранкова і М.П.Антуновіч. Галоўнай жа кропкай у ім стаў дом Г.Т.Ключонак, на сённяшні дзень ужо адзінай жыхаркі Ушаччыны, якая страціла на вайне ў Афганістане сына. Цёплым словам ад Анжалікі Анатольеўны – не толькі старшыні раённай суполкі БСЖ, але і намесніка старшыні райвыканкама – гаспадыня шчыра парадавалася. Калі ж атрымала ад абодвух грамадскіх аб’яднанняў пакеты з падарункамі, ледзь слёзы стрымала: “Хоць і засталася ў доме адна, 15 лютага ніколі не сумую, – прызналася Ганна Тарасаўна. – Зараз яшчэ хлопчыкі на магілу да майго Колі заедуць і таксама будуць тут, пагутарым… Вы быццам вестачкі ад сына прыносіце”.

Сустракала шаноўных гасцей у родных Рыбаках і Марыя Станіславаўна Сідаровіч (на здымку ў цэнтры), якая страціла сына-вайскоўца ў мірны час. “Боль ад перажытага цяжка сцішыць, – казала жанчына, – але такая ўвага з боку раённых улад, безумоўна, падтрымлівае”.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *