В Ушачах отметили районный праздник «Широкая масленица»

Общество

Няма, пэўна, такога чалавека, які мог бы застацца раўнадушным да традыцый масленічнага тыдня – бліноў, гулянняў, пасядзелак. Пацвердзіла гэты факт і раённае свята “Шырокая масленіца”. У суботу на плошчы гарпасёлка было весела, мнагалюдна і смачна.

Пачастункаў дакладна хапіла ўсім, хто завітаў на свята. Традыцыйна пра гэта паклапаціліся гаспадыні народнага клуба “Прысмакі” з усіх устаноў культуры раёна. Аладкі, бліны з тварагом, сырам, грыбамі, каўбасой, варэннем – усе віды начынкі нават і не пералічыць. А вось прадстаўнікі працоўных калектываў стараліся, каб было не толькі смачна, а і арыгінальна. Так, сёлета ўпершыню да свята быў аб’яўлены конкурс на лепшы масленічны блін. Аб сваім жаданні паўдзельнічаць загадзя заявілі 9 калектываў, якія прадставілі нават па некалькі відаў названай стравы. Выбраць жа самыя лепшыя бліны было прапанавана ўшачанам падчас дэгустацыі. “Гэта складаная задача! Яны не толькі на смак удалыя, а і прыгожыя – у форме лялек, мяшочкаў, рулетаў. Усе малайцы і ўсім хочацца аддаць свой голас, – разважалі ўдзельнікі
свята.

“Нам яўна няма канкурэнтаў у намінацыі “Самы вялікі блін”, а спяклі яго ў рэстаране, на звычайнай кухні такі не атрымаецца”, – казалі прадстаўнікі Ушацкага філіяла аблспажыўтаварыства і сапраўды былі адзначаны ў прыгаданай намінацыі. “Чаравалі над блінамі цэлы вечар напярэдадні, хацелі здзівіць арыгінальнасцю: зрабілі бліны-ролы і ажурныя. Нашы талеркі хутка апусцелі, а значыць землякам спадабалася. Гатовы падзяліцца рэцэптам!” – казалі лясгасаўскія гаспадыні, узяўшы прыз у намінацыі “Самы салодкі блін”. Кулінары Ушацкай школы эксперыментавалі з начынкамі, за што атрымалі дыплом у адпаведнай катэгорыі.

Самым тонкім бліном змаглі пахваліцца прадстаўніцы ТЦСАН, самы вялік стос аказаўся ў райбальніцы. Самы тоўсты блін выпек калектыў дзіцячага сада №2, а іх калегі з трэцяга – самы ажурны, сад №1 вылучыўся арыгінальным афармленнем. А вось лаўры абсалютнага пераможцы конкурсу дасталіся кулінарам з чацвёртага садка.

Самы вялікі блін у Віцебскай вобласці на масленіцу спяклі ў Оршы: яго дыяметр 5,92 метра, а вырабілі яго на Аршанскім хлебазаводзе.

Цікавай праграмай парадавалі культработнікі: знайшлося ў ёй месца песням, танцам, прыпеўкам, а галоўная гераіня – Масленіца – прыехала на плошчу на кані. Варта адзначыць, што прадстаўнікі калектываў не былі пасіўнымі гледачамі і прымерылі на сябе святочныя вобразы. Напрыклад, у райбальніцы з’явіўся скамарох, у кааператараў – блін, а цэнтр па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый наогул паказаў на сцэне цэлую музычную казку, за што справядліва атрымаў салодкі падарунак.

Дзецям і дарослым культустановы, бібліятэка, цэнтр дзяцей і моладзі, фізкультурна-спартыўны клуб прапанавалі шмат конкурсаў і гульняў. Напрыклад, можна было прадэманстраваць спрыт у баі мяшкамі на бервяне, праверыць трапнасць у кіданні імправізаваных снежак і валёнкаў, з закрытымі вачыма паставіць кацялок у печ, адгадаць загадкі ці пракаціцца на цюбінгу.

Карысталіся попытам ва ўдзельнікаў свята сувеніры, вырабленыя майстрамі Дома рамёстваў, гурткоўцамі аддзяленняў тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Скарыстаўся момантам і выставіў сваю прадукцыю лясгас, асабліва разыходзіліся мёд і тушонка.

З нецярпеннем усе чакалі фінальны акорд свята – спальванне чучала зімы. У гэты момант нават закружыў мокры снег – ніяк не хоча зіма саступаць пазіцыі. І ўсё ж языкі полымя ў імгненне ахапілі чучала. Як меркавалі нашы продкі, разам з ім у нябыт павінна адысці ўсё нядобрае.

Ва Ушацкай ЦРБ у пятніцу ладзілі сваё свята “Масленіца” і конкурс бліноў, у якім актыўны ўдзел прынялі ўсе структурныя падраздзяленні. Прайграўшых у ім не было – дыпломы атрымалі ўсе. А вось “прыз глядацкіх сімпатый” прафсаюзная арганізацыя ўручыла аддзяленням рэанімацыі і паліклінікі.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *