Клуб интересных встреч «Ушачане» отметил свое 20-летие

Культура

У пятніцу свой юбілей адзначыў клуб цікавых сустрэч “Ушачане”, які існуе пры раённай бібліятэцы імя Е.Лось з 5 сакавіка 2003 года. Усяго два дзясяткі, скажуць скептыкі. Не, ужо 20 год! Тэрмін унушальны для саюзу нават дваіх людзей. Ну а для такога разнашэрснага па інтарэсах, узросце, прафесіях яго членаў аб’яднання – наогул. Тым не менш, хоць і мяняецца склад удзельнікаў, але толькі па ўважлівых прычынах. Той, хто зазірнуў сюды аднойчы – застаецца назаўжды.

Так было з Людмілай Аляксееўнай Асташкевіч, рукадзеллю якой прысвячалася адно з пасяджэнняў, і Тамарай Дзмітрыеўнай Барадзёнак, што прэзентавала перад “Ушачанамі” свой зборнік. Наогул цудоўная традыцыя друкаваць творы членаў клуба пайшла ад Людмілы Мікалаеўны Цяцеркі – свой першы томік яна падрыхтавала сама і паказала ў 2008 годзе. А крыху пазней выдавецтва пры бібліятэцы выпусціла ў свет вершы аўтара гімна (слоў і музыкі!) клуба Любові Міхайлаўны Карабань, паэткі Валерыі Гаўрылаўны Міхно, апавяданні Лідзіі Кірылаўны Сідарэнкі. Хутка мяркуюць прысвяціць ёй вечар памяці, а ў 2021-м святкавалі юбілей. Разам адзначаць круглыя даты пачалі на другі год існавання – першай шанавалі майстрыху Галіну Дзям’янаўну Сысуеву.

Наогул формы пасяджэнняў былі самымі рознымі. Віктарыны і “Поле цудаў”, падарожжы, сустрэчы з цікавымі людзьмі і нават лекторыі. Так, Віктар Георгіевіч Лёля правёў для калег па аматарскім аб’яднанні цэлы курс чытанняў па геалогіі, рэлігіі, а Таццяна Георгіеўна Бураўлёва – па ахове здароўя. Падказвала варыянты лячэбнай гімнастыкі Святлана Сямёнаўна Пятроўская, да якой звярталіся і за рознымі парадамі па агародніцтве.

“Я прыйшла ў клуб праз паўгода пасля заснавання і глядзела на той першы склад як на паўбагоў, – прыгадвае адна са старэйшых сённяшніх удзельніц Тамара Паўлаўна Залатухіна. – Настолькі цікавымі расказчыкамі былі мая настаўніца Марыя Сяргееўна Каплеўская, Пётр Сцяпанавіч Марчанка, Ганна Іванаўна Пахілка, Лідзія Рыгораўна Бутоўская, якія добра ведалі нашых знакамітых землякоў Петруся Броўку, Еўдакію Лось, Рыгора Барадуліна. Памятаю наша першае выступленне перад удзельнікамі такога ж фарміравання пры Віцебскай абласной бібліятэцы, наогул дзякуючы Таццяне Браніславаўне Гарбаценка мы пабачылі ўсю Беларусь”.

Якой будзе тэма чарговай сустрэчы – вызначаюць самі ўдзельнікі, звычайна на навагоднім пасяджэнні. Многа ідэй падавалі старшыні клуба, якімі былі Г.І.Пахілка, М.Ц.Долгі, Ф.Р.Пацэйка, а зараз Н.А.Багдановіч. Менавіта актыўны чытач бібліятэкі Мікалай Цімафеевіч Долгі і падаў ідэю стварэння такога аб’яднання. Толькі выйшаўшы на пенсію, ён неяк прамовіў: “Добра, каб была магчымасць збірацца і абмяркоўваць прачытанае, цікавыя тэмы”.

Т.Б.Гарбаценка: “Мы не былі першапраходцамі, падобныя, аднак адзінкавыя аб’яднанні ў краіне з’яўляліся, ну а ў нашым раёне мы дакладна сталі першым гуртком па інтарэсах пенсіянераў, не лічачы клуба “Ветэран”. У апошні ішлі людзі з вакальнымі данымі, да нас – усе жадаючыя.”

Таццяна Браніславаўна, якая ўжо мела вопыт кіравання аб’яднаннямі, ідэю падтрымала. Прапанавала іншым частым наведвальнікам бібліятэкі. І трапіла ў дзясятку. Актыўныя, цікаўныя маладыя пенсіянеры мелі вольны час і жаданне адкрываць новае. А галоўнае, яны заставаліся ў калектыве. Менавіта так напісала ў лісце-падзяцы Т.Б.Гарбаценцы Лілія Васільеўна Грышкевіч з Масквы. Яна сумуе па яркім жыцці ва Ушачах, часта пераглядае фотаздымкі: вось яны ў Андрэйчыках у гасцях у разьбяра па дрэве, на назіральнай пляцоўцы Нацыянальнай бібліятэкі, тэатры Янкі Купалы…

“Вылучыць нешта адметнае? Гэта немагчыма – у нас не бывае нецікавых сустрэч”, – упэўнена паведаміла намеснік старшыні клуба Валянціна Восіпаўна Дунік. Яна шчыра і вельмі эмацыянальна дзякавала Таццяне Браніславаўне ад імя ўсіх прысутных за іх утульны дом, за гады, напоўненыя сэнсам і інтарэсам. Вершамі віншавалі калег Л.М.Цяцерка і Т.Д.Барадзёнак, старшыня ветэранскай арганізацыі і таксама актыўная наведвальніца аб’яднання Ніна Аляксандраўна Васілеўская, госці свята, сярод якіх самы даўні і чаканы сябар – хор клуба “Ветэран”, у рэпертуары якога, дарэчы, шмат песень, баек, вершаў, напісаных “Ушачанамі”.
180-яе пасяджэнне клуба аказалася экскурсам у гісторыю і вялікім святочным канцэртам адначасова. А яшчэ і прэзентацыяй вязання, вышыўкі, карцін з бяросты, шкатулак Тамары Аляксееўны Чабатар, Л.М.Цяцеркі і Л.А.Асташкевіч. І хоць доўжылася мерапрыемства амаль тры гадзіны, на ім не было сумуючых. У захапленні пакідалі вялікую залу аддзела дзіцячай кнігі (толькі яна магла ўмясціць усіх жадаючых) як віноўнікі ўрачыстасці, так і шматлікія госці, што спецыяльна прыйшлі разам са сваімі сябрамі.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *