В Ушачах прошла спартакиада среди работающей сельской молодежи, посвященная Году мира и созидания

Cпорт

Мінулая пятніца для маладых работнікаў сельгаспрадпрыемстваў раёна выдалася спартыўна-гульнявой – на базе фізкультурна-аздараўленчага комплексу “Юнацтва-Ушачы” прайшла спартакіяда сярод сельскай моладзі, прысвечаная Году міру і стварэння. І хоць удзел у ёй прыняло ўсяго тры каманды, запамінальных эмоцый і заслужаных узнагарод было нямала.

Прыхільнікаў здаровага ладу жыцця з ААТ “Ільюшынскі”, УП “Сафійскія дары”, райветстанцыі ў гэты дзень чакалі спаборніцтвы па шасці дысцыплінах. Зрэшты, праходзілі іх юнакі і дзяўчаты ўпэўнена – складвалася ўражанне, быццам увесь час аддаюць трэніроўкам.

З самага пачатку выпрабаванняў высокую планку ўзялі “сафійцы”. Паспяховым стала выступленне па дартсе трактарыста-машыніста Андрэя Прашкевіча. Дроцікі, як прызнаўся хлопец, у руках дагэтуль трымаць не даводзілася – набраць жа 22 балы дапамаглі слушныя парады судзі спартакіяды А.Жыткова. Своеасаблівым адкрыццём, якое гэтак жа прынесла перамогу, стала для інжынера Уладзіслава Магеркі гульня “Джэнга”. Дарэчы, паспрабавалі сябе ў гэтым відзе і прадстаўнікі груп падтрымкі.


Не збіраліся здавацца ільюшынцы. “Хто пераможа ў настольным тэнісе? Тут без варыянтаў!”, – убачыўшы, як працуе з ракеткай галоўны заатэхнік Павел Салаўёў, рабілі для сябе неаптымістычныя высновы хлопцы, у тым ліку будучы ўладальнік “срэбра” – слесар Яўген Дубёнак з “Сафійскіх дароў”. Добры вынік у гімнастыцы – у ветурача ААТ Наталлі Шнітко. Адразу ў некалькіх відах выступаў галоўны ветурач Уладзіслаў Хубяцоў, у шашках жа “срэбра” заваявала загадчык склада Анжэла Краснова.

Аднолькавы вынік у падцягванні прадэманстравалі вадзіцель Дзяніс Стэльмах з райветстанцыі і электраманцёр Дзмітрый Журко з “Ільюшынскага”. Вызначыць жа лепшага дапамагла чарговасць выступлення – яна была на карысць першага. У яго калегі, лабаранта Надзеі Каранеўскай у адцісканні ад лаўкі сярод дзяўчат – “срэбра”, ну а гонар прадпрыемства па шашках дастойна адстойвала ветэрынарны фельчар Вольга Лемеш. Дарэчы, лепшым у гэтым відзе стаў “сафіец” Генадзь Жалейка, які выступаў па-за конкурсам.
Пакуль арганізатары – аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, фізкультурна-спартыўны клуб, раённае аб’яднанне прафсаюзаў, райкам БРСМ – падсумоўвалі балы, канкурсанты прынялі ўдзел у вясёлай спартландыі, якая ставіла на мэце не столькі вызначэнне лідараў, колькі згуртаванне ўдзельнікаў.


Дружнымі апладысментамі моладзь вітала ільюшынцаў, якія занялі першую прыступку п’едэстала, работнікаў “Сафійскіх дароў” – у іх “срэбра”, ну і самую малаколькасную каманду райветстанцыі, якая адстала зусім крыху. Чэмпіёны і прызёры ўзнагароджаны дыпломамі, медалямі і памятнымі падарункамі.

“У любым выпадку сёння перамагло сяброўства, – зазначылі суддзі спаборніцтваў. – Спадзяёмся: атрымалі дадатковы стымул для далейшых заняткаў спортам”.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *