На турнир по дзюдо памяти тренера С.Шедько приехало более 300 юных спортсменов из разных городов Беларуси

Cпорт

25 мая ўсе “барцоўскія” дарогі вядуць ва Ушачы. Дату нараджэння Станіслава Шэдзько добра памятае кожны, хто ведаў гэтага выдатнага трэнера і чалавека, і загадзя вызваляе названы дзень ад усіх спраў. А адна з лепшых яго выхаванак Наталля Снежань, з якой мы цёпла прывіталіся на ганку спарткомплексу, выказала агульную думку: “Як жа я магла не прыехаць? Гэта святое!”

Натуральна, што шарэнга ганаровых гасцей спаборніцтваў заўсёды вялікая і прадстаўнічая. Штораз можна ўбачыць у ёй першага настаўніка Станіслава Уладзіміра Міхайлавіча Панкрацьева, трохразовую чэмпіёнку свету па самба Анастасію Архіпаву, а вось ганаровы грамадзянін горада Полацка, член прэзідыума Беларускай федэрацыі дзюдо Уладзімір Сцяпанавіч Тачыла прыехаў на наш мемарыял упершыню. Удзельнікаў і гасцей статусных спаборніцтваў прывітала старшыня раённага Савета дэпутатаў Наталля Мікалаеўна Марковіч. І вось амаль тры сотні апранутых у кімано хлопчыкаў і дзяўчынак сабраліся вакол чатырох татамі ў чаканні сваіх стартавых паядынкаў…

Слова “Ушачы” падчас прадстаўлення дзюдаістаў гучала з мікрафонаў судзейскіх брыгад часцей за іншыя: выхаванцаў нашай СДЮШАР у гэты раз было зашмат. Дэбютным стаў турнір для 15 барцоў з групы, якую нядаўна набрала новы трэнер Крысціна Зуева, але хвалявання малышы амаль не выдавалі. Чаго не скажаш пра іх бацькоў. Баявы характар у Паліны Селявёнак, як, зрэшты, і ў яе мамы Наталлі, якая заўсёды адстойвае на спаборніцтвах гонар лясгасаўскай каманды. А вось Соня Собаль, наадварот, занадта сціплая – і яе матуля Вікторыя спадзяецца, што заняткі дзюдо дададуць дачушцы смеласці і ўпэўненасці. З задавальненнем ходзіць на трэніроўкі да Кацярыны Маркевіч яшчэ адзін дэбютант Вадзім Шчэрбік і нават запісаўся ў спартыўны лагер. Усе названыя дзеткі паклалі ў свае скарбоначкі першыя медалі. І, канечне, ганарліва ўздымаліся на п’едэстал, каб атрымаць іх з рук праслаўленых спартсменаў. Прыемную місію традыцыйна выконвала Анастасія Архіпава. Праўда, у гэты раз была асаблівасць: нашай чэмпіёнцы давялося ўручаць “золата” сваёй дачушцы Машы. “Гэта яе першы турнір, ды і ўвогуле барацьбой яна пакуль не надта цікавіцца, хоць, як бачыце, здольнасці мае добрыя. Вось я і прывезла Машу ва Ушачы, каб яна адчула атмасферу спартыўнага свята. Мяркую, што “золата” павінна яе натхніць”, – шчыра дзялілася з намі Анастасія.

У гаспадароў лепшымі ў сваіх катэгорыях сталі Аліса Зуева, Улада Цюкала, Карына Лецкая, Даша Кіслякова, Яна Пацэйка, Ніка Міхаль, Ксюша Цвяцінская, Улад Пугач, Павел Крывёнак, Цімафей Коршун, Ягор Бараніч, Мацвей Маслюк. На другую прыступку п’едэстала ўзняліся Каця Рубанік, Саша Міхаль, Віка Федарэнка, Лера Акулёнак, Ангеліна Алексяёнак, Лера Карэйша, Паша Марковіч, Ваня Юргевіч, Ілья Гірсёнак, Паліна Селявёнак, Соня Собаль, Соня Каваленка, Ліза Шаўчэнка; “бронзу” атрымалі Віка Пятніца, Нэлі Абозава, Саша Храмёнак, Жэня Крывёнак, Эліна Фоміч, Савелій Раманоўскі, Мацвей Плігаўка, Максім Цвяцінскі (катэгорыя 40 кг), Марк Карымаў, Слава Лабёнак, Вадзім Шчэрбік, Глеб Зелянік, Раман Лабёнак, Максім Цвяцінскі (20 кг), Маша Сіротка і Эльвіра Базылева.

Нямала ў гэты дзень было відовішчных паядынкаў. Сапраўдны трылер на татамі ў фінальнай схватцы разыграў выхаванец Святланы Фядосенкі Мацвей Маслюк. Калі скончыўся вызначаны час, у абодвух дзюдаістаў былі аднолькавыя ацэнкі – і паядынак працягнуўся да першага выніковага дзеяння. Мацвей некалькі разоў быў на грані паражэння, аднак выстаяў і правёў кідок. А наша Саша Міхаль і яе саперніца выдалі самы працяглы марафон, у якім ніхто не збіраўся саступаць… Адным словам, на татамі было горача.

…“Ну што, усе малайцы. Заўтра заняткі па раскладзе!” – казала пасля ўзнагароджання сваім падапечным Крысціна Зуева. Дзятва ж была так узрушана, што, здаецца, з задавальненнем пачала б трэніроўку ўжо зараз. Магія дзюдо – яна такая!

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *