В Глубоком прошёл спортивно-культурный фестиваль “Вытокі. Крок да Алімпу”

Cпорт

Фестываль “Вытокі. Крок да Алімпу” распачаў сёлета трэці сезон і ў трэці раз завітаў на Віцебшчыну – пасля Оршы і Полацка права прыняць яркае спартыўна-культурнае свята атрымала Глыбокае. Па традыцыі на фестывальныя мерапрыемствы да суседзяў завіталі і мы.

Адметны статус праекта пацвердзіў удзел у ім гасцей самага высокага рангу. Падчас цырымоніі адкрыцця старшыня Нацыянальнага алімпійскага камітэта Віктар Лукашэнка выказаў меркаванне, што праз 10-20 год хтосьці з юных удзельнікаў гэтага свята будзе стаяць на высокім п’едэстале і прыгадваць, што спартыўную кар’еру пачынаў з “Вытокаў”, і перадаў раёну падарункавы сертыфікат на 100 тысяч рублёў на развіццё спартыўнай інфраструктуры (на здымку). Пра тое, што больш двух мільёнаў беларусаў рэгулярна займаюцца спортам, паведаміў прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка, а таксама падкрэсліў, што сучасныя комплексы ўзведзены нават у невялікіх гарадах. Ну а наш дэпутат, старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Уладзімір Паўлавіч Андрэйчанка нагадаў, што ў Віцебшчыны вялікі вопыт правядзення фестываляў і выдатныя спартыўныя традыцыі.

Усё вышэй сказанае яскрава пацвердзілі падзеі фестывалю. Адных толькі пляцовак алімпійскага квесту, якія прэзентавалі розныя віды спорту, было ў горадзе тры дзясяткі. А ў забегу лёгкаатлетаў да 9 год прыняла ўдзел паўтысячы хлопчыкаў і дзяўчынак! Трэнеры ж тым часам абменьваліся вопытам на семінарах. І, безумоўна, вельмі яркай падзеяй стала свята на прыгожым стадыёне раённай ДЮСШ – у пятніцу якраз адзначаўся Міжнародны алімпійскі дзень, і дзейства мела ўсе атрыбуты сапраўдных Гульняў: убачылі мы і запальванне “алімпійскага агню” лепшымі спартсменамі Глыбоччыны, і нават мішку, які ўзнёсся ў паветра, як калісьці сімвал Алімпіяды-80.

Мы ж тым часам праводзілі пэўныя паралелі: у глыбоцкай спартшколе займаецца прыкладна такая ж колькасць вучняў, як і ва ўшацкай, і гэта прытым, што наш раён амаль утрая меншы па насельніцтве. Практыкуюць глыбачане лёгкую атлетыку, футбол, валейбол і грэка-рымскую барацьбу, ва ўшацкіх дзяцей выбар крыху большы, бо працуюць пяць аддзяленняў. Зусім не хачу пакрыўдзіць шаноўных суседзяў, проста мушу падкрэсліць, якая спартыўная наша маленькая радзіма.

Нацыянальны алімпійскі камітэт, Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі і іншыя арганізатары праекта, безумоўна, робяць важную справу – імкнуцца адкрываць культурны і спартыўны патэнцыял рэгіёнаў, прыцягваюць беларусаў да здаровага ладу жыцця.

А вось па колькасці славутасцяў з Глыбокім цяжка паспаборнічаць. Журналісты ўпэўніліся ў гэтым падчас адмысловага прэс-тура. Проста зачараваў сваёй велічнасцю архітэктурны помнік ХVII стагоддзя – Сабор Раства Прасвятой Багародзіцы. Неверагодна прыгожы звонку і ва ўнутраным убранстве, ён захоўвае старажытныя таямніцы – і нам пашанцавала крыху да іх дакрануцца, прайшоўшы са свечкамі па падземных сутарэннях храма і ўзняўшыся на 24-мятровую вышыню званіцы. Дарэчы, мецэнат Іосіф Корсак, за сродкі якога быў пабудаваны храм, увекавечаны ў скверы славутых землякоў – гэта яшчэ адно месца, куды абавязкова прыводзяць турыстаў. У ліку 11 тутэйшых знакавых персон – канструктар самалётаў “СУ” Павел Сухі, заснавальнік айчыннага тэатра Ігнат Буйніцкі, які, прынамсі, разам са сваёй трупай “тэлепарціраваўся” ў сучаснасць, каб навучыць журналістаў народным танцам. Зрэшты, на Ушаччыне славутых ураджэнцаў таксама шмат, і падобны сквер, пачатак якому ўжо пакладзены, будзем спадзявацца, прырасце новымі выявамі.

“Вытокі” здзіўлялі гасцей самымі рознымі “фішкамі”. У трэцім сезоне фестываль аздобілі выязныя спектаклі беларускіх тэатраў – у Глыбокае прывезлі пастаноўку “Той самы Мюнхаўзэн”: як вядома, у горадзе ёсць помнік гэтаму персанажу. Не абышлося без дэгустацыі згушчонкі і іншых мясцовых прысмакаў, інтэлектуальных турніраў, паказаў калекцый айчыннага адзення, вакальнага конкурсу і, канечне, феерверку.

У наступны раз “Вытокі” адправяцца ў Касцюковічы. Цікава, дарэчы, што менавіта на Магілёўшчыне, у вёсцы Карасі прызямліўся запушчаны ў паветра на глыбоцкім стадыёне алімпійскі мішка. Ну а мы будзем чакаць чарговага вяртання фестывалю ў Прыдзвінне.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *