Тысячы маладых людзей 20 мая папоўнілі рады беларускай арміі, ва ўсіх воінскіх часцях прайшлі ўрачыстыя цырымоніі прыняцця ваеннай прысягі. 51 ваеннаслужачы ўнутраных войскаў даваў клятву на вернасць Радзіме на мемарыяльным комплексе “Прарыў”. 7-я асобная спецыяльная міліцэйская брыгада ўжо ў трэці раз прымала навабранцаў у свае рады на нашым мемарыяле. Як адзначыла кіраўніцтва воінскай часці 5524 – гэта ўжо традыцыя і самы лепшы ўрок патрыятычнага выхавання.
За месяц папаўненне ваеннай часці 5524, што дыслацыруецца ў Віцебску, спазнала агульнавайсковыя асновы, атрымала веды па агнявой, медыцынскай падрыхтоўцы. Салдаты так зладжана ішлі страявым маршам, што кожны пераконваўся – першы этап іх службы прайшоў паспяхова. Сярод паўсотні навабранцаў былі і ўраджэнцы Ушаччыны – Кірыл Бумага і Даніла Буракоў. “Цяжка перадаць пачуцці, якія зараз перапаўняюць – і хваляванне, і гонар, і адказнасць. Хутка праляцеў час, сын вырас і адправіўся служыць. Прызыўнікі прыкметна змяніліся з таго моманту, як мы іх адпраўлялі ад ваенкаматаў, форма ім да твару”, – зазначыла маці Кірыла Алена.
У гэты дзень на “Прарыў” задоўга да пачатку мерапрыемства прыбывалі дзясяткі машын – пабачыць сваіх салдатаў і раздзяліць урачысты момант ехалі іх родныя і знаёмыя з розных рэгіёнаў. “Як жонка і нявестка афіцэраў упэўнена, што сын будзе годна несці службу і прадоўжыць сямейную дынастыю. Прысяга, безумоўна, падзея, якая запомніцца. А бацькам навабранцаў не варта хвалявацца, у нашай арміі добрыя ўмовы”, – адзначыла маці яшчэ аднаго прызыўніка Святлана Косарава.
Кіраўніцтва ваеннай часці, упраўлення ўнутраных спраў аблвыканкама, ветэраны ўнутраных войск віншавалі юнакоў і выказвалі спадзяванне, што папаўненне будзе годна прадаўжаць традыцыі сваіх дзядоў і бацькоў, верна служыць Айчыне. Вітаў гасцей на гераічнай Ушаччыне і кіраўнік раёна С.С.Садоўскі: “Служба ва Узброеных сілах заўсёды была добрай жыццёвай школай, часам узмужнення, гэта нялёгкія ўрокі, але яны ідуць на карысць. Няхай вашы дзеянні спрыяюць падтрыманню бяспечнай абстаноўкі. Мірных вам будняў і здароўя”. Павіншавала маладое папаўненне і начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі аблвыканкама М.У.Навіцкая. Божай дапамогі падчас нясення воінскай службы пажадаў благачынны Ушацкай царкоўнай акругі іерэй Аляксандр Таляронак і акрапіў навабранцаў святой вадой.
Назіралі за рытуалам не толькі ганаровыя госці, бацькі ваеннаслужачых, а і юнае пакаленне: на мемарыяле прысутнічалі прадстаўнікі ваенна-патрыятычных клубаў вобласці, вучні Ушацкай школы. Фіналам мерапрыемства сталі паказальныя выступленні спецыялістаў-кінолагаў унутраных войск. Свае ўменні паказалі і юныя прадстаўнікі ваенна-патрыятычнага клуба “Сокал” з Наваполацка. Дарэчы, на базе ваеннай часці дзейнічае ўжо 5 падобных аб’яднанняў. А дэфіле духавога аркестра вайсковай часці 5530 надало ўрачыстасці мерапрыемству. Радасным момантам для галоўных герояў прысягі стала атрыманне першага за час службы звальнення, якое яны правялі на Ушаччыне.
Вольга КАМАРКОВА.