Круглая дата Ушачского РАУС

Общество

20 жніўня Ушацкі РАУС адзначыў сваё 90-годдзе.
Ні адно масавае мерапрыемства на Ушаччыне не праходзіць без удзелу супрацоўнікаў міліцыі. Дзякуючы зладжанай і аператыўнай працы ў перыяд правядзення фестываляў, святочных канцэртаў, кірмашоў ва Ушачах не было зафіксавана ні аднаго надзвычайнага здарэння. Невыпадкова кіраўніцтвам УУС Віцебскага аблвыканкама ўшацкай міліцыі была дадзена высокая адзнака. Ці не гэта цудоўны падарунак да 90-годдзя з дня ўзнікнення Ушацкага РАУС?
У гэты дзень у Доме культуры было шматлюдна. Святочную юбілейную сустрэчу супрацоўнікаў Ушацкага РАУС, ветэранаў аддзела, кіраўніцтва раёна і вобласці, а таксама ўсіх тых, хто быў запрошаны на гэтую імпрэзу, адкрылі паказальныя выступленні спецназа, а ў холе Дома культуры была арганізавана выстава зброі і сродкаў індывідуальнай абароны, якія выкарыстоўваюцца падчас выканання баявых задач.
Цяжкая і небяспечная служба ў міліцыі была і ёсць для кожнага з супрацоўнікаў РАУС мэтай і сэнсам жыцця, сапраўднай, хоць і суровай школай, якая прывучае ўстойліва пераносіць усе нягоды, быць гатовым у любы час абараняць правы і інтарэсы грамадзяніна, дапамагчы чалавеку, які патрапіў у бяду. За кожнай умела праведзенай аперацыяй па раскрыцці крымінальных злачынстваў і затрыманні злодзеяў стаяць уменне, вытрымка і майстэрства супрацоўнікаў міліцыі. Ёсць нямала прыкладаў высокай прафесійнай падрыхтаванасці супрацоўнікаў РАУС. Пра тое, з якімі поспехамі, мэтавымі ўстаноўкамі падышоў раённы аддзел міліцыі да сваёй знамянальнай даты, распавёў у сваім выступленні начальнік аддзела ўнутраных спраў Ушацкага райвыканкама, падпалкоўнік міліцыі С.А.Алабін.
– Як вядома, наша ведамства багата на новаўвядзенні, — адзначыў Сяргей Аляксандравіч. – Кардынальным чынам змяніліся падыходы да ацэнкі дзейнасці тэрытарыяльных органаў унутраных спраў і ў цэлым міліцыі. Рашуча і цвёрда ацэньваецца аператыўнасць рэагавання на паведамленні і заявы грамадзян. Стаўленне народа да міліцыі — асноўны крытэрый нашай працы. Гэта значыць, што карныя паўнамоцтвы павінны зыходзіць толькі ад высокакультурных супрацоўнікаў і толькі для той катэгорыі людзей, якія пераступілі Закон. Абаронцамі Закону і кожнага чалавека мы і з’яўляемся.
Старшыня райвыканкама А.А.Кавалёнак уручыў ганаровыя граматы лепшым супрацоўнікам гэтай нялёгкай, але высакароднай прафесіі.
Шмат цёплых слоў у адрас тых, хто забяспечвае законнасць, бяспеку і робіць усё магчымае для таго, каб людзі маглі спакойна жыць, сказаў у сваім выступленні палкоўнік міліцыі, часова выканаўца абавязкаў начальніка УУС Віцебскага аблвыканкама М.І.Данькоў. І яго словы пацвярджаюцца тым, што за бездакорную службу супрацоўнікі Ушацкага РАУС неаднаразова атрымлівалі высокія ўзнагароды. Мікалай Іванавіч уручыў некаторым з іх ганаровыя граматы, лісты падзякі УУС Віцебскага аблвыканкама і юбілейныя медалі.
Словы ўдзячнасці прагучалі ў адрас усіх тых, хто ўзначальваў Ушацкі РАУС на працягу 90-гадовай гісторыі, а гэта У.І.Іваноў (1968-1984гг.), П.К.Курусёў (1984-1996гг.), В.В.Дзядзічкін (1996-1999гг.), М.І.Данькоў (1999-2004гг.), У.У. Шкіндзер (2004-2005гг.), А.Т.Пугачоў (2005-2008гг.). Былым кіраўнікам аддзела, якія прысутнічалі ў зале, былі ўручаны памятныя падарункі. А яшчэ ім была прадстаўлена магчымасць паставіць свае подпісы пад памятнай граматай, прысвечанай 90-годдзю Ушацкага РАУС, якая будзе захоўвацца ў аддзеле як гістарычны дакумент.
Неацэнную дапамогу ў маральна-псіхалагічнай загартоўцы асабовага складу аддзела ўнутраных спраў пры перадачы багатага жыццёвага і прафесійнага вопыту маладым супрацоўнікам увесь час аказваюць ветэраны міліцыі. Асаблівыя словы ўдзячнасці былі сказаны ў адрас Г.А.Барадулькі, Л.І.Цяцеркі, М.Э.Пліката, У.У.Шкіндзера, І.М.Азевіча, В.У.Гарыслаўкі, У.М.Дзямешкі, Д.Д.Жыткага, а таксама ветэрана Вялікай Айчыннай вайны І.А.Галая і многіх іншых, якія і зараз працягваюць актыўна супрацоўнічаць з РАУС, удзельнічаць у справе выхавання маладых супрацоўнікаў міліцыі.
У гэты святочны дзень нельга было не ўспомніць загінуўшага падчас выканання свайго службовага абавязку А.П.Сцяржанава, памерлых А.П.Касаржэўскага, А.А.Пугача, У.П.Мажэйку і іншых. Светлую памяць пра іх прысутныя ўшанавалі хвілінай маўчання.
Служба ў міліцыі, як прынята лічыць, – справа мужчынская, аднак на Ушаччыне многія жанчыны сваё жыццё прысвяцілі менавіта гэтаму віду дзейнасці. С.А.Алабін павіншаваў жанчын са святам, выказаў ім словы падзякі за іх нялёгкую і адказную працу.
Няма нічога прыемней за радасць сумесна праведзенага свята. Супрацоўнікаў Ушацкага РАУС у гэты дзень віншавалі шматлікія госці, кіраўнікі прадпрыемстваў нашага гарадскога пасёлка, а ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці падаравалі ім любімыя песні, пацешылі танцамі.
К.КАВАЛЕЎСКАЯ.
На здымках: У.У.Шкіндзер, А.Т. Пугачоў, М.І.Данькоў; разам сённяшнія і былыя.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *