В Ушачах открылся военно-патриотический клуб «Прорыв»

Общество

Не прыкмеціць падчас святкавання Дзён партызанскай славы гэтых юнакоў і дзяўчат было немагчыма. Пад старшынствам былога ваенкама, а зараз кіраўніка па ваенна-патрыятычным выхаванні Ушацкай школы У.Я.Пальчэха ў форме, падобнай на салдацкую, яны ўпэўнена крочылі да мемарыяльнага комплексу. У гэтым знакавым месцы ў знакавы для ўсіх ушачан час адбылося афіцыйнае адкрыццё ваенна-патрыятычнага клуба. Дарэчы, назву для яго выбралі сімвалічную – “Прарыў”.

У яго складзе зараз 20 вучняў 8-10 класаў. Запісваліся ў яго загадзя, мяркуючы і фізпадрыхтоўку падцягнуць, і навыкі страявой, агнявой, медыцынскай асвоіць. Зацікавіла і запланаваная работа з ваеннаслужачымі 19-й асобнай гвардзейскай механізаванай брыгады, супрацоўнікамі РАУС і РАНС. Вучэбныя заняткі, экскурсійныя паездкі і іншыя мерапрыемствы з імі будуць ладзіцца па суботах ці пасля ўрокаў.

“Распрацаваны Устаў, Палажэнне аб стварэнні клуба, – расказвае намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Маргарыта Васільеўна Далжонак. – Прадугледзелі і форму, якую шылі персанальна для кожнага. Спонсарскую дапамогу на гэтыя мэты выдзеліла УП “Сафійскія дары”, а вытворцамі сталі настаўнікі працоўнага навучання з нашай і Вялікадолецкай школ, педагогі раённага цэнтра дзяцей і моладзі. Эмблему ж з выявай ушацкага мемарыяла распрацоўвалі самі – яна на сцягу новага аб’яднання, значках удзельнікаў”.

На ўрачыстасці 4 мая юнакі і дзяўчаты “трымалі марку” не толькі перад аднагодкамі, удзельнікамі такіх жа клубаў – перад усімі землякамі, гасцямі Ушаччыны. Выступіўшы з інструментальным нумарам ля дзіцячай школы мастацтваў, якой у гэты дзень прысвойвалася імя Д.У.Крупені, як сапраўдны салдат, здолеў хутка пераапрануцца і дагнаць таварышаў васьмікласнік Аляксандр Лёля. Пра сваё жаданне трапіць у рады клуба гаварыў у інтэрв’ю аднаму з тэлеканалаў краіны Мацвей Уліновіч. Місію сцяганосца выканаў
Ціхан Ціханенка.

Планаў ва ўдзельнікаў клуба шмат. Сёння ж яны прымаюць удзел у абласной ваенна-патрыятычнай гульні “Арляня”, да якой актыўна рыхтаваліся.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *