В Ушачах чествовали победителей олимпиад, конференций, творческих и спортивных конкурсов

Образование и молодежь

У апошнія дні навучальнага года традыцыйна яркім, чаканым для многіх становіцца мерапрыемства пад сімвалічнай назвай “Сузор’е надзей”. Сёлета яно праходзіла з аншлагам: прасторная актавая зала Ушацкай школы ледзь умясціла педагогаў, бацькоў, ну і канечне, саміх юнакоў і дзяўчат, якія праслаўлялі раён сваімі дасягненнямі ў вучобе, спорце, творчасці. З прыемнай нагоды віталі ўсіх намеснік старшыні райвыканкама А.А.Міранкова і начальнік аддзела па адукацыі М.В.Варава.

Узнагароду атрымлівае У.Каваленка.

Гучных апладысментаў не шкадавалі прысутныя вучаніцы 11 класа Глыбачанскай СШ Лізавеце Казловай, якая выходзіла на сцэну як пераможца дзвюх алімпіяд: рэспубліканскай па беларускай мове і літаратуры (настаўнік – А.С.Герцык) і Саюзнай дзяржавы “Расія і Беларусь: гістарычная і духоўная еднасць” (К.Д.Літвін). У намінацыі “Зоркі навукі” кампанію дзяўчыне склалі юныя біёлагі з Ушач: адзінаццацікласніца Кацярына Мартынюк, дзевяцікласніцы Ксенія Барысёнак і Паліна Юркевіч, якіх падрыхтавала В.А.Жыткая. У дзвюх першых, ужо вопытных у алімпіядным руху – абсалютная перамога на рэспубліцы, у апошняй – дыплом ІІІ ступені на вобласці. Узнагароду такога ж узроўню па хіміі атрымаў вучань 9 класа Ушацкай СШ Кірыл Шук (А.В.Марозава). А яго аднагодка з гэтай жа ўстановы Ульяна Каваленка адзначана за паспяховы ўдзел у абласной алімпіядзе па беларускай мове і літаратуры (В.В.Спірчонак).

Сям’я Юркевічаў.

Нямала дасягненняў у школьнікаў і на навукова-практычных канферэнцыях, абласных конкурсах да Года гістарычнай памяці, Года міра і стварэння. Так, дзесяцікласнік Ушацкай СШ Ягор Обух стаў дыпламантам І ступені ў беларуска-расійскім праекце “Цягнік перамогі” (У.Л.Хамёнак). Удалым аказалася трыа ў складзе Аляксандры Аўтух, Алёны Куляшовай і Вікторыі Пранік з Арэхаўскай школы, дзяўчаты – прызёры даследчага конкурсу “Я спазнаю свет” (Т.У.Ліленка). У ім жа дыплом ІІІ ступені заваявалі дзевяцікласніцы Вялікадолецкай СШ Маргарыта Стрыжонак і Дамініка Лапіцкая (А.М.Жук).

Вялікадолецкія спартсмены.

У намінацыі “Зоркі спорту” адзначаны вучні Вялікадолецкай школы Маргарыта Стрыжонак, Мікіта Жаваранак, Мікіта Белякоў і Аліна Папова – прызёры абласных спаборніцтваў па біятлоне “Снежны снайпер”, а першая – яшчэ і дыпламант у асабістым заліку па настольным тэнісе (У.М.Лапіцкі). Прадстаўнічай аказалася каманда з Ушач, бо там вучацца прызёры абласных спаборніцтваў па футболе Ягор Заруба, Глеб Мурашоў, Мацвей Міхаль, Арцём Іоскін, Яраслаў Севярын, Мікіта Жалейка, Мацвей Краўчанка, Аляксей Хадан, Арцём Кучаронак, Леанід Ізмайловіч, Глеб Курбака, Мацвей Кандрацкі, Ілья Крахотка і Даніла Шаўчэнка (А.В.Жаваранак).

Праявілі сябе школьнікі і ў творчасці. Так, прызёрамі абласнога агляду-конкурсу “Добры дзень, свет!” сталі танцавальны калектыў “Акцэнт” раённага цэнтра дзяцей і моладзі ў складзе Паліны Скрыпко, Анастасіі Казловай, Паліны Жалейкі, Ганны Чарняўскай, Івана Мушы, Паліны Крупені, Ксеніі Лазаравай і Дар’і Ражноўскай (В.В.Пугачова), а таксама ансамбль народнай песні “Танок” у складзе Улады Міхаль, Паўла Кліма, Міланы Шалонька, Арцёма Кучаронка, Надзеі Пятніцы, Аляксандры Тарасюк, Ягора Рубіса, Цімафея Ворсы, Ганны Лабань і іх кіраўніка Т.В.Лапёнак. На абласным жа конкурсе “Жывая класіка” па выразным чытанні дыплом ІІІ ступені заваявала вучаніца Ушацкай школы Надзея Раманоўская (В.В.Спірчонак).

Ансамбль “Танок”.

Намінанты атрымалі ў гэты дзень грашовыя прэміі, педагогі – кветкі, а бацькі – пачуццё гонару за сваіх дзяцей. Заўсёды імкнуцца да новых вяршыняў, не губляючы пры гэтым індывідуальнасці, выхоўваць у сабе працалюбства, пачуццё адказнасці да даручанай справы жадалі маладзейшым школьнікам сёлетнія выпускніцы К.Мартынюк і Л.Казлова. З кнігамі ў якасці падарунка для алімпіяднікаў прыйшла начальнік аддзела адукацыі райвыканкама з 1985 па 2013 гады Л.Р.Карабань. Святочнага настрою дадалі ўсім творчыя нумары ад выхаванцаў дзіцячага сада №4 г.п.Ушачы і непасрэдна ўдзельнікаў мерапрыемства.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *