Ушачские школьники вновь лучшие на областном этапе республиканской олимпиады по химии!

Образование и молодежь

А.Марозава, А.Ларчанка, Д.Жахоўская.

Нашы візіты ў кабінет хіміі Ушацкай СШ сталі ўжо традыцыйнымі. Літаральна штогод – на старце трэцяй чвэрці – прыемную нагоду для сустрэчы даюць вучні Л.А.Струй і А.В.Марозавай. За апошняе дзесяцігоддзе, а можа і больш, не ўспомнім выпадка, каб з абласнога этапу рэспубліканскай алімпіяды яны вярнуліся без узнагарод. Такому выніку адназначна пазайздросцяць не толькі школы, але і многія гімназіі, ліцэі краіны.

– Сёлета думала, што ўрэшце адпачну, паколькі ўсе навучэнцы, на якіх рабіла стаўку, для ўдзелу ў раённым этапе алімпіяды абралі іншыя прадметы, – усміхаецца Алена Васільеўна. – Але ж нечакана выклікаліся на хімію, паказаўшы дастойны вынік па школе, адзінаццацікласніца Насця Ларчанка і дзесяцікласніца Даша Жахоўская. Падрыхтоўку з імі пачалі незадоўга да пачатку спаборніцтваў.

Пра хімічныя поспехі Анастасіі мы ўжо расказвалі на старонках газеты два гады таму, калі яна была яшчэ дзевяцікласніцай і займалася з Ларысай Аркадзьеўнай Струй. Многае змянілася з таго часу: дзяўчына абрала іншы профіль, робячы акцэнт на вывучэнне англійскай мовы, грамадазнаўства, пра хімію ж на некаторы час “забылася”.

– Перагледзела свае прыярытэты, калі перайшла ў 11 клас і пачала выбіраць спецыяльнасць для паступлення, – кажа А.Ларчанка. – Зразумела, што хімія мне патрэбна, таму вырашыла зноў выпрабаваць сябе на алімпіядзе. Дыплом, атрыманы на ўзроўні раёна, акрыліў – да вобласці рыхтавалася больш грунтоўна. Як вынік – змагла заваяваць “срэбраную” ўзнагароду і пуцёўку на рэспубліканскі этап.

Сапернічаць у пераважнай большасці з гімназістамі ды ліцэістамі, якія да таго ж не спынялі сваёй падрыхтоўкі, канечне, было няпроста. Умовы кожнай задачы – больш чым на старонку фармата А4, з дзесяццю, а то і больш пунктамі. Не разлічыш час – не паспееш выканаць. Памылішся ў пачатку – “зачэпіш” далейшыя недакладнасці, пазбавіўшы сябе запаветных балаў… На алімпіядзе, упэўнілася Насця, патрэбны не толькі веды, уважлівасць, але і душэўная раўнавага.

Ужо ў першай задачы – здавалася б, не надта складанай – яна, як на зло, забылася формулу, якую ведала. Але ж здолела ўзяць сябе ў рукі, пралічыць усё магчымае і спакойна перайсці да іншых пунктаў. Зараз прыгадвае, што многае было з раздзела арганікі, якая ёй па душы.

– Усё – канечне, не са школьнай праграмы, – удакладняе дзяўчына. – Што паспела пачэрпнуць з дапаможнікаў, універсітэцкіх падручнікаў, то і прымяніла. А дзесьці і на інтуіцыю, логіку паспадзявалася – напісала наўздагад, і яны мяне не падвялі. З практыкай было значна прасцей: прапанавалася вызначыць арганічнае змесціва ў 10 прабірках. Не змагла распазнаць толькі ўратрапін (упусціла, што ён у вадзе раствараецца). Але дыплом гэта не перашкодзіла заваяваць.

…Тое, што Дар’я Жахоўская мае схільнасці да хіміі, А.В.Марозава бачыла даўно. Але ж разумеючы, што дзяўчына зрабіла стаўку на вывучэнне біялогіі, “перацягваць коўдру” на свой бок не стала. Не настойвала на дадатковых занятках і ў мінулым годзе, калі рыхтаваліся да здачы школьных экзаменаў. І толькі сёлета – калі дзесяцікласніца вырашыла падцягнуць гэты прадмет, ды яшчэ ўдалы вынік прадэманстравала – узяла яе пад сваё крыло.

– На вобласці сабралася сапраўдная “эліта” юных хімікаў, у большасці з якіх ужо былі перамогі на падобных інтэлектуальных спаборніцтвах, – расказвае Даша. – Я ж у рэйтынгу значылася толькі дваццатай, таму не надта разлічвала на дыплом.

З першага этапу – з задачамі пераважна ўніверсітэцкага ўзроўню – ушачанка выходзіла з катэгарычным “Я больш нікуды не паеду!”. Разумела, што праваліла іспыт і па колькасці набраных балаў акажацца дзесьці ў канцы спіса. Але ж ад практыкі не адмовілася – ну а там узяла рэванш: стала адзінай, хто набраў максімальна магчымыя 80 балаў!

– Цікава было назіраць за іншымі ўдзельнікамі, – расказвае А.В.Марозава. – Усе выходзілі з лабараторыі акрыленыя, маўляў, справіцца з заданнем было прасцей простага. Насамрэч, цяжкім яно не было: прапанавалася раздзяліць мел і хларыд натрыю, вызначыўшы долю кожнага ў прапанаванай сумесі. Але ж тут кожная сотая грама была на вагу золата. Пасля прамыўкі фільтр не дасушылі, апошняй кроплі не дачакаліся – вось табе і недакладнасці… Даша ў гэтым сэнсе праявіла цярплівасць, акуратнасць і, як вынік – аказалася лепшай. Для разумення: бліжэйшы яе сапернік, які атрымаў амаль на 20 балаў менш, памыліўся ўсяго на дзве сотыя грама…

Выніку, які паказала Дар’я на вобласці, здзівіліся ўсе. Без сур’ёзнай шматгадовай падрыхтоўкі яна не толькі дыплом І ступені заваявала, але і заняла другое месца ў рэйтынгу – такога ўнушальнага пад’ёму ў гісторыі правядзення спаборніцтваў, напэўна, яшчэ не было!

Зараз ушачанкі рыхтуюцца да заключнага этапу алімпіяды, які пройдзе ў сакавіку. Смяюцца: замест любімай мастацкай літаратуры штудзіруюць навуковую. Абедзвюм хімія спатрэбіцца пры паступленні. Насця хоча стаць хімікам-фармацэўтам, якіх рыхтуюць у БДУ – і калі на заключным этапе алімпіяды атрымаецца заваяваць дыплом любой ступені, зможа прэтэндаваць на залічэнне без уступных іспытаў. Падобную спецыяльнасць мяркуе атрымаць і Даша, праўда, з навучальнай установай яна пакуль не вызначылася – час яшчэ ёсць.

Трымаем кулачкі за нашых зямлячак. Поспехаў ім і самых смелых здзяйсненняў!

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *