Для аздараўлення і адпачынку школьнікаў у летнім выхаваўча — аздараўленчым лагеры «Сонейка» на базе ДУА «Ільюшынская сярэдняя школа імя Ф.Ф. Дуброўскага Ушацкага раёна» створаны належныя ўмовы, распрацаваны планы работы, прадугледжаны разнастайныя мерапрыемствы.
Так, 12 чэрвеня разам з педагогамі дзеці наведалі хату-музей народнага паэта Беларусі Петруся Броўкі ў вёсцы Пуцілкавічы. Для вучняў была праведзена цікавая і пазнавальная экскурсія па залах музея з разнастайнымі экспазіцыямі, якія дапамаглі ўбачыць і зразумець вытокі літаратурнай творчасці знакамітага земляка.
Дзеці з задавальненнем слухалі аповед загадчыка музея Мычко Ірыны Іосіфаўны, з цікавасцю разглядалі экспанаты. Асабліва спадабалася зала , у якой з дапамогай старажытных рэчаў сялянскага побыту створаны від хаты, дзе жыла сям’я будучага паэта. Надоўга затрымаліся дзеці каля экспазіцыі з уласнымі рэчамі Петруся Броўкі. Гэта лямпа, якой ён карыстаўся, калі чытаў кнігі, складаў першыя вершы пра прыроду Ушаччыны, чарнільніца, самаробны стол. На шматлікіх фотаздымках вучні пазналі вядомых пісьменнікаў, творы якіх вывучалі ў школе: Якуба Коласа, Міхася Лынькова, Максіма Танка. Усхваляваў наведвальнікаў і аповед Ірыны Іосіфаўны пра трагічны лёс маці Петруся Броўкі, Алены Сцяпанаўны, якая загінула ў Асвенціме. Каля стэлы памяці дзеці стаялі ў задуменні, на вачах дзяўчынак блішчалі слёзы.
У вучняў засталося многа ўражанняў ад убачанага. Вярталіся дадому з жаданнем расказаць сваім бацькам і сябрам пра цікавую паездку.
Выхаванцы лагера «Сонейка».