Школы Ушаччины готовятся к новому учебному году

Образование и молодежь

Летнія канікулы – на экватары, а ва ўстановах адукацыі ва ўсю ідзе падрыхтоўка да новага навучальнага года. Найбольшыя аб’ёмы работ сёлета запланаваны ва Ушацкай і Арэхаўскай школах, дзіцячым садзе №2 г.п.Ушачы – акрамя традыцыйнай “касметыкі” яшчэ праводзіцца сур’ёзны рамонт, сродкі на які – а гэта 350 тысяч рублёў – выдзелены з бюджэту пры садзейнічанні нашага дэпутата, старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Уладзіміра Паўлавіча Андрэйчанкі.

У Арэхаўскай школе трэснула адна са сцен – ўжо з калідора на першым паверсе можна было назіраць за тым, што адбываецца ў кабінеце тэхнічнай працы. Зразумела, неабходна было тэрмінова прымаць меры. І такі клопат узяло на сябе ПМК-66. Былую сцяну работнікі прадпрыемства разабралі, цяпер на яе месцы ўзводзяць новую (на здымку).

Ужо на фінішы – прывядзенне ў належны парадак запаснога выхаду з актавай залы Ушацкай школы, якое гэтак жа выконвалі мясцовыя будаўнікі. Прыступкі пажарнай лесвіцы дагэтуль мелі выбоіны і перакосы, асыпалася аддзелка поручняў. У планах на перспектыву – і прачыстка ўсёй сістэмы вентыляцыі. А вось рамонтам інжынерных сетак у гэтай навучальнай установе ў бліжэйшы час будзе займацца ТАА “ВІРСАНбуд”. Яго спецыялісты на Ушаччыне неўпершыню: летась аднаўлялі дахі ў Арэхаўскай і Ільюшынскай СШ. Зробяць яны і гідраізаляцыю ў школьным манежы, ціры, дзе дагэтуль нярэдка здаралася працечка вады.

Урэшце спраўдзіцца даўняя мара многіх педагогаў, бацькоў дашкольнікаў і проста неабыякавых ушачан убачыць на тэрыторыі дзіцячага сада №2 новае асфальтавае пакрыццё і бардзюры – каб больш не “кульгаць” па выбоінах, не чапляцца за рэшткі старых акаёмак. Самастойна вырашыць праблему з-за адсутнасці фінансавання на працягу многіх гадоў не атрымоўвалася. Як нам расказалі ў цэнтры па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый, работ у дашкольнай установе запланавана сапраўды шмат – завяршыць іх супрацоўнікі ПМК-66 абяцаюць у жніўні.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *