Проект «Один день с…». Провели смену вместе младшей медсестрой и узнали, легко ли работать в приюте для пожилых и инвалидов

Общество

“Здароўя няма, дзеці далёка… Відаць, трэба ўжо ў Вяркуды збірацца…” – такія словы раз-пораз чуеш ад састарэлых ушачан. За 15 год існавання аддзялення кругласутачнага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў ТЦСАН Ушацкага раёна назва аграгарадка, дзе яно размешчана, стала гаваркой. Прыводзяць сюды людзей розныя абставіны: хтосьці аслабеў і стаў не ў сілах сябе абслугоўваць, нехта пазбавіўся клопату блізкіх, у іншых струхнела хата…

В.Кляшторная, Н.Кірпічонак.

Віктар Сямёнавіч Пабойкін, напрыклад, прыехаў пяць год таму, калі з-за хваробы яму аднялі нагу. Хутка адаптаваўся і зараз зараджае пазітывам усіх, хто навокал. “Гутарыў па тэлефоне з былой суседкай з Двор Павулля, дык яна скардзіцца, што ў вёсцы зімой маркотна, словам няма з кім перакінуцца – з катом размаўляе. А я кажу: да нас пераязджай, тут дакладна не засумуеш”, – з усмешкай распавядае мужчына. “Ну вось, новых дзяўчат вярбуе! Я вам па сакрэце скажу: ён нагу не ад хваробы страціў: пятку накалоў, калі з кабетамі па ржэўніку гуляў!” – кпіць з сябра сусед па пакоі Леанід Сяргеевіч Федарэнка. Ён тут таксама асоба прыкметная: калі перабіраўся ў Вяркуды з Янова, у ліку рэчаў першай неабходнасці прыхапіў з сабой… баян, без якога цяпер не абыходзіцца ніводны канцэрт. Вось толькі, відаць, аджыў ужо сваё інструмент, зычна рыпіць, калі мяхі расцягваюць. “Можа вы б праз газету запыталіся – раптам у кагосьці з чытачоў ёсць больш спраўны: наш музыка быў бы вельмі рады падарунку”, – зазначае малодшая медсястра аддзялення Наталля Уладзіміраўна Кірпічонак, якая суправаджае нас па пакоях. Менавіта праз яе працоўны дзень мы і пазнаёмімся з няяркай і спецыфічнай, але вельмі патрэбнай прафесіяй санітарачкі (пад такой больш звыклай назвай мы ведаем гэту пасаду). А яшчэ і патлумачым, чаму не варта жахліва ўздрыгваць, пачуўшы словы “прытулак для састарэлых”.
                                          Ноччу – глядзі ва ўсе вочы!

Змена малодшай медсястры доўжыцца суткі. І калі днём у аддзяленні шмат работнікаў, то ноччу ўвесь клопат і адказнасць кладзецца на плечы санітарак. Той, хто думае, што ім можна на гадзіну-другую прылегчы на канапу – памыляецца. Ноччу часта абвастраюцца хваробы і літаральна кожнаму з трох дзясяткаў падапечных можа раптоўна зрабіцца дрэнна: нядаўна, напрыклад, Наталля фактычна вырвала з таго свету мужчыну, у якога рэзка ўпаў ціск. “Калі ўбачыла на танометры 60 на 10, загадала сабе не панікаваць – набрала “103” і пад дыктоўку медыкаў рабіла ўсё, каб пратрымацца да прыезду “хуткай”. А ўвогуле самы хадавы прэпарат аптэчкі ў нас “каптапрыл”, хутка паніжаючы ціск, па выглядзе чалавека можам вызначыць прыкметы інсульта, ведаем, як дапамагчы пры прыступе эпілепсіі”, – расказвае работніца.

Я.Мілы, Л.Федарэнка, В.Пабойкін.

Кава і “манікюр”

А чацвёртай гадзіне раніцы стартуе першая ўборка – яе, канечне, робяць максімальна ціха. У пяць некалькім самым знямоглым трэба памяняць памперсы, праз гадзіну – закіпяціць чайнік, бо васьмёра тутэйшых “жаўрукоў” распачынаюць дзень з кавы. Некаторым варта дапамагчы з ранішнім туалетам, закапаць вочы. Пасля сняданку пастаяльцы па раскладзе прымаюць ванну: у дзень нашага візіту санпрацэдура была запланавана для чатырох. Самастойна спраўляюцца з гэтым не ўсе. “У першыя паўгода працы саромелася дапамагаць мыцца мужчынам. Але трапіў да нас старэнькі дзядок з маёй роднай вёскі Гарадок і заявіў, што можа даверыцца толькі зямлячцы. Прыйшлося прывыкаць! – з усмешкай прыгадвае работніца. – Не так даўно паступіла да нас дзяўчына-інвалід, якая раней жыла з матуляй і амаль не выходзіла з хаты, а калі яе не стала, аказалася, што дачка не ўмее нават пацерціся мачалкай. Мы ж стараемся сфарміраваць у яе пэўныя навыкі, цярпліва вучым, і цяпер яна многае робіць сама і ўжо крыху апякуе старэнькую суседку па пакоі”.

Пра нюансы справы Наталля распавядае, як кажуць, без адрыву ад вытворчасці: робіць “манікюр і педыкюр” сваёй падапечнай, перасцілае пасцель – напэўна, каб быў па гэтай маніпуляцыі сусветны чэмпіянат, яна б узяла кубак, бо мяняе бялізну за пару дзясяткаў секунд. Брудныя рэчы санітарка тут жа перадае Таццяне Казловай, якая гаспадарыць у пакоі з пральнымі машынамі.

Т.Казлова.

Песні для душы

Між тым жыхары аддзялення бавяць перадабедзенны час за рознымі заняткамі. Некаторыя сядзелі ў холе ля тэлевізара. Дарэчы, самы масавы сеанс тут бывае раніцай панядзелка – ва ўстанове склаліся правілы: вечарамі выхадных глядзяць кіно (выбар мужчын, якіх зараз тут крыху больш), таму жанчыны ўключаюць свае любімыя “Прывітанне, Андрэй!” і “Песні для душы” потым “на адмотцы”.

Ажыўлена было ва ўтульным пакоі для адпачынку і творчасці, дзе сацработнік Наталля Бакурына сабрала рукадзельніц. Жанчыны вязалі кручком прыгожыя сурвэткі, а Марыя Макараўна Канапелька нават правяла для нас невялічкі майстар-клас. Маладзейшая ўдзельніца гуртка Людміла рабіла ўпрыгожанне з бісеру – з-за інваліднасці працэс даецца ёй няпроста, але ён вельмі карысны для рэабілітацыі. Дубраўчанка Іна Лявонцьеўна Кандратовіч любіць займацца на велатрэнажоры і чытаць – дзянёк выдаўся пагодлівы, і жанчына ўладкавалася з кнігай у альтанцы. На двары мы ўбачылі і Сашу Маковіча: у Вяркудах яму вельмі падабаецца, і хлопец шчыра імкнецца быць карысным – стаў першым памагатым у агародных справах, а яшчэ ахвотна ўзяў на сябе догляд за агульным любімцам – сабачкам па мянушцы Пятровіч (так празвалі яго мясцовыя гумарысты, бо дастаўся ён установе ад былой гаспадыні Пятроўны). А вось пажылая Соф’я Іванаўна Махонька адправіцца на прагулку пакуль не рызыкуе, затое пранікнёна выканала для нас песню пра вайну і каханне. Валянціна Рыгораўна з райцэнтра з цеплынёй расказвала пра ўнука, які заняты на дзяжурствах, але часта прыязджае яе праведаць, прывозіць гасцінцы.

І.Кандратовіч.

Ад дыфірамбаў да горычы

“Паглядзіце, як тут цёпленька, чысценька, а як кормяць смачна! Мне нядаўна родныя тэлефанавалі, маўляў, можа мяне забраць, дык я адказала, што нізавошта нікуды не паеду!” – горача распавядала нам у адным з пакояў сухенькая бабулька. “Пра тое, што яе варта ўзяць да нас, падказалі суседзі. Жыла амаль зусім без догляду, нават расказваць не хочацца, у якіх умовах, – тлумачыць нам Наталля. – А ўвогуле мы многім жыццё падаўжаем. Памятаю, паступіла да нас бабуля зусім знямоглая, дык яе брат быў вельмі ўдзячны: “Яна толькі дзякуючы вашаму догляду яшчэ тры гады пражыла!” Доўга не магла прывыкнуць жанчына з Пралетарыі, якую прывезлі пасля інсульта: днямі маўчала ды плакала. З такімі патрэбна асаблівая далікатнасць і цярплівасць. Зрэшты, не буду казаць, што ўсе пяюць нам “дыфірамбы”. Некаторыя надта сумуюць па доме. Не кожнаму даспадобы жыццё ў калектыве, ды і радня, бывае, “ваду каламуціць”.

Але гэта – адзінкавае. Абсалютная большасць пастаяльцаў Наташу і яе калег любяць, як родных. Ды вы і самі бачыце, як прыціскаецца да яе на здымку былая жыхарка Слабады Валянціна Васільеўна Кляшторная. “Яна вельмі добразычлівая, як пойдзе ў краму, заўсёды мне марожанае нясе! Ды і мы сваім бабулечкам і дзядулькам з дому стараемся нейкіх гасцінцаў прыхапіць!” – прызнаецца малодшая медсястра. Яны вельмі прывыкаюць да падапечных, пра кожнага ведаюць “усю паднаготную”, бо выслухаць старых – важнейшы складнік клопату. Усім калектывам радуюцца, калі між людзьмі завязваецца сяброўства ці нават рамантычныя адносіны – некалькі год таму мы пісалі пра шлюб, які тут быў зарэгістраваны. “Маладыя”, дарэчы, пасля роспісу вырашылі падацца “на вольны хлеб”, ды лёс, на жаль, адмерыў ім няшмат часу. Сыход з жыцця пастаяльца – горкі момант для ўсёй установы. Памятаюць тут кожнага. “Вось гэтыя прыгожыя шкарпэткі наша Мая Іванаўна Сакалова звязала. Такая светлая жанчына, дагэтуль па ёй сумуем”, – уздыхнула санітарачка, калі мы праходзілі ля выставы тутэйшых умельцаў. І любяць работнікі прыгадваць, як зладжана дзейнічалі ў час кавіднай эпідэміі, жылі “вахтамі” побач з падапечнымі і не дапусцілі ніводнай страты!

А абед – па раскладзе

…У аддзяленні тым часам заканчваецца цэнтральная падзея дня – абед. Сёння ў меню крупяны суп і бефстроганаў з макаронамі. Кормяць тут годна, харчаванне чатырохразовае. Дарэчы, з пачатку года ў рацыёне такіх устаноў павялічыліся нормы мяса і рыбы на чалавека: цяпер штодня пастаяльцы ўжываюць іх адпаведна па 120 і 50 грамаў.

Са сталовай між тым даносіцца голас гумарыста Пабойкіна: “Так, паглядзім меню на вячэру. Хм, тушаная капуста з фаршам… А можна для мяне спецзаказ: “Тушаны фарш без капусты”? Гэтаму вастраслову толькі пападзіся пад руку: ёсць у яго сусед, які дрэнна бачыць, дык Сямёнавіч іншы раз кажа: “А што гэта ў цябе галушкі пустыя? Дзіўна, мне дык з мясам далі. Можа, на тваю долю не хапіла?” І даверлівы дзядок пад смяшкі сяброў ідзе да повараў высвятляць сітуацыю…

Сталовую людзі пакідаюць у добрым настроі, дзякуюць за смачную ежу і адпраўляюцца на “ціхую гадзіну”. У гераіні ж аповеду ёсць час, каб працерці падлогу ў калідоры, прыбраць санвузлы (гэтыя маніпуляцыі яна не раз паўторыць да адбою) і спадарожна расказаць нам пра сябе і любімы калектыў.

Н.Бакурына з гурткоўцамі.

Адной сям’ёй

У юнацтве Наташа атрымала будаўнічую спецыяльнасць і жыла ў Полацку, але пазней выйшла замуж за вяркудскага механізатара Аляксандра і пераехала ў аграгарадок. Уладкавалася ў школу тэхнічкай, а ў 2009-м, праз год пасля адкрыцця аддзялення, перайшла на цяперашнюю пасаду. Калектыў тут згуртаваны, многія працуюць з першага дня. Цяжка нават пералічыць абавязкі і клопаты, што ляжаць на плячах загадчыцы Алены Ігнатовіч, ведаюць сваю справу малодшыя медсёстры Валянціна Кладніцкая і Святлана Мядзвецкая, повары Таццяна і Людміла Кладніцкія, загадчык гаспадаркі Таццяна Грак, іншыя супрацоўнікі, а без рабочага Анатоля Чумака, які ахвяруе для грамадскай патрэбы свой трактарок, не змаглі б трымаць у такім парадку агарод і тэрыторыю. Над рамонтам будынка, навядзеннем прыгажосці ў двары шчыруюць грамадой – і абсалютна заслужана аддзяленне трапіла летась у лік пераможцаў раённага конкурсу па добраўпарадкаванні.

*   *   *

“Працаваць з пажылымі – гэта маё. Люблю сваю работу. Бывае, кажу мужу перад зменай: “Ну, да пабачэння! Пайду дамоў”, – усміхаецца галоўная гераіня аповеду. Шчыра кажучы, няшмат сустракала людзей, якія маюць менавіта такое прызванне. Але пасля праведзенага тут часу падалося, што я яе разумею. Прафесія ў яе сапраўды высакародная, а людзі, з якімі Наташа і яе калегі дзеляцца цеплынёй сваёй душы, плацяць за гэта шчырай адданасцю. І менавіта дзякуючы падобным работнікам старасць, нават калі яна праходзіць у сацыяльнай установе, мае не толькі змрочныя фарбы.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *