В июле на Ушаччине возбуждено девять уголовных дел

Происшествия

Па інфармацыі райаддзела міліцыі, у ліпені на Ушаччыне ўзбуджана дзевяць крымінальных спраў. Крадзяжы, якія традыцыйна лідзіравалі ў штомесячных зводках, упершыню ў гэтым годзе саступілі месца фактам нявыплаты бацькамі аліментаў.

У ліку “эканамістаў” аказалася чацвёра нашых землякоў. Так, жыхарка раёна 1973 года нараджэння, з’яўляючыся абавязанай асобай, не надта думала пра своечасовае пералічэнне сродкаў на ўтрыманне траіх непаўналетніх дзяцей: “назбірала” больш 15 прагулаў і 709 рублёў доўгу. А ў 33-гадовага ўшачаніна гэта сума склала аж 1992 рублі – ён больш трох месяцаў не пералічаў грошы на сына і дачку. Амаль 1,5 тысячы “зэканоміў” на дзіцяці мужчына 1977 года нараджэння. Неўпершыню “засвяціўся” па адпаведным артыкуле 50-гадовы тата: за нявыплату аліментаў адсядзеў вызначаны тэрмін, але за розум не ўзяўся – п’янка аказалася даражэй за сына…


Крымінальную справу па факце прычынення лёгкіх цялесных пашкоджанняў зарабіў сабе жыхар адной з вёсак Жарскага сельсавета. Разам з маці ён распіваў спіртное. Прынятага на грудзі аказалася мала, але жанчына бегчы ў магазін адмаўлялася. “Угаварыць” яе сын паспрабаваў з дапамогай кружкі: схапіў посуд са стала і ўдарыў блізкага чалавека па галаве.


Відаць, не думаў жыхар Вяркуд, што сярод белага дня на яго маёмасць можа нехта паквапіцца, таму і пакінуў без нагляду ў двары свайго дома мабільны тэлефон. Невядомаму пакуль злодзею шмат часу не спатрэбілася, каб разжыцца на дарагі сродак сувязі – яго кошт звыш 2,2 тысячы рублёў.
Гэтак жа ў свабодным доступе ў адным з двароў у Завячэллі да нядаўняга часу ляжала пяць чыгунных рашотак агульным коштам 239 рублёў. Прысвоіць іх вырашылі двое таварышаў 1986 і 1973 гадоў нараджэння. Дарэчы, адзін з іх – мясцовы.


Не абышлося і без чарговага трыумфу махляроў. Яшчэ ў красавіку бягучага года адзін з іх звязаўся з ушачанкай у сетцы “Тэлеграм”, задурыў галаву магчымасцю ажыццявіць выгадную здзелку на біржы і пазбавіў 1830 рублёў. Гэты ж “маклер” ачмурыў напачатку ліпеня яшчэ аднаго нашага земляка, які таксама не ўстаяў перад “лёгкім заробкам” і развітаўся з 250 рублямі.

Кацярына Кавалеўская.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *