65% маленьких белорусов подвергались в семье физическому или психологическому насилию

Профилактика и безопасность

65 працэнтаў маленькіх беларусаў падвяргаліся ў сям’і насіллю – фізічнаму ці псіхалагічнаму. Пры гэтым 8 працэнтаў бацькоў лічаць названае нормай. Такую статыстыку выявіла нядаўна праведзенае ў нашай краіне апытанне.

Адрозніваюць некалькі відаў насілля над дзецьмі. Фізічнае мае на ўвазе прычыненне цялесных пашкоджанняў. Сэксуальнае зводзіцца да ўключэння непаўналетняга ў палавыя адносіны, разбэшчвання з яго згоды ці без. Псіхалагічнае ўздзеянне (частая крытыка, пагрозы, абразы, наўмысная ізаляцыя, невыкананне дарослымі дадзеных абяцанняў) можа справакаваць фарміраванне ненармальных рыс характару малога, затармазіць развіццё. Праяўляецца жорсткае абыходжанне і ў простай пагардзе: адсутнасці ўвагі, клопату, выхавання малога.
У згвалтаваных дзяцей можа назірацца перакручанае паняцце аб адносінах. Яны дэманструюць празмерна “дарослыя” паводзіны, уцякаюць з дома, адчуваюць страх і трывогу, становяцца агрэсіўнымі. У падлетка прыніжаецца самаацэнка, ён становіцца схільным да дэпрэсіі, могуць з’явіцца суіцыдальныя
думкі.
У Беларусі штогод усё больш непаўналетніх падвяргаюцца сэксуальнаму насіллю, у тым ліку праз інтэрнэт. Каб такога не здарылася, прывучыце сваіх сыноў і дочак расказваць пра падзеі іх жыцця, навучыцеся ўважліва слухаць. Заахвочвайце дзяліцца перажываннямі, будзьце ў курсе ўзаемаадносін з аднагодкамі, старэйшымі дзецьмі і дарослымі. Навучыце цвёрда казаць “не” кожнаму, хто замахваецца на недатыкальнасць. Устанавіце праграму “Бацькоўскі кантроль” на персанальных камп’ютарах дзяцей. Прагаварыце, як іншыя людзі могуць успрыняць іх паводзіны, танцы, фота ў сацсетках. І самае галоўнае – як мага больш часу праводзьце разам: ад недахопу бацькоўскай увагі малыя з большай верагоднасцю праявяць цікавасць да “цёплых” зносін з чужым
чалавекам.
Пра любыя фізічныя факты насілля паведаміце ў міліцыю па нумары 102, псіхалагічнага – у райбальніцу – 5-03-94 (кансультацыя псіхіятра – ананімная). Можна таксама бясплатна патэлефанаваць на нумар агульнанацыянальнай “гарачай лініі” для пацярпелых ад дамашняга насілля 8-801-100-8-801 – званкі прымаюцца з 8 да 20 гадзін, па аўторках і суботах на лініі дзяжурыць юрыст, у астатнія дні – псіхолаг.

Паліна ПУГАЧ,
урач псіхіятр-нарколаг Ушацкай ЦРБ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *