Где выгоднее купить: сравнили стоимость экзотических фруктов в магазинах г. п. Ушачи

Калейдоскоп

Самы вялікі, але ж і дарагі асартымент – у магазіне “Санта”. Толькі тут знойдзеце манга за 7.99 рубля за кілаграм, какос за 7.49, авакада – 11.99, лайм – 15.99. Ёсць некалькі відаў персікаў – за 7.99 і 8.99 (апошнія з Парагвая), апельсіны і грэйпфруты – за 6.99, бананы – 3.99, нектарыны – 7.49, зялёны вінаград – 7.99, ківі – 8.99. Папулярныя зараз кавуны абыдуцца ў 1.59, дыня “Тарпеда” – 3.49. Да ўчарашняга дня на акцыі былі лімоны – 5.99.

У магазінах ушацкага філіяла аблспажыўтаварыства такога выбару дакладна няма. У лепшым выпадку знойдзеце на паліцах адну-дзве разнавіднасці экзатычных фруктаў, найперш – кавуны. Дарэчы, каштуюць яны тут 1.50.

Самы ж танны варыянт – 1.35 – прапануюць у “Капеечцы”. Тут жа можна набыць дзве разнавіднасці дыні: “Тарпеда” – за 3.15, “Гулябі” – 3.35. На “чырвонай цане” знаходзяцца зараз таксама персікі – 6.19, бананы – 2.99, апельсіны і лімоны – 5.99, вінаград “Кішміш” – 5.79 і “АнтэпКарасі” – 8.59.

Такія ж скідачныя цэннікі – на многіх фруктах у “Еўраопце”. Так, вінаград “Кішміш” можна набыць тут за 5.95, лімоны – 5.99, ківі – 8.95. Даволі прывабны кошт – на кавуны і дыні “Тарпеда”: 1.49 і 3.19 адпаведна. Ёсць у продажы таксама бананы за 3.99 і 3.19 (апошнія крыху паляжалі), апельсіны – 6.69, зялёны вінаград – 7.95, грэйпфруты – 6.29, памэла – 6.99, мандарыны – 6.79, нектарыны – 7.89.

Раніцай аўторка на рынку ў наяўнасці былі толькі прыгожыя лімоны за 7.40 і апельсіны за 6.50. З бананаў, ківі і персікаў трэба было павыбіраць цэлыя. Але ж у гэты дзень чакаўся завоз, у тым ліку “сезонных” кавуноў і дынь. Так што прыцэньвайцеся – і ешце вітаміны.

Нягледзячы на тое, што існуе больш за 300 відаў бананаў, большасць людзей ядуць адзін – Кавендыш. Ён смачны і вырошчваецца ва ўсім свеце – ад Гаваяў да Тайланда.

Спелыя апельсіны – неабавязкова аранжавыя. У цёплых краінах, дзе яны вырошчваюцца, лупіна змяшчае шмат хларафілу, надаючы пладам зялёны колер. У больш халодных месцах рэчыва знішчаецца – як у лісці на дрэвах – таму праступае аранжавая мякаць. Лічыцца, што такія фрукты ўжо прайшлі пік спеласці.

Насуперак міфу з Торы пра тое, што ў кожным гранаце – 613 зерняў, у рэальнасці кароль садавіны змяшчае больш за 1000. Названы фрукт – сапраўдны вітамінна-мінеральны комплекс, які запавольвае рост ракавых клетак і ратуе ад вялікай колькасці вірусаў.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *