Накануне Дня пожилых людей в Ушачском районе прошёл республиканский марафон по скандинавской ходьбе «Шаг к долголетию»

Cпорт

Калі бачыш, як дружна, азартна і весела рыхтуюцца да чарговага мерапрыемства ўшацкія аматары актыўнага ладу жыцця “залатога” ўзросту, міжволі хочацца да іх далучыцца.

І калі ў сонечны чацвер спартсменкі, актывісткі і проста прыгажуні выходзілі ад спарткомплексу на дыстанцыю рэспубліканскага марафону па скандынаўскай хадзьбе, ледзь утрымалася ад спакусы прыстроіцца ў хвост групы.

На лідарства я б не пацягнула: жанчыны з клуба “Імпульс” і аддзялення для грамадзян пажылога ўзросту і комплекснай падтрымкі ТЦСАН пастаянна трымаюць сябе ў тонусе і добра асвоілі тэхніку гэтага віду фізічнай актыўнасці. Таму прыйшлося тэрмінова “ўспомніць”, што трэба вяртацца ў рэдакцыю…

Між тым трохкіламетровае падарожжа “марафонцы” адолелі без праблем. А самыя хуткія і вынослівыя на гарадскім пляжы атрымалі дыпломы ад фізкультурна-спартыўнага клуба. Першай, як, дарэчы, і год таму, стала Святлана Маршалава, “срэбра” падзялілі Наталля Глінская і Наталля Прашковіч, “бронзу” – Жанна Літвін і Ларыса Ігнатовіч. Апошняя разам з Валянцінай Клундук была адзначана і ў намінацыі самых узроставых фізкультурніц. А сертыфікаты аб удзеле ў марафоне атрымалі ўсе.

Прыемна, што актыўнасць была не толькі ў райцэнтры: да рэспубліканскага марафону далучыліся і пенсіянеры з Дубраўкі на чале са старшынёй мясцовай ветэранскай пярвічкі Аленай Захараўнай Кучко – і па фотаздымку відавочна, што спартыўная падзея прынесла ім бадзёрасць і выдатны настрой. А значыць, сваю функцыю марафон “Крок да даўгалецця” выканаў.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *