В деревне Сорочино открылся фельдшерско-акушерского пункт

Здравоохранение

У Сарочыне ва ўрачыстай абстаноўцы адкрыты новы фельчарска-акушэрскі пункт. Падзея для вяскоўцаў прыемная і чаканая, цяпер тут створаны камфортныя ўмовы для аказання медыцынскай дапамогі і прыёму пацыентаў.

 

Даражэй за здароўе ў чалавека нічога няма. Здаровая нацыя – важны складнік бяспекі любой дзяржавы. Аб гэтым вясной на нарадзе па актуальных пытання аховы здароўя казаў Прэзідэнт і даў канкрэтныя даручэнні па навядзенні парадку ў медыцынскіх установах усіх узроўняў, стварэнні умоў для аказання якаснай дапамогі насельніцтву. Пры гэтым асаблівая ўвага павінна быць удзелена сельскім жыхарам. Вялікая работа ў гэтым накірунку праведзена ў нашым раёне. На сённяшні дзень на Ушаччыне функцыянуе 15 ФАПаў і сёлета на іх рамонт і мадэрнізацыю з раённага бюджэту было выдзелена 101500 рублёў. Стары будынак Сарочынскага ФАПа выклікаў найбольшую заклапочанасць,
бо перастаў адпавядаць санітарным і тэхнічным патрабаванням, быў прызнаны аварыйным. Было вырашана даць установе другую прапіску. Падыходзячае памяшканне знайшлося побач у будынку, дзе размяшчаецца кафэ “Ежа.Кава” Ушацкага філіяла. Канечне, патрабаваліся пэўныя падрыхтоўчыя работы – замена вокнаў, касметычны рамонт. На гэтыя мэты было затрачана 6 тысяч рублёў.

Хоць ФАП і атрымаўся кампактны па плошчы, але ўтульны і камфортны: ёсць пакой для чакання, кабінет прыёму фельчарам і працэдурны. Тут можна не толькі атрымаць першую медыцынскую дапамогу, а і прайсці дыспансерызацыю, вакцынацыю, набыць медыкаменты, а таксама пакінуць пратэрмінаваныя лекі ў спецыяльным пункце збору. Па ўжо складзеным графіку тут будуць праводзіць прыёмы ўрачы паліклінікі.

У чацвер на адкрыцці гэтага важнага сацыяльнага аб’екта сімвалічную чырвоную стужку перарэзалі старшыня райвыканкама С.С.Садоўскі, старшыня Сарочынскага сельвыканкама В.І.Клімашэўскі і галоўны ўрач райбальніцы Ю.В.Пацёмкін, а сімвалічны ключ уручаны загадчыцы ФАПа Н.Л.Скрабатун.

У зоне абслугоўвання Сарочынскага ФАПа 13 вёсак з агульнай колькасцю насельніцтва 312 чалавек, з іх 35 – дзеці.

З вялікім інтарэсам і задавальненнем вяскоўцы пасля цырымоніі адкрыцця заходзілі на экскурсію. “Сапраўдны падарунак для нас! Проста не параўнаць цяперашнія ўмовы з тымі, якія былі на старым ФАПе.

Тут цёпла, светла і ўтульна, нават гарачая вада ёсць. Бачым, што папоўнілася матэрыяльная база. І нам прыемна будзе сюды заходзіць, і наш медработнік зможа паўнацэнна працаваць. Дзякуй кіраўніцтву раёна, райбальніцы і ўсім, хто прымаў удзел у падрыхтоўцы фельчарска-акушэрскага пункта”, – такія шчырыя водгукі давялося пачуць ад вяскоўцаў у першы дзень работы ўстановы.

Вольга КАМАРКОВА



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *