«Я самая счастливая»: Наталья Николаевна Кулик не только многодетная, но и приёмная мать

Общество

«Я самая шчаслівая!» З такога прызнання пачалося наша знаёмства з ураджэнкай Гомельшчыны, а зараз жыхаркай аграгарадка Глыбачка Н.М.Кулік. У госці да яе напярэдадні самага душэўнага свята мы выбраліся невыпадкова: жанчына не толькі мнагадзетная, але і прыёмная маці. Праўда, апошні выраз Наталля Мікалаеўна не любіць: усе дзеці, якіх у яе зараз сямёра, – свае, родныя.

Гераіня нашага аповеду сама вырасла ў вялікай дружнай сям’і: у яе брат і пяцёра сясцёр. Вядома, пра цішыню і спакой па адным з адрасоў у Старым Сяле, куды з бацькамі яны перабраліся яшчэ малымі, гаворкі не ішло. Аднак гэта было Наталлі па душы – у такім своеасаблівым хаосе яна адчувае радасць жыцця.

– Гэтак жа шумна і весела зараз у нашым з мужам доме, – расказвае Н.М.Кулік. – Атрымалі яго 13 год таму па субсідыі, нядаўна выкупілі другую частку – і зараз у распараджэнні ажно 260 квадратных метраў. Для вялікага сямейства гэта не столькі раскоша, колькі патрэба – неабходны ж асобныя пакоі для дзяўчат і хлопцаў, месцы для заняткаў. Удзячна лёсу, што звёў мяне з маёй палавінкай Рыгорам Мікалаевічам Сіскевічам, які працуе ў мясцовым лясніцтве. Ён гэтак жа з мнагадзетнай сям’і, а трапіўшы ў свой час у катэгорыю сірот, здолеў зразумець важнасць сямейнасці, шчырых і даверлівых адносін паміж людзьмі. Не люблю хваліцца, але з мужам мне адназначна пашанцавала: не п’е, гаспадарлівы, носіць на руках, ва ўсім дапамагае, падтрымлівае. Што важна, вельмі любіць дзяцей, а яны яго. З такім ніякія цяжкасці не страшныя!
Калі рэгістравалі шлюб, у Наталлі Мікалаеўны ўжо было двое сыноў. З імі яе абраннік хутка знайшоў агульную мову – і зараз 24-гадовы Андрэй, які працуе ў Дэпартаменце аховы ў Полацку, а таксама 20-гадовы Максім, які заканчвае вучобу ў каледжы, цёпла называюць яго “бацем”. Не сталі адкладваць закаханыя і нараджэнне агульнага дзіцяці – праз год з’явіўся Дзяніс.

– Нават не верыцца, што ён ужо ў сёмым класе, – прызнаецца жанчына. – Сябруе пераважна са старэйшымі хлопцамі, шустры, дома не злавіць. Але ж вучобу цягне: плануе пайсці ў кадэты. Старэйшыя сыны – іншыя. Спакойны Андрэй, калі яшчэ жыў з намі, быў першым маім памочнікам. Зараз ён марыць пра кантрактную службу ва Узброеных Сілах Рэспублікі Беларусь.

Жаданне Наталлі Мікалаеўны стаць прыёмнай матуляй муж ахвотна падтрымаў. Так у іх сям’і з’явілася Яна. Як успамінае жанчына, хваравітую дзяўчынку, якой было ўсяго 1,3 годзіка, забіралі прама з інфекцыйнага аддзялення райбальніцы. Спецыяльна для яе завялі коз, бройлерных курэй – на стале заўсёды было карыснае малачко і дыетычнае мяса. Клопат, любоў, пяшчота хутка паставілі Яну на ногі – акрамя лёгкіх прастуд яна даўно нічым не хварэе.

– Напэўна, ветэрынар ці аграрый вырасце, – усміхаецца, расказваючы ўжо пра 11-гадовую дзяўчынку, наша гераіня. – Дапамагае мне ў агародных клопатах, не пойдзе ў дом, пакуль не ўпэўніцца, што ўся наша жывёла – свінні, куры, індыкі, каты ды сабакі – накормлены.

Гонар жанчыны – і Аляксандра, пляменніца мужа. Калі даведаліся, што яна трапіла ў прытулак, не раздумвалі ні хвіліны – і ўжо на наступны дзень сустракалі дзяўчынку ў сябе дома. Цяпер гэта выдатніца вучобы, якая марыць стаць настаўнікам, спартсменка, вакалістка, актывістка ўсіх школьных спраў. Калі ж нядаўна ў сувязі з 14-годдзем спецыялісты кампетэнтных органаў у яе спыталі, ці хоча змяніць прыёмных бацькоў, быць кімсьці ўдачаронай, Саша нават абурылася: “Навошта? У мяне ўжо ёсць сям’я!”.
А вось самай малодшай Ульяне, якой зараз сем, у свой час праз такое давялося прайсці. Вядома, не па ўласным жаданні: ранейшай прыёмнай маці надакучыла несці такую адказнасць. Даведаўшыся пра гэта, Н.М.Кулік зноў паспяшалася прапанаваць сваю кандыдатуру – і з мінулага года дзяўчынка выхоўваецца ў яе сям’і.

– Выдатна малюе, займаецца танцамі і спортам, – з гонарам расказвае пра яе Наталля Мікалаеўна. – Можа ўжо шэсць разоў падцягнуцца і нават на шпагат сесці.
Усяго тыдзень таму трапіла ў сям’ю сямікласніца Таня. Першыя некалькі гадзін проста маўчала, калі ж падышла да прыёмнай матулі, якая гатавала вячэру, і прыхінулася, стала зразумела: кантакт знойдзены! За гэты непрацяглы час дзяўчынка многаму навучылася, ды і адзнакі ў школе
падцягнула.

– Не ведаю, як бы жыла без маіх сыноў і дачушак! – сцвярджае Наталля. – Раніцай разам ідзём у школу, дзе працую памочнікам выхавацеля дашкольнай групы. На перапынках – многія зноў у мяне: дзеляцца навінамі, атрыманымі адзнакамі. Па вечарах – сумесныя прагулкі, актыўнае баўленне часу. Любім пагуляць у футбол і валейбол, купілі нядаўна вялікі батут – нярэдка скачам усёй сям’ёй. Многім па душы рыбалка, і пакуль адны чакаюць на саджалцы з вудай паклёўкі, астатнія паляць непадалёк вогнішча, гатуюць шашлыкі.

І ўсё ж галоўны кулінар у сям’і – вядома, маці. Згатуе курачку “як у рэстаране” (такую характарыстыку дала страве Таня) і любімыя Ульянай свіныя шкваркі, засоліць сала, якое з цыбуляй паядае па вечарах Яна, Дзяніса парадуе прасяной кашай, ну а для Сашы з яе “нацягнутымі” адносінамі да бліноў на кіслым малацэ паралельна напячэ звычайных.
Пакуль гутарылі ў школе з Наталляй Мікалаеўнай, яе дзеці падбягалі, патэлефанавалі не раз – прызнаваліся ў атрыманні нездавальняючай адзнакі, цікавіліся, калі яе чакаць дома… Колькі разоў прагучала за гэты час слова “люблю” ў іх адрас, падлічыць не бяруся. Пасля ж кожнай такой размовы твар жанчыны расквечваўся шчаслівай усмешкай. Напрыканцы ж сустрэчы суразмоўца адкрыла цікавы сямейны сакрэт. Праз месяц яны з мужам плануюць павянчацца, узяць агульнае прозвішча, ну а пасля актыўна заняцца пытаннем удачарэння адной маленькай дзяўчынкі. А значыць, на адну шчаслівую дзіцячую душу ў гэтым свеце хутка пабольшае.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *