Журналист «Патрыёта» побывала в Ушачском Доме ремёсел. Делимся впечатлениями

Культура

Ва Ушацкі Дом рамёстваў журналістам можна наведвацца без папярэдняга званка: дырэктар Юрый Пашковіч і яго падначаленыя абавязкова сустрэнуць добразычлівымі ўсмешкамі і сходу пачнуць пералічваць гарачыя навіны ўстановы.

Вось і ў апошні раз усё было менавіта так.

Прынамсі, адна з іх аказалася цалкам прадказальнай: калі прайшла інфармацыя пра тое, што да 85-годдзя нашай вобласці прыдзвінскія майстры лапікавага шыцця выдалі кнігу “Віцебшчына: гісторыя, культура, спадчына”, проста не сумняваліся, што руку да праекта прыклала і ўшачанка Валянціна Мугака. Ініцыятарам жа арыгінальнага падарунка стаў полацкі клуб “Рошва”, а працавалі над ім рукадзельніцы з розных раёнаў: у выніку ў прыгожым пераплёце злучыліся 20 палатняных старонак з выявамі нашых святыняў, помнікаў, знакамітых асоб, спрадвечных страў, прылад працы. Ёсць там і прыдзвінскі васілёк – менавіта ён стаў цэнтральнай фігурай ушацкай старонкі. Кніга зараз знаходзіцца ў абласным метадычным цэнтры народнай творчасці, але Валянціна Канстанцінаўна зрабіла копію маркі, якая засталася ў нашым доме рамёстваў.

Папоўніла скарбонку дасягненняў установы Ірына Качынская: саламяная сава, якую майстрыха вырабіла для конкурсу “Птушыны перапалох”, што праходзіў у рамках экалагічнага фэсту “Жураўлі і журавіны Міёрскага краю”, прынесла ёй званне лаўрэата І ступені. Птушка сапраўды атрымалася прывабнай, спадабаўся журы і арыгінальны “пастамент” у выглядзе “Чырвонай кнігі”. “Срэбра” ў работы Крысціны Кляшчонак, а ўдзельнік клуба “Адраджэнне” Леанід Лісоўскі адзначаны такой жа ўзнагародай у намінацыі “Лепшы птушыны домік”.

Сваімі ўменнямі майстры ўстановы ахвотна дзеляцца з усімі жадаючымі: тут працуюць дзесяць гурткоў, прычым, наведваць іх могуць як школьнікі, так і дарослыя. З верасня пачаў навучаць землякоў лозапляценню Генадзь Рубанік і ўжо паспеў захапіць гэтым старажытным рамяством сваіх вучняў. “З задавальненнем ходзім на заняткі, і ў нас ужо многае атрымліваецца!” – падзяліліся з намі старшакласніцы Сафія Каўрэцкая і Ганна Качко. Высокі рэйтынг і ў новага гуртка К.Кляшчонак “Вітраж”. “У час аднаго з семінараў дырэктар Бешанковіцкага Дома рамёстваў паказала нам тэхніку мастацкага роспісу па шкле – мне яна спадабалася тым, што работы арыгінальныя, але не надта складаныя ў выкананні. Мае гурткоўцы адразу гэта ацанілі!” – адзначае Крысціна. Прываблівае школьнікаў і разьбярства – адметна, што гэты напрамак, які ва Ушачах раней вялі выключна мужчыны, узяла ў свае дзявочыя рукі малады спецыяліст Крысціна Дзярабіна.

Варта нагадаць, што гурткі ў доме рамёстваў бясплатныя, а з іх поўным пералікам і раскладам можна пазнаёміцца на нашым сайце.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *