Хроника происшествий на Ушаччине за октябрь

Закон - один для всех Происшествия

Крадзеж падштурхнуў на грабеж

Па падзеях, што адбываліся ў жніўні-кастрычніку ва Ушацкім раёне і не толькі, можна было б зняць захапляльны дэтэктыў. Яго галоўны герой – 19-гадовы ўраджэнец Лепельшчыны, які пасябраваў з нашай зямлячкай, жыхаркай Двор Пліна, і перыядычна наведваўся да яе ў госці. Падчас аднаго з такіх візітаў і прыкмеціў, дзе ў доме захоўваюцца ювелірныя вырабы сям’і. Устрымацца не змог – залатыя завушніцы ды пярсцёнкі агульным коштам 8200 рублёў сцягнуў, а пазней здаў у ламбард абласнога цэнтра.

Знікнення сваіх каштоўнасцяў пацярпелыя прыкмеціць не паспелі, як лепяльчанін, якім урэшце авалодалі моцныя пачуцці да дзяўчыны і сорам за здзейсненае, вырашыў выправіць сітуацыю. Праўда, абраў для гэтага дзіўны спосаб: залез у прыгаданы вышэй ламбард, каб адшукаць рэчы і непрыкметна вярнуць гаспадарам. Вось толькі на грабяжы яго затрымалі – раскрыўся таксама ранейшы факт крадзяжу. Да слова, “ювелірку” плінцаў малады чалавек усё роўна не знайшоў бы: на той момант яна ўжо была рэалізавана.

Шчодры “падарунак”

І зноў у міліцэйскіх зводках факты траплення ўшачан на ўлоўкі інтэрнэт-махляроў. На гэты раз пацярпелі дзве жанчыны, якія на фішынгавых сайтах для правядзення аплатных аперацый увялі даныя сваіх карт-рахункаў. Як вынік – “падарылі” некаму 400 і 4999 рублёў.

Рабочае – на ўласныя патрэбы?

Крымінальная справа карупцыйнага характару ўзбуджана ў кастрычніку ў адносінах двух пасадных асоб аднаго з прадпрыемстваў раёна. Перавышаючы свае паўнамоцтвы, кіраўнік і яго падначалены здзейснілі крадзеж 7640 кілаграмаў матэрыялу, што выкарыстоўваецца ў іх рабоце, на суму 500 рублёў.

7,5 грама… бяды

Да пяці гадоў арышту пагражае ўшачаніну 1983 года нараджэння, у аўтамабілі якога праваахоўнікамі выяўлена каля 7,5 грама марыхуаны. Мужчына заключаны пад варту, абставіны набыцця ім наркотыку ўстанаўліваюцца.

“Забылася” пра сына

Крымінальная справа ўзбуджана ў адносінах абавязанай асобы 1983 года нараджэння, якая летась не лічыла патрэбным фінансава падтрымліваць свайго сына-навучэнца. Ды і на работу выходзіць былая жыхарка Ушач асабліва не спяшалася – назбірала на адзначаны перыяд 13 прагулаў.

Незаконная зброя

У рамках правядзення на Ушаччыне акцыі “Арсенал” пад увагу праваахоўнікаў трапіў жыхар аграгарадка Глыбачка 1970 года нараджэння. Па месцы жыхарства мужчына захоўваў некалі куплены адназарадны самаробны пісталет (праведзеная экспертыза пацвердзіла, што гэта агнястрэльны выраб) і прыпасы да яго. За такі незаконны “скарб” яму пагражае да сямі гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці ці без.

За дапушчаныя вольнасці…

Ураджэнец Вяркуд 1985 года нараджэння ўжо меў судзімасць. Праўда, адбытае пакаранне ўзяцца за розум не прымусіла – мужчына ўсяляк ігнараваў ўстаноўленыя патрабаванні прэвентыўнага нагляду і “зарабіў” чарговую крымінальную справу.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *