В организации школьного питания есть изменения. Рассказываем подробности

Общество

Дзеці ёсць дзеці. Калі нясмачна і аднастайна, значыць “аб’явяць галадоўку”. Пра тое, што трэба мяняцца школьнаму харчаванню, яшчэ нядаўна сведчала вельмі высокая доля адходаў: у сметнік ішло каля 30-35 працэнтаў страў пры норме да 15. У рамках пілотнага праекта Міністэрства адукацыі ва Ушацкай школе паспрабавалі сумясціць карысць, прыгажосць падачы і знайсці любімыя стравы дзяцей.

Як у рэстаране

Курыныя нагетсы, запечаная долькамі бульба, мітболы “Смак”, пельмені “Мясныя арэшкі”, тварожна-шакаладная запяканка, кактэйль “Шакаладная асалода”… Усё гэта не вытрымка з рэстараннага меню, а пералік новых страў школьнай сталовай.

“Уключыць іх у рацыёны было вырашана ў бягучым навучальным годзе пасля праведзенага анкетавання школьнікаў і іх бацькоў, – расказвае дырэктар навучальнай установы Алена Уладзіміраўна Ворса. – Нелюбімую многімі тушаную капусту, наадварот, выключылі. Рыбу на костцы замянілі на стравы з рыбнага філе – запечаныя ці ў выглядзе нагетсаў. Кожны дзень даём сок ці фрукты (у асноўным яблыкі, грушы, апельсіны), прыйшлася даспадобы дзецям парцыённая агародніна (кукуруза, зялёны гарошак). Па рашэнні бацькоўскага камітэта супы гатуем двойчы на тыдзень, прычым, зноў жа любімыя вучнямі боршч і капусту”.

Сур’ёзна перайначылі і графік харчавання. Паколькі малодшыя школьнікі, якія зранку паелі дома, да канца першага ўрока проста не паспявалі прагаладацца, сняданак перанеслі на пазнейшы час. Дарэчы, зрабілі яго аблегчаным: замест катлеты з бульбай даюць, напрыклад, сырнікі, блінчыкі з творагам.

Старэйшыя школьнікі, як паказвае практыка, ядуць лепш. Для 9-11 класаў першы, ён жа асноўны прыём ежы – у 12.35, да гэтага часу практычна ўсе паспяваюць нагуляць апетыт. “Калі ў раскладзе па 6-7 урокаў, без абеду проста не абысціся! – кажа дырэктар цэнтра па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый і мама Таццяна Глінская. – Да меню мой сын асабліва не патрабавальны, таму ўпэўнена, што галодным не застанецца. Увогуле, лічу патрэбным прывіваць правільныя харчовыя звычкі менавіта ў сям’і. Калі суп дома практычна не гатуюць, то і ў школе дзіця наўрад ці за яго возьмецца. Разбалаваць шаурмой, кандытаркай – значыць адвярнуць ад карысных салатаў, тушанага мяса”.

На сённяшні дзень гарачым харчаваннем ва Ушацкай СШ забяспечана 96 працэнтаў навучэнцаў. Прычым, гэты паказчык паступова павялічваецца: нават самыя заўзятыя “ўхілісты” (пераважна старшакласнікі) ужо не могуць устаяць перад апетытнымі стравамі, пра якія расказваюць сябры.

Не ўсё залежыць ад работнікаў

Заходжу ў сталовую, каб на ўласныя вочы пераканацца, што вучні з нецярпеннем чакаюць смачную паўзу. На гадзінніку – 13.30. Гарачыя стравы ўжо на сталах. Прыгадваю, як некалі бацькі скардзіліся, маўляў, усё падаецца халодным. “Выправіць сітуацыю дапамагло дадатковае ўвядзенне рашэннем райвыканкама стаўкі кухоннага рабочага і 0,5 – адміністратара, – удакладняе А.У.Ворса. – Апошні спецыяліст не толькі размяжоўвае патокі школьнікаў, але і дапамагае дзяжурным зарыентавацца падчас накрыцця сталоў. Таму калі дзеці прыдуць без спазнення, паласуюцца стравамі практычна з пылу, з жару”.

Хвіліны праз дзве-тры пасля званка на абед спяшаюцца наведвальнікі “прадлёнкі”. Галёнка курыная запечаная, макароны з пашахонскім сырам знікаюць з іх талерак імгненна – ледзь паспяваю сфатаграфаваць. “Вельмі смачна, як дома!” – не хаваюць эмоцый юныя едакі.

Пакуль разглядала афармленне абедзеннай залы (былі абноўлены малюнкі на сценах, набыты стэнды пра здаровае харчаванне, правілы паводзін, устаноўлена тэхніка для дэманстрацыі тэматычных відэаролікаў), падаспела другая група школьнікаў.

З сёлетнім абнаўленнем рацыёну ўзровень харчовых адходаў ва Ушацкай школе знізіўся ажно на 20 працэнтаў. У ліку нелюбімых дзецьмі застаюцца рыба і супы.

Неабходнае ёсць

“А ты чаму не заходзіш?” – спыталася ў хлапчука, які таптаўся непадалёк. “Мне хутка дамоў – пераб’юся”, – зазначыў той, але з яўным шкадаваннем зазірнуў у абедзенную залу. Было зразумела: голад ужо дае пра сябе знак, а на харчаванне ён не запісаны. І калі гэта выбар бацькоў школьніка, а не яго самога – у іх жыццёвы дзённік варта было б паставіць “двойку”.

“Гатуюць у нас выдатныя повары! – зазначае А.У.Ворса. – На базе Полацкага хіміка-тэхналагічнага каледжа ўсе прайшлі неабходнае навучанне ці павышэнне кваліфікацыі з прысваеннем чацвёртага разраду. У хуткім часе будзе і загадчык сталовай – кандыдатура ўжо знойдзена. Так што з кадрамі праблем няма, а значыць арганізацыя школьнага харчавання павінна яшчэ палепшыцца”.

Дапаможа ў гэтым і праведзеная нядаўна мадэрнізацыя. Як нам расказалі ў цэнтры па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый, сёлета ў сталовую Ушацкай школы набыты тры адзінкі тэхналагічнага абсталявання, дзве – халадзільнага, посуд. “Новы планетарны міксер значна спрасціў працэс прыгатавання амлетаў, запяканак, – задаволена зазначае повар Вольга Валер’еўна Калугіна (на здымку). – Ужо не ўяўляем сваёй работы і без параканвектамата – дзякуючы яму часта практыкуем запяканне, даволі хуткі і карысны спосаб гатавання. Такія стравы школьнікам даспадобы!”

Як усюды, ёсць яшчэ некаторыя недапрацоўкі. Так, напрыклад, бракеражная камісія не заўсёды ўзважвае гатовыя стравы і вызначае іх тэмпературу. Аднак спецыялісты пастаяннай камісіі па кантролі за харчаваннем навучэнцаў рэгулярна сочаць за сітуацыяй.

Ацанілі не толькі ўшачане

Не ведаю, як хто, а асабіста я, калі б была такая магчымасць, ахвотна хадзіла б на абед ва Ушацкую школу. Гаварыць можна рознае, зусім іншае – ведаць карціну знутры. Калі назіраеш за працэсам гатоўкі, знаёмішся з сапраўды рэстаранным меню, бачыш апетытныя духмяныя стравы, міжволі прачынаецца апетыт.

Непрадузятасць майго меркавання пацвердзілі нядаўна і віцебскія навучэнцы, якія прыязджалі ў наш раён на спаборніцтвы і былі запрошаны ў школьную сталовую. Вяртаючы ўжо пустыя талеркі, юнакі і дзяўчаты не пераставалі дзякаваць поварам, хваліць іх стравы.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *