«Эта работа мне нравится тем, что я сама планирую свое время». Алёна Бучинская о своём хобби

Общество

Работы Алёны Бучынскай убачыла сёлета перад 8 Сакавіка і адразу набыла для падарунка. Рознакаляровыя букеты ў вазончыках былі выстаўлены ў салоне яе сястры “Анжаліка” і спецыяльна прызначаліся да жаночага свята. І ні за што не здагадаешся, што гэта не проста сувенір, а яшчэ і сапраўднае мыла – настолькі тонкія, як жывыя пялёсткі. А як рамантычна кідаць іх у ванну ці распеньваць у руках. Такія рэчы не надакучаць, не замыляць вока. Выраб гігіенічнай прадукцыі жанчына распачала год таму, але шукала спробы падзаробку і раней.

Я была першапраходцам па чыстцы дываноў, мэблі. Паколькі маю пастаяннае месца работы – у пральні райбальніцы, на пазыку на адкрыццё сваёй справы разлічваць не магла, яна выдаецца толькі беспрацоўным, таму ўзяла крэдыт на спажывецкія патрэбы. Прафесійны мыючы пыласос і зараз вельмі дарэчы ў хатнім ужытку, а вось з-за праблем са здароўем давялося адмовіцца ад фізічна цяжкой справы. Але не ад дадатковага заробку. Спачатку меркавала выпускаць фігурны шакалад, аднак спынілася на больш доўгаіграючай прадукцыі і якая не патрабуе вялізных стартавых укладанняў. А на пачатку прайшла адпаведныя анлайн-курсы, – гаворыць рамесніца.

На стале знаёмыя для мяне букеты ў вазонах і ўпакоўцы, а таксама кветкі і дракончыкі на шпажках, каралі, зеляніна і іншыя элементы для ўпрыгожвання вырабаў. Складнікі мыла – аснова, фарбавальнікі, араматызатары – у звычайных кантэйнерах, флаконах, якія заказвае ў розных інтэрнэт-магазінах. Паколькі ў Беларусі даволі вялікая колькасць мылавараў, то ёсць і айчыйныя пастаўшчыкі, і імпартныя. Выбар жа якасных “камплектуючых” прыходзіць толькі з вопытам, як і ўменне. Напрыклад, харчовы фарбавальнік хоць і танней, аднак нястойкі, можа пацячы і сапсаваць выраб. Для простай формы – ромб, зорка, квадрат падыходзяць нават дзіцячыя цацкі. А вось для выпуклых фігур – толькі спецыяльныя сіліконавыя, якія каштуюць шмат і не заўсёды “адбіваюцца”, – расказвае Алёна.

Мыльная аснова можа быць цвёрдай, крэмападобнай і вадкай. Першая ў сваю чаргу дзеліцца на празрыстую, белую і арганічную – лічыцца самай натуральнай.

Напрыклад, да мінулага Новага года набыла розных па памеры і выглядзе зайцаў – а паўторыцца сімвал свята толькі праз 12 гадоў, таму большасць і раздала для гульні дзецям. Сёлетнія дракончыкі – у меншым асартыменце, пераважна для дзіцячых букецікаў у невялічкай упакоўцы. А малышам, нават якія баяцца мыла, цікава будзе ўзяць у ручкі каляровую фігурку. Вочкі драпежніку Алёна малюе, а вось брушка – маналітнае, проста мыла іншага колеру заліваецца ў другі прыём, як і любыя неаднатонныя рэчы. Алёна дастае мяккі сіліконавы брусочак, раскрывае яго і я бачу ружу – з такой формы атрымліваецца маналітнае мыла ў форме кветак. А вось танюткія пялёсткі дае зусім іншая форма. Да 23 лютага ажыятаж аказаўся на вялізных ракаў, якія жанчына рабіла ўсю ноч, а ў кватэры стаяў пах “табаку” – мыла, зразумела, было з мужчынскім араматам. За год з’явіліся пастаянныя кліенты, у некаторых Алёна ўжо не пытаецца, малінавы ці абрыкосавы рабіць скраб, больш драблёных костачак далучаць ці наогул без іх. Ёсць нават ахвотніцы да глітару – скраб з бліскаўкамі, якія потым лёгка змываюцца.

“Гэтая работа мне падабаецца тым, што я сама планую свой час. Адзінае “але” – прывычка ўшачан усё рабіць у апошнюю хвіліну. У нас любяць заказаць рэч, якая патрэбна была ўчора, а мыла ж павінна засохнуць, суткі пастаяць без упакоўкі. А калі заказ яшчэ і не адзінкавы… Вось з мінскага салона, дзе працуе стрыечная сястра, заяўкі прыходзяць своечасова – зручна мне і кліентам. Мяркую, што так наладзім і на месцы”, – спадзяецца майстрыха.

Прыбытку вялікага ад дадатковага занятку Алёна не мае. Добрым лічыць месяц, калі выручка склала 300 рублёў, а даход ад гэтай сумы зусім невялікі, бо кошт яна робіць пад кішэню ўшачан, а вельмі многа цягнуць складнікі.

Вольга Караленка.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *