Ушачане приняли участие в конкурсе «Птушыны перапалох»

Культура Общество

Конкурс “Птушыны перапалох” – “разынка” праграмы экалагічнага фестывалю “Жураўлі і журавіны Міёрскага краю”. Умельцы з розных рэгіёнаў дэманструюць на ім выявы птушак, занесеных у Чырвоную кнігу Беларусі, і тым самым прыцягваюць увагу да рэдкіх прадстаўнікоў фауны.

Сёлета наш раён на ім прадставілі майстры Ушацкага Дома рамёстваў і творчай студыі “Адраджэнне”. Дыпломам лаўрэата ІІ ступені журы адзначыла работы Крысціны Кляшчонак, якая адлюстравала на драўляным гадзінніку белую лазараўку, а на спіле – даўгахвостую няясыць. “Абрала гэтых рэдкіх птушак, каб людзі зацікавіліся і захацелі больш пра іх даведацца”, – патлумачыла майстрыха.

Дыплом лаўрэата ІІІ ступені паклала ва ўшацкую скарбонку Ганна Бабянок. Абаяльны саламяны жураўлік, якому рукадзельніца дала імя Джэнтльмен, зняў капялюшык у знак прывітання і прапаноўвае паспытаць спелыя журавіны. Для яго стварэння, дарэчы, спатрэбілася вырабіць каля паўтысячы дэталяў-пялёсткаў. Падрыхтавала Ганна для конкурсу і “фірменную” карціну з бяросты з выявай зімародка.

Наталля БАГДАНОВІЧ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *