22 декабря в Беларуси отмечается День энергетика

Общество

Пабыўшы раніцай у дыспетчарскай усяго некалькі мінут, даведалася, што адна брыгада прыступіла да замены аўтаматыкі на падстанцыі Калкі, Гуські, другая гатова да замены калпачкоў, абрэзкі галін на лініях ва Угрынках, праверана напружанне на 189 трансфарматарнай падстанцыі ў Ляснеўшчыне, а таксама што ў гарпасёлку няма святла па Еўдакіі Лось. Літаральна ўсе работы вядуцца на сувязі з дыспетчарам пасля адключэння ліній.

Паралельна званілі апарат унутранай сувязі і гарадскі, а ўсяго іх на рабочым стале дыспетчара 5, хоць і з’явіўся новы, шматканальны і на яго выведзены адзіны нумар 114. Столькі тэлефонаў існуе менавіта для таго, каб пры неабходнасці адначасова можна было звязацца з рознымі службамі. Праўда, вушы толькі адны, і таму ў гарачую пару на дапамогу дыспетчару прыходзяць іншыя спецыялісты. Размаўляць жа нават з адным абанентам даводзіцца, бывае, не адзін раз і падоўгу. “Кажаце, машына выехала, працуюць, але нешта я іх не бачу”, – такое мы чулі не раз. І тлумачыш, што каб адшукаць парыў, трэба спачатку знайсці яго, на адлегласці кіламетраў у 35. На схеме мы бачым толькі фідэр (вузел, адкуль паступіла паведамленне), а нават за самым маленькім з іх – у канцы Ленінскай і Пралетарыі – “схавана” 6 КТП, 38 апор, дзясяткі ўводаў. Вось і “размотваем клубок”. Каб скараціць пошукі, можам “адразаць” пэўныя ўчасткі, аднак кіламетраў пяць, і не па асфальце, прайсці нашым хлопцам па-любому давядзецца”, – тлумачыць дыспетчар Сяргей Мікалаевіч Шах (на здымку).

Не пад адкрытым небам, але таксама ў палявых умовах працавалі сёлета не толькі дыспетчары, але і ўвогуле ўвесь штат Ушацкага раёна электрычных сетак, паколькі з красавіка па лістапад вёўся капітальны рамонт вытворчага будынка, дарэчы, упершыню за 50 год – з 1973-га, калі і быў узведзены на месцы невялікай драўлянай канторы. Рабочымі кабінетамі на сем месяцаў сталі гаражы і вагончыкі, таму, на кантрасце, асабліва цэніцца зараз утульнасць новага памяшкання, хоць як і пасля кожнага наваселля, яшчэ не ўсё даведзена да толку.

Сёлета супрацоўнікі раёна электрычных сетак правялі рамонт 54 трансфарматарных падстанцый, 60 кіламетраў 10-кілавольтных ліній электраперадач і 50 – 0,4-х.

Плошча не павялічылася, аднак здаецца, што трапляеш у абсалютна новы будынак, паколькі змянілася літаральна ўсё – ад труб, электрыкі, сантэхнікі, да дзвярэй і мэблі. Хоць і закрытыя зараз батарэі, аднак стала намнога цяплей – звонку “накінута” шуба. У самай гарачай, ды яшчэ і сонечнай дыспетчарскай з’явіўся кандыцыянер, а наведвальнікам цяпер не трэба шукаць службу “адно акно” – яна размяшчаецца адразу насупраць уваходу на другі паверх.

А сёлетні год і без нязручнасцяў рамонту выдаўся вельмі няпростым. У студзені пасля моцных снегападаў і падзення дрэў ліквідоўвалі шматлікія парывы. Дарэчы, менавіта ў мароз энергетыкі дабіраюцца да самых непраходных месцаў, убіраюць расліннасць пад лініямі правадоў на балаціне. У жніўні рабочы графік быў поўнасцю збіты стыхіяй, калі літаральна ўсе брыгады, а не толькі аварыйная, працавалі ад цёмнага да цёмнага. Асабліва нашкодзіў ураган на Вялікадалеччыне, і 2023-і ўвойдзе ў гісторыю арганізацыі як адзін з тых рэдкіх гадоў, калі нам дапамагалі іншыя раёны. Праўда, талачынскія і расонскія энергетыкі правялі на Ушаччыне пару дзён, каб тэрмінова падключыць абясточаныя аб’екты, а потым усе разам накіраваліся да лепяльчан. Калі ў нас было зламана па тры слупы запар, то там – і па трыццаць. Цяпер жа адна, а то і дзве брыгады выязджаюць на дапамогу Полацкаму сельскаму раёну электрасетак – вядуць дэмантаж і рыхтуюць пад’езды да аб’ектаў, на якіх будзе весціся поўная замена ліній для магчымасці правядзення электраацяплення.

Да электраацяплення за 11 месяцаў 2023-га ўжо падключаны 91 дом. Гэта на ўзроўні мінулага года, калі такімі выгодамі скарысталася 99 абанентаў.

У нас сёлета яна з’явілася ў жыхароў Ціханят, хутка будуць падключаны Івахнава і Пілатоўшчына, а пераходным са здачай на наступны год аказаліся Пушча і Замошша-2. “Хочацца, каб жыхары першага населенага пункта праяўлялі большую актыўнасць, паколькі мадэрнізацыя і рабілася па іх заяўках. Свой намер перайсці ад дроў на электрычнасць трэба выказваць і тым вяскоўцам, у каго пакуль няма такой тэхнічнай магчымасці, бо менавіта на гэтай падставе і складаюцца перспектыўныя планы”, – зазначае начальнік раёна электрычных сетак Андрэй Пятровіч Лукашэвіч.

Вольга Караленка.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *