Праект “50 пытанняў даросламу” сектара дзіцячай і юнацкай кнігі раённай бібліятэкі ўжо заваяваў папулярнасць ва ўшачан. Нагадаем, што ў яго рамках праходзяць сустрэчы старшакласнікаў з паспяховымі і вядомымі ў раёне людзьмі. У гэты раз яго госцем стала мэтанакіраваная, творчая, пазітыўная Лідзія Шкаруба, якая з 2023 года ўзначальвае сектар культуры райвыканкама.
З дзяцінства Лідзія расла ў інтэлігентнай творчай атмасферы. Яе мама Тэрэза Пятроўна выкладала рускую мову і літаратуру, а бацька Міхаіл Ягоравіч пісаў карціны. У доме заўсёды гучала прыгожая музыка, абмяркоўваліся фільмы і творы. Любімымі школьнымі прадметамі дзяўчыны былі руская і беларуская літаратуры, замежная мова. Яна любіла спяваць, удзельнічала ў канцэртах, творчых вечарах.
Лідзія прызналася, што самы складаны выбар яе жыцця быў звязаны з прафесіяй. Пасля школы паспрабавала працягнуць дынастыю: паступіла ў педагагічны, але праз два гады вучобы зразумела, што гэта зусім не для яе, і пачала асвойваць бібліятэчную справу. “Я шчаслівая, што зрабіла гэты выбар, – зазначае Лідзія Міхайлаўна. – Але ні ў якім разе не люблю стаяць на месцы, імкнуся развівацца. Вось і зараз атрымліваю яшчэ адну адукацыю, вучуся ў Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. Калі вам не падабаецца тое, што выбралі – не бойцеся змяніць сітуацыю!”.
Лідзія ўзначальвала аддзел маркетынгу раённай бібліятэкі і ўсю бібліятэчную сістэму, а калі быў створаны сектар культуры, ёй паступіла прапанова заняць месца загадчыка. Вядома ж, кіраўніком быць нялёгка. Якімі якасцямі ён павінен валодаць? У першую чаргу трэба шмат працаваць і быць вельмі адказным, сабраным, мець арганізатарскія здольнасці.
Варта ўмець пакідаць пачуцці і эмоцыі “за дзвярыма”, але пры гэтым у любой сітуацыі заставацца чалавекам.
Госця дала параду будучым кіраўнікам: лепш не запрашаць да сябе ў падначаленне сяброў, бо таварышы можа яны і дастойныя, але не факт, што будуць добрымі спецыялістамі. І ў канчатковым выніку ад сяброўства можа нічога не застацца.
Калі б была магчымасць, што б змянілі ў раёне? На гэтае пытанне школьнікаў іх суразмоўца адказала так: “Хочацца, каб ушачане заставаліся на сваёй малой радзіме. У нас выдатная прырода, развіваецца інфраструктура, не разумею, чаму многія імкнуцца скончыць школу і з’ехаць адтуль, дзе мы так патрэбны!”. Складана не пагадзіцца.
Як аказалася, у гераіні праекта даволі нечаканае для бібліятэкара захапленне – матацыклы. Ужо з 3-х гадоў бацька вазіў Ліду ў яслі ў калясцы ІЖ. А зараз яна разам з мужам наведвае байкерскія фэсты, падарожнічае па краіне. Аляксандр, дарэчы, таксама вельмі творчы чалавек: грае ў вядомым ушацкім рок-гурце “Цень казак”.
Вядома ж, школьнікі захацелі з першых вуснаў даведацца пра культурныя мерапрыемствы Ушаччыны. Напрыклад, ці можна арганізаваць для маладога пакалення нешта падобнае на нядаўні фестываль “УХО”. “Калі ў вас ёсць ідэі, мы гатовы іх выслухаць і пераўтварыць у жыццё. Вельмі хочацца бачыць моладзь на сцэне цэнтра культуры, на канцэртах, мерапрыемствах. Мы заўсёды адкрытыя для супрацоўніцтва! Давайце разам рабіць жыццё на Ушаччыне яшчэ больш яркім і цікавым!”, – падкрэсліла Лідзія Міхайлаўна.
Анастасія ПОЛАЗАВА.