Быть спасателем — призвание Артёма Жерносека

Общество

У адзін з ліпеньскіх дзён у вёсцы Бутава загарэўся дом. На вуліцы ў той момант бушаваў моцны вецер, які імгненна падхапіў і перакінуў полымя на надворныя пабудовы, суседнія сядзібы. Больш шасці гадзін змагаліся са стыхіяй пажарныя, адбіваючы ад агню вёску. А выратаваць пажылога мужчыну, на жаль, не ўдалося. Хаця складаных сітуацый за час службы было нямала, гэты выпадак Арцём Юр’евіч Жарнасек прыгадвае як самы складаны за сваю 15-гадовую кар’еру.

“Вунь там, на трэцім паверсе быў мой клас, – зірнуўшы з акна часці на Ушацкую школу, кажа Арцём. – І добра памятаю, як ужо пяцікласнікам цвёрда вырашыў, што стану выратавальнікам. Кожны дзень назіраў з акна за пажарнымі, а калі аднойчы яны прыйшлі да нас ў школу і прапанавалі жадаючым запісацца ў гурток юных выратавальнікаў, быў у першых радах! Пазней не адступіў ад сваёй мэты і паступіў у Гомельскі камандна-інжынерны інстытут МНС Рэспублікі Беларусь”.

Пачынаў жа працоўны шлях А.Жарнасек на наваполацкім “Паліміры”, бо ў родных Ушачах на той момант не было вакантных месцаў. І ўсё ж праз год мэтанакіраваны хлопец ужо выязджаў на першы свой пажар на малой радзіме – у 2009-м яго цёпла прыняў калектыў ушацкіх выратавальнікаў. А калі завочна скончыў інстытут, яму даверылі ўзначаліць адну з дзяжурных змен у пажарнай часці. На начальніка каравула кладзецца як арганізацыя рабочага дня байцоў, так і іх дзеянні падчас здарэння.

Прыгадвае нялёгкі пажар у Азаранках: ад перакалу печы загарэўся жылы дом, ад яго і хлеў, а мароз быў такім моцным, што рукавы замярзалі, да возера рукой падаць, але пад’ездаў да яго няма, дадаткова прывозілі ваду з суседняга Старога Сяла. Выдатна запомнілася Арцёму Юр’евічу адна сям’я з Двор Пліна: бацька і сын лічаць нармальным выпіваць і курыць у доме. Двойчы выязджаў каравул на задымленне ў іх кватэры, якраз напярэдадні гэтага Новага года быў чарговы, ужо трэці за апошнія гады выклік, на мужчыне гарэла адзенне, і яго паспелі вынесці на вуліцу. Не разумее выратавальнік і тых, хто рызыкуе жыццём дзеля азарту і некалькіх рыбін. Цудам яму і яго падначаленым удалося выратаваць рыбака, які на Чарсцвядскім возеры з апошніх сіл трымаўся ў лунцы за лёд.

“Накіроўваючыся на выклік, не думаю пра хваляванне, страх – гэта перашкаджае рабоце, стараюся быць максімальна сабраным і рашучым. Гэтаму вучу і маладую змену. Дарэчы, за апошнія гады калектыў прыкметна абнавіўся, радуе, што прыйшла талковая моладзь, практычна ўсе – нашы ўшацкія хлопцы”, – адзначае Арцём Юр’евіч і тут жа прыгадвае сваіх калег-настаўнікаў, якія многаму навучылі: Сяргея Сасніна і Аляксандра Жукава, а калі пэўны перыяд працаваў яшчэ і дыспетчарам – Аляксея Мартынюка.

За няпростую работу тым часам даводзіцца чуць не толькі ўдзячнасці, а і прэтэнзіі. “І хоць зараз на пажар накіроўваецца мінімум два МАЗы-дзесяцітоннікі, усё роўна гучыць: “Яны ж без вады прыехалі!” А некаторыя і пачынаюць вучыць, як трэба працаваць. Быў нават выпадак, калі адна пажылая бабуля спрабавала ўхапіцца за пажарныя рукавы, каб паскорыць працэс. Мы не крыўдуем – у роспачы людзі могуць не кантраляваць свае дзеянні. Часам грамадзяне, якія паведамляюць аб здарэнні, нервуюцца, маўляў, навошта задаюць шмат пытанняў. Між тым, пасля слоў, што нешта гарыць, разлікі выязджаюць ужо праз хвіліну, а то і хутчэй – укладваемся ў 30-40 секунд. Шматлікія ўдакладняючыя факты перадаюцца дыспетчарам нам ужо па шляху. А вось на дарозе бываюць і замінкі: не ўсе вадзіцелі прапускаюць пажарныя машыны, нярэдка губляюцца і стопараць рух на цэнтральным скрыжаванні гарпасёлка. Ці трэба казаць, што ў такіх выпадках не тое што хвіліны – секунды дарагія?”

Выратавальная служба Беларусі сёлета адзначае 25-годдзе. 19 студзеня 1999 года Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь было зацверджана Палажэнне аб Міністэрстве па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь, якім на МНС былі ўскладзены функцыі па папярэджанні і ліквідацыі надзвычайных сітуацый, забеспячэнні пажарнай бяспекі.

У мінулым годзе А.Ю.Жарнасек атрымаў павышэнне: назначаны начальнікам пажарнай часці ва Ушачах. Цяпер арганізуе работу ўсіх трох каравулаў, праводзіць планавыя заняткі, інструктажы, вядзе дакументацыю і пры неабходнасці выходзіць на дзяжурства. Так, гэты Новы год зноў сустракаў на змене і апошнія выхадныя таксама падмяняў калег, якія захварэлі. Любіць сваю прафесію, не лічыцца з асабістым часам, калі трэба праводзіць дадатковую прафілактычную работу ў жылфондзе, выязджае ў населеныя пункты ў складзе аглядавых камісій. З разуменнем да частай адсутнасці дома Арцёма адносіцца яго сям’я і надзейны тыл – жонка і двое дзетак.

Як аказалася, многія выратавальнікі вераць у прыкметы, накшталт, атрымаў новую баёўку – чакай выезду. Арцём Юр’евіч дадае, што калі на святы шмат гучыць “сухіх рукавоў”, то гэта спрацоўвае наадварот – да частых выклікаў. Так што пажадаем яму і ўсім дзяжурным зменам пажарнай часці проста спакойных будняў, а калі і прыйдзецца праяўляць прафесіяналізм, то няхай такія выпадкі будуць са шчаслівым фіналам!

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *