Юные ушачские дзюдоистки завоевали две медали на республиканской спартакиаде среди ДЮСШ

Cпорт

На мінулым тыдні ў Рэспубліканскім цэнтры алімпійскай падрыхтоўкі “Стайкі” прайшлі галоўныя спаборніцтвы года для юных дзюдаістаў, дзе мерыліся сіламі выхаванцы 63 дзіцяча-юнацкіх спартыўных школ краіны. Трапіць у прызы гэтай спартакіяды вельмі няпроста, бо ў кожнай катэгорыі на татамі выходзяць па некалькі дзясяткаў барцоў. Але ўшацкім дзяўчатам гэта ўдалося!

“На спаборніцтвы ехалі з канкрэтнай задачай – вярнуцца з медалямі. “Прымяраліся” да іх і на леташнім падобным турніры: нашы выхаванкі спыніліся тады літаральна ў кроку ад п’едэстала. Аднак за год дзяўчаты набраліся вопыту, выраслі тэхнічна – што і дала свой плён”, – расказвае трэнер Ушацкай СДЮШАР Святлана Фядосенка, 5 вучаніц якой і прадставілі нашу ўстанову.

Вядома ж, перад паездкай у сталіцу ўзмоцнена трэніраваліся. А Уладзіславе Цюкала давялося і сесці на дыету: трэба было скінуць два кілаграмы, каб упісацца ў вагу да 40. Намаганні аказаліся недарэмнымі: дзяўчына ўпэўнена дайшла да паядынку за выхад у фінал, змагалася там на роўных з саперніцай і толькі ў дадатковы час той больш пашанцавала. Аднак схватку за трэцяе месца Улада выйграла! Вялікія шансы змагацца за “золата” мела і Аліса Зуева: у паўфінале яна выглядала мацней за сваю апанентку і вельмі крыўдна страціла перавагу на апошніх хвілінах. Другую ж “бронзу” ў камандную скарбонку дадала без праблем. У агульным заліку ўшачане сталі 13-мі. Дзякуючы паспяховым выступленням на рэспубліцы, нашы дзюдаісткі заявілі пра сябе, атрымалі запрашэнні на праглядавыя зборы ў Мінск.

Яшчэ адным яркім штрыхом паездкі ў Стайкі стала для дзяўчат знаёмства з алімпійскім чэмпіёнам Ігарам Макаравым – яго залаты трыумф на гульнях 2004 года ў Афінах стаў самым значным поспехам айчыннага дзюдо. Легендарны спартсмен не адмовіў ушачанкам у сумесным фота. Далучыўся да яго і выканаўчы дырэктар Беларускай федэрацыі дзюдо Леанід Зайцаў, які, між іншым, у свой час займаўся разам з нашым славутым трэнерам Станіславам Шэдзько і быў яго добрым сябрам. “Спадзяемся, што ў наступны раз вы ўсе будзеце стаяць на п’едэстале!” – пажадалі яны юным ушачанкам. Няхай жа гэтыя словы спраўдзяцца!

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *