У нядзелю ўшацкі “Партызан” завяршыў свой удзел у чэмпіянаце Віцебскай вобласці па міні-футболе, а значыць – самы час падзяліцца меркаваннямі наконт выступлення нашых землякоў у гэтым прэстыжным турніры.
Другі год запар ва ўшацкіх балельшчыкаў з’яўляецца магчымасць назіраць за шэрагам матчаў з трыбун, бо наш комплекс стаў адной з дзвюх пляцовак для правядзення першынства. І прыемна было бачыць, як з кожным паядынкам колькасць гледачоў у зале павялічвалася.
Трэба сказаць, што ўсе шэсць матчаў групавого этапу “Партызан” правёў дастойна. Нават гульня з фаварытам чэмпіянату – віцебскім “Сток-Сіці” – была амаль што роўнай. Адчайна не шанцавала ў паядынку з “Нафтанам” – ушачане праверылі на трываласць усе штангі і перакладзіны, феерыў і наваполацкі галкіпер. А чаго вартая перамога над моцнай віцебскай камандай “Хмель”! Фактычна, аднаго гола не хапіла нашым хлопцам, каб заняць трэцяе месца ў падгрупе і напрамую прайсці ў чвэрцьфінал. Гэта права давялося здабываць у паядынках, дзе на дзве пуцёўкі ў васьмёрку лепшых прэтэндавала шэсць каманд. У першай гульні ўшачанам процістаялі сябры-сапернікі з Бешанковічаў, якіх нашы землякі разграмілі з лікам 8:1. А вось матч з “Вітінструментам” ператварыўся ў сапраўдны футбольны трылер: закручаны сюжэт, высокія хуткасці, самааддача і энергетыка трыбун – з усіх гэтых інгрэдыентаў і склалася ўшацкая перамога 8:5.
У чвэрцьфінале, які праходзіў у Віцебску, ушачан чакала новая сустрэча са “Сток-Сіці” – адзіным клубам, які на групавой стадыі не страціў ніводнага ачка. Нашы хлопцы адчайна змагаліся, але трэба шчыра прызнацца, што шансаў адолець такога мацёрага саперніка ў іх практычна не было.
Увогуле ж выступленне ўшачан у чэмпіянаце вобласці варта прызнаць паспяховым: каманда з маленькага пасёлка другі год запар трапіла ў васьмёрку лепшых, разбавіўшы ў ёй гегемонію заможных гарадскіх клубаў, дзе, канечне, выбар ігракоў у разы большы.
Хочацца падкрэсліць, што касцяк “Партызана” складаюць выхаванцы ўшацкага футбола. У гэтым гульнявым відзе галкіпер – нават больш чым палова каманды, і наш Міша Ярмош правёў выдатны турнір, а асобныя памылкі (куды ж без іх) з ліхвой кампенсаваў феерычнымі выратаваннямі варот. Ззялі на пляцоўцы юныя зоркі Мікіта Жалейка і Мацвей Федарэнка – першы запомніўся эфектнымі ўдарамі, другі вылучаўся хуткасцю і смела ішоў у абводку – і невыпадкова сталі лепшымі бамбардзірамі каманды, забіўшы адпаведна 9 і 7 галоў. Вопытны Арцём Гарбаценка быў аплотам клуба і літаральна не садзіўся на скамейку. Не падвялі старажылы “Партызана” Юрый Владзіёнак, Ігар Коршун, сваю лепту ўнеслі Яўген Ярмош, Арцём Ільіноў, Аляксандр Грысюк, Андрэй Бутоўскі, Віктар Волах, Улад Варанько, паспрыялі дастойнаму выніку палачане Сяргей Паршута, Мацвей Савянок, Раман Недашкоўскі, Максім Стрыжанок, Аляксандр Рудакоў. А юны Мацвей Краўчанка дакладна запомніць матч з “Бешанковічамі”, у якім адзначыўся хет-трыкам! Граматна і натхнёна кіраваў гульнёй Раман Фядосенка, дапамагаў якому Андрэй Жаваранак.
Дзякуй, вам, хлопцы, за шчырую адданасць любімай справе, за адрэналін і радасць, якія вы дарылі балельшчыкам. Хоць і мае гэта футбольная версія прыстаўку “міні”, але эмоцыі выклікае самыя вялікія!
Наперадзе ж – чэмпіянат на зялёных палях, дзе ў нас зноў будзе нагода перажываць за землякоў.
Наталля БАГДАНОВІЧ.

