Тренировать, чтобы побеждать. Учитель физкультуры Глыбочанской школы Владимир Михайлович Магилин настоящий профессионал своего дела!

Cпорт

У апошні час у класах і рэкрэацыях Глыбачанскай школы на перапынках практычна няма звыклага шуму і бегатні – большасць вучняў пасля званка накіроўваюцца ў спартыўную залу ці на стадыён, каб патраціць патрабуючую выхаду энергію на рухомыя гульні і фізічныя практыкаванні. Школа, якая доўгі час знаходзілася на апошніх месцах у раённых спартыўных спаборніцтвах, літаральна ўзляцела на прызавыя радкі выніковых пратаколаў, склаўшы канкурэнцыю прызнаным лідарам з Ушач, Ільюшына і Вялікіх Долец. Усе гэтыя пазітыўныя зрухі адбыліся пасля прыходу ў навучальную ўстанову вопытнага і апантанага сваёй справай настаўніка фізічнай культуры Уладзіміра Міхайлавіча Магіліна.

– Такога спецыяліста нам вельмі неставала, – адзначае дырэктар школы Віктар Пятровіч Котаў. – Ён адразу здолеў прывабіць да сябе вучняў, зацікавіць іх рознымі відамі спорту: лёгкай атлетыкай, валейболам, настольным тэнісам, стральбой. Шкада вось толькі, што жыве не ў Глыбачцы, інакш, напэўна, школьнікі б увогуле да ночы не пакідалі спартыўную залу!

І сапраўды, каб дабрацца да працоўнага месца, настаўніку даводзіцца амаль штодня пераадольваць на ўласным транспарце немалую адлегласць ад Мосара да Глыбачкі (на набыццё аднаго толькі бензіну даводзіцца траціць каля мільёна рублёў за месяц). Канечне, нязручна, тым больш што перад гэтым амаль усё жыццё адпрацаваў побач з домам. Настаўнік прызнаецца, што калі ў 2013­м родная Мосарская школа была зачынена, нават падумваў перакваліфікавацца ў будаўнікі і, як некаторыя былыя калегі, падацца ў Расію на заробкі, ды толькі любімая справа не адпусціла…

Цікавасць да спорту абудзілася ў ім у дзяцінстве. На Мосаршчыну яны з мамай пераехалі з Магілёўскай вобласці, калі ў сям’і здарылася няшчасце – раптоўна пайшоў з жыцця бацька. Валодзя тады вучыўся толькі ў другім класе, аднак узяў на сябе многія мужчынскія абавязкі – напрыклад, самастойна сек дровы. Фізічная праца і спартыўныя заняткі разам з выдатнымі прыроднымі данымі зрабілі з падлетка сапраўднага атлета, і калі паўстала пытанне аб выбары прафесіі, настаўнік фізвыхавання Валерый Альбертавіч Станевіч параіў паступаць у Гродзенскі фізкультурны тэхнікум. Там перспектыўнага двухмятровага юнака літаральна “разрывалі на часткі” трэнеры па розных відах спорту. Уладзімір спыніўся на гандболе – у сярэдзіне 80­х гэтая гульня была ў Беларусі на вялікім уздыме. Неўзабаве атрымаў першы дарослы разрад, у складзе гродзенскага клуба “Прагрэс” выйграў першынство СССР сярод сельскіх каманд. Добра атрымліваліся ў яго і лёгкаатлетычныя дысцыпліны кіданне кап’я і дыска. Пасля заканчэння тэхнікума Уладзімір быў размеркаваны ў Міёрскі раён, потым служыў у арміі, вярнуўшыся на Ушаччыну, уладкаваўся спачатку ў Маладолецкую, а потым у родную Мосарскую школу. Плёнам сумленнай і адданай працы сталі поспехі юных спартсменаў – чатырохразовага чэмпіёна рэспублікі па мнагабор’ях “Здароўе” і “Абаронца Айчыны” Івана Рубаніка, удзельнікаў і пераможцаў абласных спаборніцтваў Віктара Мягеля, Лаліты Рубанік. Хутка выявіў перспектыўных спартсменаў настаўнік і ў Глыбачцы. Сярод такіх найперш Аляксандра Лях, якая ўжо тройчы ўзнімалася на другую прыступку п’едэстала абласных спаборніцтваў мнагабор’я “Здароўе”. Добрыя спартыўныя задаткі, упарты і працалюбівы характар маюць Васіль Чыграй і Сяргей Азарэвіч, якія таксама ўваходзяць у зборную раёна па мнагабор’і. Дарэчы, адным з яго ключавых відаў з’яўляецца стральба, таму для трэніровак школе прыйшлося набыць новую пнеўматычную вінтоўку. Увогуле спартыўная база са з’яўленнем У.М.Магіліна значна пашырылася: у навучальнай установе з’явіліся два сталы для настольнага тэніса, новы інвентар для заняткаў лыжным спортам. “А ўчора на стадыёне нацягнулі валейбольную сетку!” – паспяшаліся радасна паведаміць мне школьнікі. Па тым жа, з якой павагай яны ставяцца да свайго настаўніка, бачна, што гэта насамрэч выдатны педагог.

Дастойнымі людзьмі Уладзімір Міхайлавіч выхаваў і ўласных дзяцей, якіх у сям’і трое. І хоць ніхто з іх не пайшоў па спартыўным шляху бацькі, усе абралі дастойныя спецыяльнасці: дачка мусіла прысвяціць жыццё медыцыне, адзін з сыноў атрымлівае прафесію педагога ў Полацкім універсітэце, другі пасля заканчэння каледжа будзе механікам. Вядома ж, мець у сям’і адразу некалькіх дзяцей­студэнтаў складана, але добрую фінансавую падтрымку дае падсобная гаспадарка: Уладзімір Міхайлавіч разам з жонкай трымаюць дзвюх кароў і бычка, здаюць нарыхтоўшчыкам малако. Як могуць дапамагаюць у гэтым і дзеці: вось і ў мінулыя выхадныя з’ехаліся ў бацькоўскую хату, каб разам пасадзіць бульбу…

З гэтых простых але важкіх працоўных і сямейных здабыткаў складаецца для нашага героя паняцце шчаслівага лёсу. Яго паважаюць родныя і блізкія, калегі і аднавяскоўцы. Ну а сведчаннем прафесійнага прызнання стала атрыманая ў 2013 годзе Грамата міністэрства адукацыі.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *