На подворьях сельчан стало больше овец. Вести из сельсоветов Ушачского района

Общество

Больш стала авечак

Трымаць падсобную гаспадарку ўшачане стамляюцца – аб гэтым сведчыць штогадовы перапіс жывёлы, праведзены сельвыканкамамі ў пачатку гэтага года. Усяго 3724 падворкаў на 1 студзеня 2024 года абжыты хоць якой-небудзь жыўнасцю, летась было 3981. Скарачэнне назіраецца практычна па ўсёй жывёле. На вёсцы засталося ўсяго 119 кароў (мінус 45 да ўзроўню мінулага года) і 55 коней (-19), толькі 326 парасят, 323 казы і 816 трусоў. На паўтары тысячы паменела птушкі – зараз 11170 галоў – і на 217 – пчоласямей – застаўся 631 домік. І толькі адзіны від жывёлы хоць і не вельмі масавы (397 галоў), але як і летась прырастае – гэта авечкі.


Для жывой агароджы

Сорак саджанцаў ядленца і елак у канцы мінулага года перадала Жарскаму сельвыканкаму на добраўпарадкаванне старэйшына вёскі Гарадзец Валянціна Пятроўна Валяйцёнак. Дэкаратыўныя дрэўцы высаджаны ў якасці жывой агароджы ля помнікаў мірным жыхарам і на вайсковым пахаванні вёскі Старынка.


Бум электраацяплення

Гарачая вада, канвектары, цеплыня, ніякіх дроў і каля 90 рублёў аплаты ў самыя моцныя маразы. Ужо з верасня карыстаецца электраацяпленнем жыхарка вёскі Жары Тамара Якаўлеўна Каваленка. І яна не першая прадстаўніца гэтага населенага пункта, што жыве ў добрых умовах. Некалькі чалавек атрымалі выгоды адразу пасля падпісання “льготнага” ўказа . Ну а зараз у Жарах проста бум падключэння – толькі на мінулым тыдні энергетыкі завіталі да ўласнікаў чатырох сядзіб, у стадыі падрыхтоўкі – яшчэ дзясятак.


Попыт на прыазёрныя ўчасткі

За 13 тысяч 500 рублёў пайшоў летась з аукцыёна ўчастак у Зарэччы Вяркудскага сельсавета, дарэчы – перадапошні ў гэтай маляўнічай вёсцы на беразе Оталава, якая пярэсціць цудоўнымі сядзібамі дачнікаў. Прыазёрныя населеныя пункты Ушаччыны па-ранейшаму карыстаюцца вялікім попытам – сведчаннем таму і рэкордная сума ў 40 тысяч 158 беларускіх рублёў, якую аддалі за зямельны надзел у Пад’язна. А вось у Заазер’і Вялікадолецкага сельсавета ўласнікам пашчасціла: старыя пабудовы, прызнаныя судом нічыйнымі, яны набылі ўсяго за адну базавую
велічыню.


Новы службовы аўтамабіль

“Джылі” прыйшоў на мінулым тыдні ў Кубліцкі сельвыканкам. Яго папярэднік – “Жыгулі” даўным-даўно адслужыў свой тэрмін – 18 год “бегаў” па навакольных вёсках, а круг за дзень даходзіць і да 100 кіламетраў.

Падрыхтавала Вольга Караленка.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *