В Ушачах прошло областное первенство по дзюдо

Cпорт

За сваю невялікую гісторыю наш спарткомплекс паспеў прыняць мноства турніраў рознага рангу, а на гэтым тыдні пералік папоўнілі яшчэ адны прэстыжныя спаборніцтвы: упершыню ва Ушачах прайшло абласное першынство па дзюдо ў праграме Алімпійскіх дзён моладзі.

Удзел у ім бралі юнакі і дзяўчаты 2008-2009 гадоў нараджэння, але дапускаліся і маладзейшыя. Гэта дало магчымасць заявіць на турнір выхаванак Святланы Фядосенкі, якія, нягледзячы на больш юны ўзрост, сабралі важкі медальны ўраджай. Без праблем узялі “золата” Аліса Зуева і Каця Рубанік, у фінале бароліся паміж сабой Карына Лецкая і Саша Міхаль – у гэты раз на верхнюю прыступку ўзышла першая. Свой дэбютны медаль – “срэбра” – заваявала новая выхаванка аддзялення Злата Радзішэўская.

У хлопцаў паядынкі праходзілі больш упарта і напружана. Ушачанам тут таксама было за каго пахварэць. Выдатна правёў стартавую схватку Жэня Крыскевіч, але развіць поспех не атрымалася. Прыгожую барацьбу і характар паказаў на шляху да фіналу Павел Шакута, аднак у галоўным паядынку прапусціў прыём і атрымаў “срэбра”.

Ды ўсё ж ушачане ўбачылі свайго земляка і на вышэйшай прыступцы п’едэстала – Яўген Карэйша, які зараз працягвае навучанне ў Наваполацкім вучылішчы алімпійскага рэзерву, у бліскучым стылі выйграў усе схваткі. Для хлопца перамога на дамашнім татамі была асабліва прыемнай, бо падтрымаць яго прыйшлі сябры і бацькі. “Адчуваем вялікі гонар за сына! Жэня з самага дзяцінства быў вельмі рухавы, так што дзюдо – дакладна для яго. Вялікі дзякуй трэнерам нашай спартшколы, якія з ім займаліся. І хоць было крыху боязна адпраўляць падлетка ў іншы горад, але ён хутка адаптаваўся, стаў самастойным, яшчэ больш развіў свае здольнасці, заваяваў медалі рэспубліканскіх спаборніцтваў. А перад Новым годам мы атрымалі цудоўны падарунак: Жэня выканаў нарматыў кандыдата ў майстры спорту!”, – падзяліліся з намі Любоў і Сяргей Карэйшы.

Як бачна, Ушачы па-ранейшаму трымаюць марку аднаго з цэнтраў развіцця гэтага алімпійскага віду барацьбы.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *