В Кубличах появилась новая аллея: местные соцработники украсили улицу Школьную

Общество

Гэтым часам мы часта пішам пра насаджэнні, якімі аздабляюць сваю малую радзіму ўшачане. Што і нядзіўна: сярэдзіна вясны – спрыяльны перыяд для азелянення. Асабліва ж прыемна, калі годную ініцыятыву праяўляюць самі вяскоўцы.

У Кублічах на гэтым тыдні з’явілася новая алея: такім чынам мясцовыя сацработнікі ўпрыгожылі вуліцу Школьную. Высадзіць вырашылі вішні і клёны, а саджанцы прынеслі з прыватных падворкаў. Ініцыятарам пасадкі стаў Мікалай Іванавіч Піскун, які ўжо шмат год з’яўляецца старэйшынам Лісічына і мае на сваім рахунку шмат годных пачынанняў. Знайсці пасадачны матэрыял дапамагла Алена Пятроўна Семеж, ну а працавалі на пасадцы ўсёй грамадой.

Яшчэ адну дабрачынную працоўную брыгаду стварылі мясцовыя прыхаджане. Тамара Іосіфаўна і Ала Мікалаеўна Кальчэўскія, Святлана Аляксандраўна Цвяцінская, Алена Філіпаўна Анецька, Іван Аляксандравіч Вацьковіч добраўпарадкавалі тэрыторыю ля храма святых Пятра і Паўла, пабялілі дрэвы і падмурак будынка.
Арганізаваліся для сумеснай працы і селішчанцы, каб навесці парадак у вёсцы. Адметна, што выйшлі на ўборку не толькі пастаянныя жыхары: напрыклад, ніколі не прапускае такіх мерапрыемстваў малады ўрач Марына Хамёнак, якая прыязджае на выхадныя з Наваполацка.

Не застаюцца ў баку і шэфы: прыбралі месца, дзе раней стаяла кубліцкая царква, займаліся добраўпарадкаваннем селішчанскіх і мажуйскіх могілак. На апошніх вялікі аб’ём работ выканалі памочнікі з райаддзела міліцыі, да якіх далучыўся жыхар Селішча Дзмітрый Канстанцінавіч Хамёнак.

Арганізуе работу сельвыканкам, а яго старшыня Марыя Васільеўна Ярмош зазначае, што на такія справы ўгаворваць нікога не трэба.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *