Вось і настаў гэты дзень – дзень старту новага навучальнага года, новых надзей і здзяйсненняў, доўгачаканых сустрэч з сябрамі і аднакласнікамі. Школы напоўніліся дзіцячымі галасамі. На Ушаччыне Дзень ведаў традыцыйна сустрэлі ўрачыстымі лінейкамі – за парты ўстаноў адукацыі селі 1117 навучэнцаў, у тым ліку 93 першакласнікі.
Мерапрыемства ва Ушацкай школе з-за дажджу праходзіла не на цэнтральнай плошчы, як звычайна, а ў холе навучальнай установы. Так, цеснавата, але на эмоцыі вучняў, настаўнікаў, бацькоў гэта не паўплывала. Сёлета за парты гэтай самай “прадстаўнічай” у раёне школы селі 852 хлопчыкі і дзяўчынкі. У чатырох класах будзе навучацца 82 першакласнікі. Словы віншаванняў і найлепшыя пажаданні ў адрас прысутных прагучалі ад кіраўніцтва ўстановы і гасцей. Былі і падарункі: супрацоўнікі райаддзела міліцыі, напрыклад, уручылі грашовы сертыфікат на далейшае развіццё школьнага ваенна-патрыятычнага клуба “Прарыў”.
Кранальнасці мерапрыемству надало выступленне самых маленькіх яго ўдзельнікаў. Тыя ж, у каго гэты шлях хутка падыдзе да заканчэння, падтрымалі іх парадамі і падарункамі.
Напэўна, менш за ўсіх хваляваўся першакласнік Вячаслаў Дрозд: у школе настаўнікам працуе тата, у адзінаццаты клас перайшла старэйшая сястрычка Ганна, а на лінейку прыйшла падтрымаць маці. Спяшалася абнавіць убор – як у ранейшыя часы, з белым фартукам – Яна Шараева. Дарэчы, яго ў якасці сувеніру сям’я прывезла з Кітая, дзе дагэтуль захоўваецца абавязковая школьная форма, падобная на колішнюю нашу. Барыс Булаўка з 1 “А” падчас лінейкі быў па-даросламу сур’ёзным: яго чакала адказная місія – разам з адзінаццацікласніцай Ксеніяй Барысёнак даць першы званок.
Па даўняй традыцыі завяршылася ўрачыстасць ускладаннем кветак да помніка загінуўшым воінам і партызанам у скверы гарпасёлка. “Школьныя будні – гэта новыя знаёмствы, цікавыя адкрыцці і веды, але ж так хутка бягуць гады”, – пакуль ішлі да месца, мудра дзялілася з першакласнікамі будучая выпускніца Эвеліна Кляшчонак.
Як заўсёды, у цёплай і сямейнай абстаноўцы прайшла ўрачыстая лінейка ў Вялікадолецкай школе. Вучні і настаўнікі, бацькі і вяскоўцы дружна сабраліся на імпрэзу, каб даць старт новаму навучальнаму. Павіншаваў калектыў і школьнікаў кіраўнік раёна С.С.Садоўскі. Да Дня ведаў установа атрымала каштоўны і патрэбны падарунак: Сяргей Сяргеевіч перадаў сертыфікат на камп’ютарны клас агульным коштам 8 тысяч рублёў. А дырэктар Ушацкага лясгаса А.М.Апёнак уручыў спартыўны інвентар для навучэнцаў. Дарэчы, лясгас падрыхтаваў падобныя падарункі яшчэ і для Ушацкай і Глыбачанскай школ.
Хваляваліся трое вялікадолецкіх першакласнікаў Яўген Бука, Варвара Іваньковіч, Цімафей Дарашкевіч, а атрымаўшы ў падарунак кнігі “Беларусь – наша Радзіма”, захацелі ўжо хутчэй сесці за парты. Спасцігаць навуку яны будуць з вопытным настаўнікам Валянцінай Мікалаеўнай Карчэўскай. У выпускны клас у гэтай сельскай школе сёлета пайшлі чацвёра вучняў. Тут таксама працягнулі даўнюю традыцыю – усклалі кветкі да помніка загінуўшым у гады вайны, які старанна даглядаюць дзеці разам са сваімі настаўнікамі. С.С.Садоўскі наведаў і школьны музей, у якім прадстаўлена не толькі гісторыя ўстановы, а і краязнаўчая, літаратурная, ваенная тэматыка. Кіраўнік раёна высока ацаніў старанні калектыву, падкрэсліўшы, што тут робяць вельмі важную справу.
Таксама трое першакласнікаў селі за парты Арэхаўскай школы, дзе адзінаццацікласнікаў, наадварот, па сельскіх мерках нямала: ажно 12. Іх і іншых навучэнцаў, якіх тут 80, выхаванцаў дашкольнай групы (13) павіншавалі дырэктар Ларыса Аляксандраўна Булаўка, ганаровыя госці.
Прыгожа праходзіла свята першага званка ў Глыбачанскай школе, у якой сёлета 55 навучэнцаў. Павіншавала дзяцей і педкалектыў, выказала ўдзячнасць за годную падрыхтоўку да новага навучальнага член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, старшыня Ушацкага раённага Савета дэпутатаў Наталля Мікалаеўна Марковіч. Галоўнымі ж віноўнікамі ўрачыстасці сталі першакласнікі, якіх тут чацвёра. Па краіне ведаў іх павядзе Т.І.Церашкавец, якая, дарэчы, упершыню ў кар’еры набрала малодшакласнікаў. Сярод іх – яе сын Аляксей, які падчас урачыстасці моцна трымаў матулю-настаўніцу за руку (выпусціў яе толькі тады, калі дзеці сталі адпраўляць у неба паветраныя шары ў выглядзе галубоў з прымацаванымі пажаданнямі міру і дабрабыту радзіме). А старэйшай дачцэ Ксеніі, Таісе Ігараўне і яе мужу – кіраўніку па ваенна-патрыятычным выхаванні Арцёму Іванавічу – на лінейцы былі ўручаны дыпломы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь за паспяховы ўдзел у рэспубліканскіх конкурсах грамадзянска-патрыятычнай, ваенна-гістарычнай тэматыкі.
У Ільюшынскай СШ – чацвёра першакласнікаў і столькі ж адзінаццацікласнікаў. Дарэчы, сёлета ўстанова рэарганізавана: у сувязі са змяншэннем колькасці дзяцей дашкольнага ўзросту было вырашана далучыць мясцовы дзіцячы сад да школы.
Новую старонку навучальнага года для ўсіх школьнікаў Ушаччыны адкрыў першы ўрок па тэме “Нам ёсць чым ганарыцца, нам ёсць што берагчы!”. Для хлопчыкаў і дзяўчынак з райцэнтра праходзіў ён не толькі ў класных аўдыторыях, але і ў цэнтры культуры і народнай творчасці, дзіцячай бібліятэцы. На сустрэчу з дзевяцікласнікамі ў апошнюю завіталі старшыня раённай ветэранскай арганізацыі Ніна Аляксандраўна Васілеўская, былы вязень фашысцкіх канцлагераў Пётр Мечыслававіч Мажэйка. Вучні ж 7 “В” наведалі ў гэты дзень Беларускі аўтамабільны завод у Жодзіна.
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ,
Вольга КАМАРКОВА.