Некалькі год назад укладка асфальту на прафесійнае свята дарожнікаў лічылася падзеяй надзвычайнай і сведчыла пра наяўнасць аб’ёмаў. Цяпер жа, і летась, і пазалетась не тое што ў сухі кастрычнік, а ў сакавіку, лістападзе МАЗы і трактары ДРБУ-105 імчаць па дарогах не толькі з зачэпленымі лапатамі і раскідвальнікамі сумесі, а са шчабёнкай, пяском, асфальтам…
З павялічаным фінансаваннем на ўтрыманне як рэспубліканскіх, так і мясцовых дарог аб’ёмаў сапраўды хапае. І хоць зусім не адпавядае ім наяўны машынны парк прадпрыемства, ад іх не адмаўляюцца… Вось і свята давялося перанесці, абмежаваўшыся пятнічным ранкам толькі хуткім узнагароджаннем. А потым – па аб’ектах, субота – таксама рабочая, як, дарэчы, і практычна ўсе сёлета. Людзі, канечне, стамляюцца, аднак яшчэ больш яны стаміліся без ранейшых добрых заробкаў. А сёлета ўпершыню за колькі гадоў зноў адчулі прыемны цяжар прэміі. Да прафесійнага свята яна, дарэчы, выдадзена кожнаму з 55 работнікаў. На падрыхтоўку дзяцей да школы, набыццё агародніны – па максімуме працуюць усе пункты іх годнага калектыўнага дагавору.
Лічбы і фінансавы вынік паказалі, што тактыку новы кіраўнік прадпрыемства Андрэй Міхайлавіч Агіевіч абраў правільную: напрацоўваць наперад, асвойваць усе выдзеленыя сродкі, шукаць дадатковыя. А даюць іх толькі тым, хто спраўляецца. Вось і ў полацкіх калег “пазычылі” палову мільёна рублёў, паклаўшы асфальт і аб’язную дарогу на тэрыторыі суседняга раёна. А для гэтага разам з поўнасцю занятымі сваімі людзьмі і машынамі на кар’еры, укладцы асфальту, аднаўленні гравіек працуе і арэндная тэхніка. Яна аказалася “пад’ёмнай” – арэнда танней за ўтрыманне і рамонт уласнай замартызаванай. І галоўнае, значна эканоміла дарагі час. Месяцы працы цэлай брыгады заняла б высечка кустоўя ўздоўж дарог, якую за некалькі тыдняў зрабіла фраза-кустарэз. Не менш заняла б і падсыпка абочын на дзесяцікіламетровай трасе, якую літаральна за дзень-два выканалі з дапамогай абочынаўкладчыка. І проста прастойвалі б, калі б не другі, з больш даўгой стралой, экскаватар на кар’еры…
Аб’ёмы работ у параўнанні з мінулым годам ужо перавыкананы ў 2,5 раза. Выпрацоўка на аднаго работніка за 9 месяцаў склала 122,6 тысячы пры мінулагодняй – 51, а сярэдні заробак – 1599 рублёў. Нарэшце, больш сёлетняга запланавана выдзеліць прадпрыемству на асваенне на наступны год. Ды і гэты не закончаны. У кастрычніку дакладаюць асфальт на дарогах у глыбачанскім баку. Ужо з разметкай, адсыпкай красуецца шасцікіламетровая траса ад павароту з Р-113 да Цётча, цэнтральная вуліца па аграгарадку, пад’езды да вёсак Шалапечына і Краснае. У лістападзе прыемная навіна чакае жыхароў Пліна – новае гравійна-шчабёначнае пакрыццё. Дарэчы, такой дарогі ў сёлетніх планах не значылася, як і 1,4 кіламетра пад’езду да аграгарадка Вяркуды, рамонту з далучэннем новага матэрыялу гравійкі на Казімірова.
Да прафесійнага свята майстар вытворчага ўчастка (асфальта-бетонны завод) Генадзь Пятровіч Васілеўскі ўзнагароджаны Ганаровай граматай Міністэрства транспарту і камунікацый. Кіроўца пагрузчыка Юрый Васільевіч Александровіч і начальнік сектара бухгалтарскага ўліку і справаздачнасці Юлія Паўлаўна Пацэйка атрымалі Ганаровыя граматы КУП “Віцебскаблдарбуд”, а Падзяку яго генеральнага дырэктара – дарожны рабочы Максім Міхайлавіч Федарэнка, вадзіцель Андрэй Аляксандравіч Шараг і трактарыст Генадзь Іванавіч Маслоўскі. Званне “Ветэран працы КУП “Віцебскаблдарбуд” сёлета прысвоена вартаўніку Сяргею Сяргеевічу Собалю.
Ёсць у ДРБУ-105 выдатная традыцыя – тут памятаюць і віншуюць з юбілеямі ўсіх сваіх ветэранаў і ўручаюць падарункі. Учора на ўрачыстасці іх атрымалі Пётр Сямёнавіч Каваленка, Павел Паўлавіч Пацэйка і многія іншыя перадавікі прадпрыемства.
Вольга КАРАЛЕНКА.