Встреча жителей агрогородка Глыбочка с руководством района

Зваротная сувязь

Дні сельсавета, прыёмы грамадзян, “прамыя лініі” – формы розныя, а сутнасць мерапрыемстваў, праводзімых мясцовай уладай, адна – адказаць на пытанні, што хвалююць грамадзян, зняць праблемы, што паўсталі, ці папярэдзіць іх. Менавіта таму і ў кастрычніку працягваюцца сустрэчы старшыні райвыканкама з працоўнымі калектывамі, насельніцтвам. Каб людзі маглі пачуць адказы, як гаворыцца, з першых вуснаў. Чарговая, на мінулым тыдні, адбылася ў аграгарадку Глыбачка – самым праблемным у раёне. 

Праграма будаўніцтва аграгарадкоў завяршылася летась, а незавершаныя аб’екты засталіся і на гэты. Так і не пераехалі ў новыя будынкі бальніца, клуб, сельвыканкам і адміністрацыя гаспадаркі. Аднак абавязкова пераедуць, паколькі праблемы Глыбачкі трымаюцца на кантролі. Алег Анатольевіч Кавалёнак тлумачыў прысутным, што шукаюцца крыніцы фінансавання незавершаных аб’ектаў, не раз падымалася гэтае пытанне на вышэйстаячым узроўні. І бальніца, якую ўдалося захаваць у самай вялікай вёсцы раёна, абавязкова парадуе глыбачанцаў утульнымі пакоямі і прафесійным прыёмам.
Так, на сучасным этапе прыпыняюцца некаторыя сацыяльныя праекты, уразаецца фінансаванне – і гэта рэаліі часу. Беларусам трэба вучыцца траціць столькі, на колькі вырабілі і прадалі. Аднак, гэта далёка не самыя складаныя часы, што даводзілася перажываць, асабліва сельскім жыхарам. Наадварот, некалі самая буйная і трывалая гаспадарка “Глыбачаны”, куды марылі трапіць на працу, перажыла перыяд спаду. Поўнасцю абноўлены машынна-трактарны парк, рэканструяваны жывёлагадоўчы комплекс, зноў пашыраюцца пасяўныя плошчы, і адзінае слабае месца – зернесушыльная гаспадарка. Дзеці, як школьнікі, так і дашкаляты, другі год жывуць і вучацца ў абноўленым памяшканні. Аўтобус, часта паўпусты, аднак прыходзіць ва ўсе вёскі, выконваючы сацыяльныя стандарты. Не так, як у гарадах, аднак асвятляюцца ўсе населеныя пункты, да іх чысцяцца дарогі і прыходзяць аўтакрамы, “хуткая дапамога” і машыны з газам. Сталыя вяскоўцы ў тэрмін атрымліваюць пенсіі, якія падымаліся сёлета ўжо чатыры разы, ды і работнікі сельскай гаспадаркі забыліся на тое, што такое не мець заробку па некалькі месяцаў. Больш таго, хто працуе – той нядрэнна зарабляе, і “Глыбачаны” – адно з сельгаспрадпрыемстваў, якое гаспадарыць адукавана, таму і жыве па сродках. Дзяржава ж, падымаючы не толькі адпускныя цэны, але і закупачныя, стварае для гаспадарак рэальныя падставы, каб жыць і развівацца. Тыя ж “Глыбачаны “ нават зараз у дзень дояць па 4 тоны малака. Кошт жа “экстры” – больш двух мільёнаў рублёў. Вось і атрымаецца, пры здачы дастойнай якасцю, канечне, па 8 мільёнаў у дзень і 240 у месяц, што намнога больш, чым фонд заработнай платы. Можна і бягучыя плацяжы рабіць, і пра будучыню думаць.
А вось свядомасць людзей, як падкрэсліў Алег Анатольевіч, даводзіцца мяняць. Не ўсе, на жаль, адносяцца да камбайна, машыны, трактара, ці каровы, як да сродкаў, якія кормяць яго сям’ю, і не беражэ іх, як той жа фермер, што ўзяў тэхніку ў крэдыт. Часта гэта клопат толькі кіраўніцтва, а не рабочых, як клопат дзяржавы – захаванне ўсіх гарантаваных сацыяльных праграм. Чамусьці няма ў свядомасці нашых жыхароў такога, каб скааперавацца двум, тром гаспадарам ды і ўцяпліць калонку, якой карыстаюцца, а не чакаць, пакуль яна замерзне, а потым выклікаць работнікаў водаканала. Прыйшоў чарговы ацяпляльны, і мы будзем карыстацца плодам працы камунальнікаў, аплачваючы па сённяшніх цэнах менш паловы рэальнай цаны. Так, працэнт можа і памяняцца, але ніколі яшчэ грамадзяне не аплачвалі сабекошт паслуг. Усё гэта кампенсуецца дзяржаўнай датацыяй, якая складаецца ў тым ліку і з адлічэнняў працуючых у краіне людзей. А працуюць, плацячы падаходны падатак, таксама не ўсе. Хто прывык атрымліваць зарплату ў канверце, хто – здавольвацца сезоннымі заробкамі і пры гэтым карыстацца, як і ўсе астатнія, паслугамі бальніц, школ, камунгаса.
На розныя тэмы ішла гаворка з жыхарамі Глыбачэнскага сельскага Савета, а абмяркоўваліся розныя пытанні адкрыта і шчыра. Алег Анатольевіч даваў рэальныя адказы, а гэта не проста падкупляе, а надае словам кіраўніка раёна вагу і веру. Менавіта таму зусім не было ўтрыманскіх матываў.
“А падобныя сустрэчы патрэбны, – сказаў прысутным старшыня райвыканкама, – менавіта таму, што практычна ўсе пытанні вырашаюцца на ўзроўні раёна. І людзі маюць магчымасць задаць іх таксама на месцы”.
В.КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *