Яшчэ адзін від дэбютаваў у праграме спартыўнага жыцця Ушаччыны: у новым ціры інтэрната для спартсменаў прайшлі першыя раённыя спаборніцтвы па практычнай стральбе. Стралковая дысцыпліна, якая імкліва набірае папулярнасць ва ўсім свеце, зацікавіла і ўшачан: у турнірнай сетцы аказалася 11 каманд.

Арганізацыям трэба было выставіць толькі двух удзельнікаў (мужчыну і жанчыну), якім належала пяццю стрэламі з пнеўматычнага пісталета максімальна хутка закрыць пяць мішэняў.
Трэба сказаць, што некаторых фаварытаў падвяло хваляванне. А вось маладая каманда філіяла аблспажыўтаварыства дакладна не лічылася галоўным прэтэндэнтам на “золата”. “Такі фармат спрабаваў упершыню, – падзяліўся з намі яе ўдзельнік Аляксей Грыневіч. – Са сваіх снайперскіх дасягненняў магу прыгадаць хіба што стральбу ў ціры на гарадскіх святах, дзе, бывала, выйграваў прызы”. У гэты ж раз ён цалкам пацвердзіў выснову, што навічкам шанцуе, і стаў першым сярод мужчын. Не падвяла і напарніца Анастасія Лагуноўская, якая замкнула жаночую прызавую тройку. У выніку кааператары першынствавалі і ў камандным заліку.

А вось былы вайсковец роты спецыяльнага прызначэння Віталь Жогаль лічыўся бясспрэчным кандыдатам на прызы – што і пацвердзіў, заваяваўшы асабістае “срэбра”. У гэты раз каманда Дэпартамента аховы, за якую ён выступаў, аб’ядналася з рэдакцыяй – тандэм аказаўся ўдалым і ўзняўся на другую прыступку п’едэстала. Трэцяй стала моцная каманда райвыканкама: было бачна, што тэхніку практычнай стральбы Дзмітрый Баратынскі і Ірына Шчукіна асвойвалі на папярэдніх трэніроўках. Апошняя адзначылася і асабістым “срэбрам” – прычым, закрыла аднолькавую колькасць мішэняў з прадстаўніцай Ушацкай школы Таццянай Падгола і саступіла ёй “золата” толькі таму, што страляла на паўсекунды даўжэй. Не засталіся без узнагарод і прадстаўнікі райаддзела міліцыі: “бронзу” ў асабістым заліку заваяваў Яўген Бойчанка.
І пакуль прызёры фатаграфаваліся з дыпломамі і кубкамі ад раённага ФСК, тыя, хто не дацягнуўся да п’едэстала, распытвалі ў трэнера Дар’і Мацвеенкі, калі можна папрактыкавацца ў захапляльным відзе спорту. Да слова, трэніроўкі ладзяцца ў панядзелак, чацвер (18.30-20.00) і суботу (14.00-15.30), але папярэдне трэба ўзгадніць іх па нумары 8-025-651-19-69.
Наталля БАГДАНОВІЧ.