У мінулыя выхадныя белаблакітная сімволіка Ушаччыны лунала сярод іншых на спартыўных пляцоўках кадэцкага вучылішча ў Лужасна – каманда раёна прымала ўдзел у II абласной спартакіядзе работнікаў органаў дзяржаўнага кіравання.
Спаборніцтвы сабралі 27 калектываў, складзеных са служачых аблвыканкама, гарадскіх і раённых выканаўчых камітэтаў, адміністрацый раёнаў абласнога цэнтра, гарадскіх, сельскіх і пасялковых Саветаў дэпутатаў. Адкрываючы мерапрыемства, кіраўнік Прыдзвінскага краю Мікалай Мікалаевіч Шарснёў адзначыў, што асаблівасць дзейнасці работнікаў дзяржапарату – маларухомасць. А яны павінны прыкладам прапагандаваць здаровы лад жыцця – аснову, на якой трымаецца грамадства. Старшыня аблвыканкама дадаў, што спорт і фізічная культура выхоўваюць сілу духу, моц характару і цвёрдасць волі, якія дапамагаюць ў любой справе, у тым ліку і ў кіраванні рэгіёнамі, вырашэнні праблем жыццядзейнасці людзей.
У першы дзень праходзілі спаборніцтвы па найбольш масавых і любімых відах спорту, кожны з якіх папулярны ў любым раёне Віцебшчыны. Акрамя гіравога спорту ў іх ад кожнай каманды прымалі ўдзел мужчына і жанчына, а агульнае месца вызначалася па суме балаў. Трэба сказаць, што хоць нашы дзяржслужачыя ў прызёры не трапілі, але і не “правалілі” ніводнага віду праграмы, выглядалі дастойна і трымаліся ў залатой сярэдзіне.
У стральбе выступалі старшыня райвыканкама Віктар Віктаравіч Родзіч і начальнік аддзела эканомікі райсельгасхарча Наталля Эрыкасаўна Мончык, у армрэстлінгу – галоўныя спецыялісты райсельгасхарча Міхаіл Аляксандравіч Шук і райвыканкама па абароннамабілізацыйнай рабоце Святлана Леанідаўна Дулуб. Ёй разам з намеснікам старшыні райвыканкама Андрэем Вітальевічам Галяковічам давялося адстойваць гонар каманды і ў плаванні. За тэніснымі сталамі змагаліся юрысконсульт райвыканкама Ганна Генадзьеўна Кандрацкая і галоўны спецыяліст землеўпарадкавальнай службы Вадзім Сяргеевіч Жураўскі. У склад каманд, якія ўдзельнічалі ў валейбольных сустрэчах, уваходзілі па тры мужчыны і жанчына, а адзінай прадстаўніцай цудоўнага полу ў нашай дружыне стала начальнік аддзела эканомікі райвыканкама Таццяна Уладзіміраўна Ханяк. Да сеткі выходзілі таксама бухгалтар райвыканкама Аляксей Пятровіч Казлоўскі, галоўны спецыяліст упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва Сяргей Аляксандравіч Дунік і старшыня Вялікадолецкага сельвыканкама Алег Леанідавіч Сыс, які выступаў і ў гіравым спорце. Тым часам В.В.Родзіч акрамя стральбы прыняў удзел у футбольным матчы старшынь райвыканкамаў, якія былі падзелены на каманды “Усход” і “Захад” і адзначыўся забітым голам.
Акрамя таго каманды спрачаліся ў “неалімпійскіх” відах. Тут прадстаўнікі нашага раёна былі нават блізкія да п’едэсталу. У дартсе пятае месца сумеснымі намаганнямі занялі намеснік старшыні райвыканкама Наталля Мікалаеўна Марковіч і М.А.Шук, а галоўны спецыяліст упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва Алена Сяргееўна Карчэска ў пары з А.В.Галяковічам сталі шостымі ў конкурсе па кіданні мяча ў баскетбольную карзіну, а з калегам С.А.Дунікам – восьмымі ў “Летнім біятлоне”, які аб’ядноўваў бег на 100 метраў і кіданне мяча ў цэль.
Спаборніцтвы сабралі шмат балельшчыкаў, якія эмацыянальна перажывалі як за свае раёны, так і за іншых удзельнікаў. Ушацкія работнікі органаў дзяржаўнага кіравання горача падтрымлівалі адзін аднаго і прадэманстравалі, што не толькі ў працы, але і на спартыўных пляцоўках могуць выступаць адзінай зладжанай камандай. А пераможцамі спартакіяды другі год запар сталі дзяржслужачыя Віцебскага аблвыканкама.
Д.Дрозд, старшыня фізкультурна-спартыўнага клуба “Ураджай”